Чым адметнае святкаванне Каляд сярод беларусаў? Адкуль узяліся традыцыі дарыць падарункі, упрыгожваць елкі, запальваць агні на вокнах? Пра гэта і не толькі даведваюцца школьнікі на “Калядках у Купалавым доме” ў Мінску. Даведалася і карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Сонечнае кола
Кожны дзень, пачынаючы з сярэдзіны снежня, у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы гучаць калядныя песні і віншаванні, дзеці водзяць карагоды з калядоўшчыкамі і вяртаюць да жыцця Казу. Святочная праграма “Калядкі ў Купалавым доме” стала ўжо традыцыйнай і дапамагае хлопчыкам і дзяўчынкам не толькі глыбей даведацца пра беларускія традыцыі, але і далучыцца да іх, ужыўшыся ў ролі калядоўшчыкаў.
Гэтым разам удзельнікамі свята сталі першакласнікі сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска і іх настаўніцы. Агледзеўшы выставу выцінанак і творчае ўвасабленне калядных сюжэтаў, хлопчыкі і дзяўчынкі адправіліся ў падарожжа па часе. Іх правадніком стала Таццяна Палітыка, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела культурна-адукацыйнай работы. Яна расказала юным гасцям, што Каляды — адно з самых старадаўніх свят Беларусі.
— Сама назва Каляд паходзіць ад слова “кола”, якое перакладаецца з беларускай мовы як круг і сімвалізуе кругаварот жыцця. Сапраўды, 22 снежня надыходзіць самая доўгая ноч, якая затрымліваецца ў нас на некалькі дзён. А ўжо з 25 снежня ноч пачынае змяншацца, а дзень павялічвацца. І нашы продкі, якія жылі па сонечным календары, казалі, што сонца “павярнула на лета” і прыйшоў Новы год. З часам, калі хрысціяне пачалі адзначаць Нараджэнне Хрыстова, католікі пакінулі для святкавання 25 снежня, а праваслаўныя — 7 студзеня. Але сэнс свята — новае жыццё — застаўся, — адзначыла Т.Палітыка.
Традыцыі — у сучаснасць
Супрацоўнік музея расказала, што святочная ёлка з’явілася ў нашых дамах таксама дзякуючы Раству. Паколькі гэтае дрэва вечназялёнае, то яно і стала сімвалам вечнага жыцця. І аздаблялі яго не проста так, а таксама сімвалічна. Першымі ўпрыгажэннямі былі яблыкі як біблейскі сімвал. Пазней на ёлку пачалі вешаць цукеркі і тонкі медны дрот, які называлі “валасы анёла”, а на верхавіну мацавалі зорку, якая сімвалізавала Віфлеемскую. Сёння такія ўпрыгажэнні перайшлі да нас у выглядзе “дожджыку”, мішуры і цацак-шароў. І нават нашы сённяшнія мігатлівыя агні ў вокнах — не выпадковасць, а перакліканне з традыцыямі:
— Калядоўшчыкі ў сваіх спевах жадалі гаспадарам шчасця, здароўя, дабрабыту і таму былі самымі жаданымі гасцямі ў гэты дзень. А каб раптам яны не прамінулі хату, каб убачылі яе і ў цемры, і ў завіруху, на акно гаспадары ставілі запаленыя свечкі ці ліхтары з агнём.
Таццяна Палітыка расказала і прадэманстравала дзецям, як гатавалі святочную вячэру ў гэты дзень нашы продкі:
— На стол ставілі куццю, якую называлі шчодрай. Па сутнасці, гэта звычайныя ячныя крупы (упэўнена, у школе вы не раз такія елі), але туды дабаўляліся разынкі, мак, мёд, цукаты. З такой кашы пачыналася вячэра. А потым ужо частаваліся іншымі прысмакамі — каўбасамі, кумпякамі, салам. На стале былі самыя смачныя і дарагія стравы. Нашы продкі верылі, што калі стол будзе багаты ў гэты святочны дзень, то і цэлы год будзе дабрабыт. І гэтая традыцыя дайшла да нашых дзён.
З калядавання ідзе і наша традыцыя абменьвацца падарункамі.
