Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага

- 12:58Культура

16 кастрычніка ў дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя другой часткі выставачнага праекта “Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея”.

Першая выстава праекта адкрылася на пачатку чэрвеня на агароджы парку культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў на сталічным праспекце Незалежнасці. Экспазіцыю склалі фотабанеры, на якіх прадстаўлены каштоўнасці з музейных фондаў: манеты, зброя, нацыянальны касцюм, прадметы рэлігійнага культу, творы выяўленчага мастацтва, народныя промыслы і рамёствы, кнігі, каштоўныя металы, узнагароды, музычныя інструменты і шмат чаго іншага. Выстава стала сапраўдным даведнікам па айчыннай гісторыі на свежым паветры.

У дворыку Нацыянальнага гістарычнага музея дэманструецца другая частка праекта, якая складаецца з 25 банераў з суправаджальнай інфармацыяй на беларускай, рускай і англійскай мовах. Яны былі створаны прафесійнай камандай, у склад якой увайшлі вучоны сакратар музея Алег Ладзісаў і аўтары мастацкага праекта “Спадчына Беларусі” Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў. З 58 калекцый музея адабралі найбольш каштоўныя экспанаты, якія дэманструюць велічнасць і самабытнасць беларускай культуры і фарміруюць маштабнае ўяўленне пра спадчыну і гісторыю нашай краіны. Фотабанеры атрымаліся сапраўды ўнікальнымі дзякуючы сучасным падыходам да фотаздымкі.

“У наш час вельмі важна, каб культура гаварыла з людзьмі сучаснай мовай. Наш праект дазваляе лю­дзям, якія не могуць прыйсці ў музей фізічна з-за штодзённай мітусні або пандэміі, далучыцца да нашай культуры, ненадакучліва і трымаючы дыстанцыю адчуць імпульс уласнай гісторыі. Таму маштабная выстава прадстаўлена ў выглядзе 70 банераў на агароджы парку Чалюскінцаў, а ў музейным дворыку — усечаная версія, — сказаў Аляксандр Аляксееў. — Паколькі музей — гэта гнуткая сіс­тэма, якая павінна пастаянна шу­каць новыя спосабы прыцягнення гледачоў, задавальняць іх патрэбнасць у веданні ўласнай культуры і гісторыі, была прыдумана другая частка. Яна дазваляе таксама дыстанцыйна знаёміцца з галоўнымі артэфактамі музея, па якіх можна меркаваць, наколькі глыбокая і шматгранная наша гісторыя, таму што тут прадстаўлены артэфакты ад самых вытокаў зара­джэння нацыі да сучаснасці, а таму глядач зможа сам убачыць, наколькі багатая наша беларуская нацыя. Мы лічым, што, толькі калі любіш сваю краіну, культуру і гісторыю, толькі тады зможаш годна прадстаўляць яе ў свеце”.

У выставачным праекце рарытэтаў удзельнічаюць усе 5 філіялаў Нацыянальнага гістарычнага музея: Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Музей гісторыі беларускага кіно, Дом-музей I з’езда РСДРП, Музей прыроды і экалогіі, што дазволіла раскрыць багацце і ўнікальнасць беларускай гісторыка-культурнай спадчыны. Праект “Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея” дазваляе як жыхарам нашай краіны, так і замежным гасцям адчуць дух беларускай нацыі і пазнаёміцца з яе багатай спадчынай.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.