“Радзівілаўскі”, “Нарачанскі”, “Майскі”… Хто спячэ для нас хлеб?

- 10:51Выбар прафесіі

“Калі зноў паеду да знаёмых у суседнюю Польшчу, гасцінцам вазьму бохан нашага беларускага хлеба. Вельмі прасілі, каб прывезла”, — гаварыла бабуля, вярнуўшыся з турнэ Гродна — Беласток — Гродна. Тады яшчэ, у падлеткавым узросце, цяжка было ўявіць, што хлеб, тарты і іншыя салодкасці могуць адрознівацца на смак. Аказалася — яшчэ як.
Каб зразумець, як вучаць людзей, якія з мукі і дражджэй будуць гатаваць духмяны бохан, завіталі ў прафесійна-тэхнічны каледж хлебапячэння Мінска. Рыхтуюць там як непасрэдна пекараў, так і кандытараў.

Пасля каледжа ва ўніверсітэт

Пекар, цеставод, заквасчык, машыніст цестаапрацоўчых машын, фармоўшчык цеста і кандытар — менавіта такія кваліфікацыі можна атрымаць, паступіўшы у каледж пасля 9 класа. Вучыцца трэба будзе 3 гады. Пасля 11 класа ёсць магчымасць вывучыцца на пекара і машыніста расфасовачна-ўпаковачных машын.
У каледжы можна атрымаць і сярэднюю спецыяльную адукацыю на аснове прафесійна-тэхнічнай, вывучыўшыся на тэхніка-тэхнолага. Ёсць і магчымасць не спыняцца на дасягнутым. Паміж каледжам хлебапячэння і Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам харчавання падпісана пагадненне, згодна з якім выпускнікі прафесійна-тэхнічнай установы могуць атрымаць вышэйшую адукацыю, паступіўшы на 3 курс па скарочанай форме.
“Некаторыя паступаюць у Санкт-Пецярбург, дзе вучацца і на бюджэце. Існуе дамоўленасць паміж Беларуссю, Расіяй і Казахстанам, якая дае такое права. Пасля перабудовы ў Расіі была разбурана сістэма прафесійнай адукацыі, якую яны зараз аднаўляюць”, — расказала Аксана Уладзіміраўна Глушко, намеснік дырэктара па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце прафесійна-тэхнічнага каледжа хлебапячэння.
У параўнанні з мінулым годам набор у каледж быў лепшы і колькасна, і якасна. У гэтым годзе дзяўчат і хлопцаў, якія хочуць ста ць кандытарамі, вырашылі набраць не адну, як гэта было звычайна, а дзве групы — былі ўлічаны пажаданні паступаючых. Пекараў — удвая больш.

Дэгустуем хлеб

Добры хлеб — гэта прапечаны, не гарэлы, скарынка якога не патрэскалася… Працягваць можна бясконца. На лабараторных занятках навучэнцы даследуюць хлеб, які гатуюць хлебазаводы, як на выгляд і смак, так і хімічным метадам.
Праходзяць і спецыяльныя прадметы, звязаныя, напрыклад, з вывучэннем якасці мукі і зерня. У раскладзе заняткаў таксама ёсць і не зусім прывычныя заняткі — гадзіны творчасці і самарэалізацыі. Так, тройчы на тыдзень навучэнцы 1 і 2 курсаў наведваюць розныя гурткі: саломапляценне, вышыўка стужкай, роспіс па шкле і тканінах, выяўленчае мастацтва, кройка і шыццё…
“Калі хлебабулачны працэс у асноўным механізаваны, то амаль 70% работы кандытараў — ручная, нягледзячы на сучасныя тэхналогіі. Трэба кветку вылепіць, малюнак нанесці, скласці кампазіцыю. Да таго ж, калі не будуць спалучацца колеры, паласавацца такім тортам не захочацца”, — патлумачыла Аксана Уладзіміраўна.
Праўда, каштоўнасць такіх заняткаў не толькі ў развіцці густу і творчым падыходзе. Гэта добрая прафілактыка супрацьпраўных дзеянняў сярод падлеткаў.

Як зрабіць добрую рошчыну?

У каледжы расказалі і пра сучасныя рэцэпты, па якіх будуць выпякаць хлеб будучыя выпускнікі. Звычайна, каб зрабіць рошчыну, бяруць дрожджы і цёплае малако. Гэтая сумесь замешваецца пры 32—34°С. Пры большай тэмпературы могуць загінуць кісламалочныя бактэрыі, якія знаходзяцца ў рошчыне. Аднак нашы заварныя хлябы, якія ў большасці прадстаўлены на прылаўках, рашчыняюцца пры 60°С. Вось толькі больш падрабязная іх рэцэптура і да гэтай пары трымаецца ў сакрэце.
“Гавораць, што ў Аўстрыі заварку замарожваюць да -200°С, і ўсе бактэрыі застаюцца жывымі. У іх свае тэхналогіі”, — заўважыла Аксана Уладзіміраўна.

Музей хлеба — зазірнём у старадаўнасць

У прафесійна-тэхнічным каледжы існуе свой музей хлеба. Першыя экспазіцыі з’явіліся каля 10 гадоў назад. Тут можна ўбачыць млынавыя камяні, лапаты для хлеба, сярпы, цапы, якімі вымалочвалі зерне. Самы старадаўні з іх родам з XVIII стагоддзя.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.