Пятая чвэрць для інтэлектуалаў

- 15:04Навіны рэгіёнаў
Абласны аздараўленчы профільны лагер для інтэлектуальна адоранай моладзі сёлета сабраў 115 падлеткаў з усёй Гомельшчыны. Вучні 7—10 класаў сумяшчалі летні адпачынак з карыснай справай, рыхтуючыся да практычнага турніру рэспубліканскіх алімпіяд па геаграфіі, хіміі, гісторыі, грамадазнаўстве, фізіцы, абслугоўвай працы, нямецкай  і беларускай мовах.

Такі лагер на базе Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі працуе ўжо восьмы год. Паміж сабой метадысты называюць яго “пятай чвэрцю”. Але ж адразу трэба сказаць, што гэта не звычайныя заняткі за школьнай партай. Для паглыбленага вывучэння прадметаў педагогі выкарыстоўваюць адукацыйна-гульнявыя методыкі і распрацоўваюць для дзяцей творчыя праекты. Акрамя абласных трэнераў, якія рыхтуюць школьнікаў да ўдзелу ў алімпіядах, з навучэнцамі працуюць выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі вобласці. У плане правядзення лагера таксама цікавыя пазнавальныя экскурсіі, зразумела, звязаныя з прадметам, які паглыблена вывучаецца. Так, юныя фізікі, напрыклад, наведалі тры лабараторыі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (ГДУ): фізікі вакуумна-лазерных працэсаў, лазернай тэхналогіі і лабараторыю радыяцыйных вымярэнняў. А географы знаёміліся з мінераламі і карыснымі выкапнямі ў музеі геалогіі ГДУ і займаліся даследчай работай — складалі план мясцовасці і высвятлялі экалагічны стан тэрыторыі. Над цікавымі творчымі праектамі працавалі навучэнцы, якім прадстаіць удзельнічаць у алімпіядзе па абслугоўвай працы.
— Сумаваць дзецям не было калі, — запэўніла начальнік лагера Алена Яўгенаўна Пазняк. — Заняткі па прадметах чаргаваліся з культурна-масавымі мерапрыемствамі і цікавымі экскурсіямі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота прадастаўлена ГАІРА.