Работа па мэтавым накіраванні дапамагла Кацярыне Піцуновай канчаткова ўпэўніцца ў правільнасці прафесійнага выбару і набыць патрэбны вопыт для педагагічнага росту. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Кабінет Кацярыны Алегаўны, настаўніка-дэфектолага Хімоўскай сярэдняй школы Бабруйскага раёна, уражвае і захапляе — вакол паліцы з вучэбнай літаратурай, шматлікімі гульнямі, раздатачным матэрыялам, сцены з каляровай нагляднасцю, зоны для навучання і рэлаксу. Нездарма, калі ёсць магчымасць, калегі з раёна просяцца сюды на майстар-класы і заняткі для дарослых.
Кацярына Алегаўна працуе з дзецьмі інтэграванага класа, якія вучацца па праграме першага аддзялення дапаможнай школы. Акрамя таго, займаецца з выхаванцамі пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Заняткі праходзяць у групах і індывідуальна. Пастаноўка гукавымаўлення, вывучэнне лексікі, граматыкі — штодзённы клопат педагога.
Ёсць у яе і ўласныя распрацоўкі — тэарэтычны дапаможнік “Граматыка ад авакадзіка”, які зроблены ў выглядзе сенсорнай панэлі.
“Дапаможнік у такім выглядзе шматфункцыянальны і мабільны. Яго можна напоўніць дыдактычным матэрыялам для самых розных заняткаў і заўсёды ўзяць з сабой. Распрацаваная панэль належыць да сучасных тэхналогій спецыяльнай адукацыі — нейрапсіхалагічнай тэхналогіі.
Свае заняткі заўсёды будую на індывідуальным падыходзе, бо ўсе дзеці розныя па ўзросце і ступені парушэнняў. І заданні падбіраю розныя, каб задаволіць вучэбныя і псіхалагічныя запыты сваіх выхаванцаў. Канечне, калі мы толькі пачынаем сумесную дзейнасць, праводжу дыягностыку, каб спланаваць карэкцыйны маршрут кожнага дзіцяці. Прадумваю заданні з пэўнымі тэматычнымі героямі. У мяне ёсць адна дзяўчынка, навучанне якой увесь час суправаджае дыназаўр. Дарэчы, “Граматыка ад авакадзіка” таксама з’явілася невыпадкова. Дзецям вельмі падабаецца і сам персанаж, і цацкі, якія яго ўвасабляюць”, — расказала Кацярына Алегаўна.
Акрамя таго, усе заняткі настаўніка-дэфектолага суправаджаюцца багатай візуалізацыяй. Асаблівым дзецям важна бачыць і адчуваць, тады інфармацыя для іх становіцца больш зразумелай. Прынамсі, падчас нашай гутаркі педагог звярнула ўвагу на сцяну, дзе была візуалізавана восень як пара года (у адпаведных колерах і з адпаведнымі прыкметамі), — своеасаблівая зрокавая апора.
Любімым матэрыялам настаўніцы і яе навучэнцаў з’яўляецца дрэва, таму ў яе арсенале шмат драўляных цацак. Інтэрактыўная пясочніца з кварцавым, кінетычным пяском выкарыстоўваецца для стварэння розных вучэбных і гульнявых сітуацый. Як і шматлікія кантэйнеры з самымі рознымі (па фактуры, колеры, памеры) напаўняльнікамі для развіцця маторыкі і, адпаведна, маўлення. Актыўна выкарыстоўваецца і мяккая гульнявая зона, арганізаваная ў вучэбным кабінеце. Яна дапамагае хутка змяніць дзейнасць, пераключыць увагу і адпачыць.
Поспех у навучанні асаблівых дзяцей немагчымы без узаемадзеяння з бацькамі. З імі настаўнік-дэфектолаг праводзіць асобную работу — індывідуальныя кансультацыі, прапануе сумеснае з дзецьмі выкананне дамашніх заданняў, звяртае ўвагу на куток дэфектолага з карыснай інфармацыяй.
Каб не адставаць ад сучасных адукацыйных трэндаў, педагог імкнецца ўвесь час павышаць сваю кваліфікацыю — як на вэбінарах, курсах Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, так і пераймаючы вопыт калег на раённых майстар-класах. Нядаўна Кацярына Алегаўна атрымала першую кваліфікацыйную катэгорыю. Працэс самаадукацыі бесперапынны. Каштоўным з’яўляецца сеткавае ўзаемадзеянне з калегамі раёна і вобласці.
Кацярына Піцунова — актыўны педагог. Яна з’яўляецца старшынёй школьнага вучэбна-метадычнага аб’яднання для выхавальнікаў, дэфектолагаў і кіраўнікоў фізічнага выхавання. Яшчэ ўзначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю ў сваёй навучальнай установе. За рэалізацыю прафсаюзных ідэй не раз атрымлівала граматы і дыпломы. Яе энтузіязму можна толькі пазайздросціць. Усе поспехі маладога настаўніка-дэфектолага сталі магчымы дзякуючы падтрымцы вопытных калег і адміністрацыі школы, дзе яна працуе. Вельмі важна, калі цябе прымаюць, разумеюць і ганарацца.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА