Рабіць дабро

- 11:22Навіны рэгіёнаў

Дабрачынны канцэрт у падтрымку выхаванцаў Бялыніцкай дзяржаўнай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, адбыўся ў Магілёве. Мерапрыемства арганізавана ў рамках дзён дабра, якія праходзілі на Магілёўшчыне трэці раз і сталі часткай Рэспубліканскага дабрачыннага марафону “Усе фарбы жыцця для цябе” — буйнамаштабнага валанцёрскага праекта БРСМ.

У Прыдняпроўскім рэгіёне было арганізавана больш як 100 мерапрыемстваў пад эгідай дзён дабра. Так, валанцёры руху БРСМ “Добрае сэрца” дапамагалі ветэранам і адзінокім людзям, наведвалі дзяцей-сірот, інвалідаў і шматдзетныя сем’і, праводзілі працоўныя і экалагічныя акцыі. Канцэрт у падтрымку дома-інтэрната стаў своеасаблівым вынікам чарговага этапу валанцёрскага праекта.

Удзельнікамі і гледачамі дабрачыннага канцэрта сталі неабыякавыя жыхары рэгіёна — людзі з адкрытымі і добрымі сэрцамі, гатовыя заўсёды прыйсці на дапамогу. На сцэну культурна-спартыўнага цэнтра Магілёўскага аддзялення Беларускай чыгункі выйшлі юныя выканаўцы, а таксама маладзёжныя і дзіцячыя творчыя калектывы. Разам з імі сваю творчасць і сардэчнае цяпло зале дарылі выхаванцы школы-інтэрната, для якіх выступленне стала доўгачаканай і значнай падзеяй.

Атрыманыя падчас дабрачыннага марафону сродкі пераведзены на рахунак установы адукацыі. Плануецца, што на гэтыя грошы будзе набыты дыхальны апарат, неабходнае музычнае абсталяванне і спартыўны інвентар, канцылярскія прылады. Частка сродкаў пойдзе на аплату лячэння выхаванцаў школы і рамонт актавай залы.

— Сёння ў нашай установе знаходзяцца 89 дзяцей-сірот, з іх 41 дзіця-інвалід з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, — расказала Галіна Мікалаеўна Шчуракова, настаўніца пачатковых класаў Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната. — Нашы дзеткі асаблівыя, таму нам важна любая дапамога.

Па словах першага сакратара абласнога камітэта ГА БРСМ Паўла Алекса, рух “Добрае сэрца” — гэта не разавая валанцёрская дапамога і праца не аднаго дня, а цэлы комплекс мерапрыемстваў, які ўключае дабрачынныя канцэртныя праграмы, адрасную матэрыяльную дапамогу, дапамогу ветэранам, пажылым і адзінокім людзям, наведванне дзіцячых інтэрнатных устаноў, рэабілітацыйных цэнтраў. Візітнай карткай руху стаў Рэспубліканскі марафон “Усе фарбы жыцця для цябе”, накіраваны на адраджэнне і развіццё культуры дабрачыннасці ў нашай краіне.

— Валанцёрскі рух “Добрае сэрца” — адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці нашай маладзёжнай арганізацыі, — адзначыў Павел Алекса. — Пад яго эгідай створана больш за 1000 валанцёрскіх атрадаў, якія аб’ядналі каля 30 000 юнакоў і дзяўчат. Толькі на тэрыторыі Магілёўскай вобласці дзейнічае больш як 260 атрадаў агульнай колькасцю амаль 3,6 тысячы добраахвотнікаў.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.