— Людзі хадзілі калядаваць, пераапранаючыся ў Бусла, Мядзведзя і іншых жывых істот, сярод якіх абавязкова была Каза (гэтая свойская жывёла давала селяніну і малако, і сыр, і масла, і шэрсць, таму заўсёды была сімвалам дабрабыту). Калядоўшчыкі хадзілі па хатах, спявалі калядныя песні, зычылі гаспадарам шчасця, здароўя, дабрабыту. Гаспадары стараліся пачаставаць калядоўшчыкаў самым смачным. З гэтага да нас дайшла традыцыя дарыць падарункі на Новы год адно аднаму, — адзначыла Т.Палітыка і прапанавала дзецям стаць удзельнікамі такой імпрэзы. Дзеці пераапрануліся ў калядоўшчыкаў, патанцавалі, пагулялі ў калядныя гульні з Казой, пачаставалі яе салам і каўбасой, капустай і аўсом, абаранкамі і цукеркамі.
Таццяна Палітыка: Дзецям трэба ведаць свае святы, карані, разумець, што кожная дробязь мае сваё значэнне, мае падмурак пад сабой. Чаму ўпрыгожваюць елку, а не іншае дрэва? Якія сімвалы бяруцца пры стварэнні каляднай зоркі?
Купалавы матывы
Святлана Даўганюк, настаўніца сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска, гаворыць:
— Я трэці раз прывяла ў гэты музей свой клас. Сёлета ў мяне першакласнікі, таму для іх такі ўдзел упершыню. Каляды — гэта казка, дзяцінства, наша гісторыя і традыцыі. А тут гэта ўсё пераплятаецца ў адной праграме. У сваёй школе мы, класныя кіраўнікі, напрыканцы снежня, у апошні дзень другой чвэрці, таксама праводзім Каляды. Нашы навучэнцы рыхтуюць касцюмы, пераапранаюцца, ходзяць па класах і спяваюць песні. Таму гэта была свайго роду падрыхтоўка да свята, ужыванне ў вобразы. Гэтым разам перад наведваннем музея мы вучылі “Ёлачку” ў перакладзе Янкі Купалы, каб праспяваць тут яе разам падчас імпрэзы.
Дзіяна Кавалевіч, загадчык аддзела культурна-адукацыйнай работы музея, адзначыла, што Янка Купала быў шчырым аматарам народых свят, таму месца для правядзення такой праграмы не выпадковае:
— Нам усім варта ведаць і разумець свае традыцыі. І якраз праз такія інтэрактыўныя праграмы дзеці гэтаму і вучацца. Праграма “Калядкі ў Купалавым доме” — гэта спалучэнне традыцый нашых продкаў і нашай сучаснасці, бо тут ёсць і народныя калядныя песні, гульні, карагоды з Казой, і Дзед Мароз са Снягуркай. Мы — беларусы — павінны памятаць свае традыцыі. І хто калі не музей павінен іх захоўваць, расказваць дзецям і далучаць да гэтых традыцый. Бо інакш як нашым дзецям ведаць, як жылі продкі? Гэта наша самаідэнтычнасць, мы павінны ведаць, чым адрозніваемся ад іншых народаў.
У праграму ўключаны і лялечны спектакль “У пошуках Снягуркі” — без лялечных паказаў ці батлейкі некалі не абыходзіліся Каляды. У межах праграмы дзеці прынялі ўдзел і ў майстар-класе па стварэнні навагодняй ёлкі — з зялёнай паперы выразалі абмаляваныя далонькі, напісалі на іх пажаданні і з іх зрабілі лапкі ёлкі.
“Калядкі ў Купалавым доме” — гэта традыцыйнае свята ў літаратурным музеі Янкі Купалы. Тут кожны год дзецям не толькі расказваюць гісторыю беларускіх традыцый, але і далучаюць да іх, дазваляючы пабыць у ролі калядоўшчыкаў.
Усе гэтыя дні ў музеі аншлаг. На канікулах сюды традыцыйна прыязджалі школьнікі і з іншых рэгіёнаў. Групы будуць святкаваць Каляды ў музеі да сярэдзіны студзеня.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара