Сярэдняя школа № 2 Круглага апорная ў раёне па навучанні і выхаванні дзяцей з АПФР. Сёлета тут будуць функцыянаваць 6 інтэграваных класаў і пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Асноўная задача, якая стаіць перад настаўнікамі-дэфектолагамі ўстановы, — карэкцыя пісьмовага і вуснага маўлення дзяцей, развіццё псіхічных функцый, сацыялізацыя. Аднак парушэнні ў дзяцей з асаблівасцямі часта бываюць камбінаванымі, што выклікае пэўныя прафесійныя цяжкасці ў педагогаў, якія працуюць з імі. Пра тое, як дапамагчы дзіцяці са складаным парушэннем, раскажуць спецыялісты школы.
“У першы клас часта прыхо-дзяць дзеці з несфарміраваным фанематычным слыхам, у многіх пакутуе гукавымаўленне. Гэтыя парушэнні адлюстроўваюцца і на пісьме. Толькі індывідуальны падыход да дзіцяці дапамагае дасягнуць станоўчага выніку, — гаворыць настаўнік-дэфектолаг школы Наталля Петухова. — Галоўнае — зразумець прычыну парушэння і ў залежнасці ад гэтага выбудоўваць ка–рэкцыйную работу. Я раблю акцэнт на гульнявых формах работы. Дзеці прыхо-дзяць да мяне пасля ўрокаў, як правіла, стомленыя. Іх трэба зацікавіць заняткамі. Існуе шмат дыдактычных гульняў, калі ў нязмушанай атмасферы вучні засвойваюць гукаскладовую структуру слова або састаў сказа і асобных слоў. Я ўношу ў гэтыя гульні невялікія карэктывы, а таксама распрацоўваю свае гульнявыя заданні.
Калі раней у дзяцей часцей сустракаліся чыстыя парушэнні (маўлення, слыху або зроку), то цяпер назіраюцца камбінаваныя праблемы. Напрыклад, разам з лагапедычнымі асаблівасцямі бываюць цяжкасці з пазнавальным развіццём, розныя псіхічныя нюансы. У нашай школе вучыцца дзіця з аўтызмам. Ёсць вучань з парушэннем слыху, кампенсаваным кахлеарным імплантам (КІ). У мяне ёсць вопыт работы з дзецьмі з парушэннем слыху, але для таго каб рэалізаваць яго ў рабоце з вучнем з КІ, давялося заняцца самаадукацыяй”.
Некалькі гадоў назад Наталля Васільеўна пазнаёмілася з Мікітам Куляшом. Хлопчык ад нараджэння быў татальна глухі. У 1 год і 10 месяцаў яго прааперыравалі на адно вуха. Для таго каб займацца з ім, педагог прачытала шмат літаратуры. Шукала практычны матэрыял, практыкаванні і заданні, зрокавую нагляднасць, прыёмы і метады фарміравання граматычнага ладу маўлення ў дзяцей з КІ, спосабы навучання нормам маўлення і пісьма, выкладання праграмнага матэрыялу. У дашкольным узросце Мікіта хадзіў у спецыяльную групу дзіцячага сада, дзе на занятках з настаўнікам-дэфектолагам атрымаў пэўныя фанематычныя азы. За год да школы хлопчык пачаў наведваць заняткі Наталлі Петуховай.
“У 7 гадоў у Мікіты быў невялікі слоўнікавы запас, што тлумачыцца тым, што маўленчае развіццё ў яго пачалося толькі пасля аперацыі. Мне даводзілася з нуля вывучаць нюансы зносін з Мікітам. Напрыклад, падача майго голасу павінна была ісці з боку ўсталяванага ў яго апарата КІ. Падчас размовы са мной хлопчык павінен быў бачыць мае вусны, каб у выпадку, калі ён не пачуе, мог здагадаецца, пра што я гавару, — расказвае Наталля Васільеўна. — Як звычайныя людзі могуць уявіць асаб-лівасці ўспрымання маўлення лю-дзьмі з КІ? Ёсць водгукі людзей, якія позна сталі глухімі і ў дарослым жыцці зрабілі аперацыю. Яны параўноўваюць сваё ўспрыманне маўлення “да” і “пасля”. Маўленне “пасля” яны чуюць так, як быццам гаворыць робат, прычым у запаволеным тэмпе. Да чалавека з КІ інфармацыя дахо-дзіць не адразу, таму, размаўляючы з ім, суразмоўніку важна рабіць невялікія паўзы пасля кожнай фразы.
Пачаўшы займацца з Мікітам, я хутка зразумела, што найбольшую цяжкасць у яго выклікае граматычны лад маўлення — сістэма ўзаемадзеяння слоў у словазлучэннях і сказах. Вывучыўшы літаратуру па рабоце з дзецьмі з парушэннем слыху і агульным недаразвіццём маўлення, я зразумела, што цалкам ніякая методыка для вучня з КІ не падыходзіць. Так я пачала адбіраць, назапашваць і сістэматызаваць заданні па развіцці граматычнага ладу маўлення ў малодшых школьнікаў, каб іх можна было выкарыстоў-ваць і ва ўмовах пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, і ва ўмовах інтэграванай і (або) інклюзіўнай адукацыі — як на ўроках, так і на карэкцыйных занятках. Методыка, якую я пачала прымяняць у рабоце з гэтым хлопчыкам, нагадвае методыку навучання рускай мове як замежнай”.
У граматычнай сістэме вылучаюць марфалагічны (уменне валодаць прыёмамі словаўтварэння) і сінтаксічны (уменне скла-даць сказы, граматычна правільна спалучаючы словы) узроўні. У працэсе работы з дзецьмі з КІ неабходна ўлічваць некаторыя асаблівасці. Яны недастаткова выразна ды-ферэнцыруюць зычныя гукі, маюць цяжкасці з лакалізацыяй гуку з-за аднабаковага ўспрымання. З-за парушэнняў хуткасці апрацоўкі маўлення ўзнікаюць цяжкасці з успрыманнем і разуменнем сказаў у маўленчым патоку. Даўгачасная памяць у іх можа быць механічнай. Да таго ж пры пэўнай слыхавой нагрузцы такія дзеці хутка стамляюцца.
Спецыяльна падабраныя Наталляй Васільеўнай заданні для карэкцыйных заняткаў з вучнямі з КІ падзелены на два блокі. Першы накіраваны на фарміраванне навыкаў словаўтварэння, другі — на фарміраванне навыкаў словазмянення. Для таго каб авалодаць марфалагічнай сістэмай мовы, вучань павінен умець параўноўваць словы па значэнні і гучанні, вызначаць іх адрозненне, усведамляць змены ў значэнні, суадносіць змены ў гучанні са змяненнем яго значэння, вылучаць элементы, за кошт якіх адбываецца змяненне значэння, устанаўлі-ваць сувязь паміж адценнямі значэння або рознымі граматычнымі значэннямі і марфемамі.
Задача малодшых школьнікаў з КІ — авалодаць навыкамі словазмянення назоўнікаў і прыметнікаў у родзе, ліку, склоне; навыкамі змянення дзеясловаў па марфалагічных прыметах. Вучань павінен умець дыферэнцыраваць граматычныя значэнні (роду, ліку, склону і інш.), бо, перш чым пачаць выкарыстоўваць моўную форму, дзіця павінна зразумець, што яна азначае. У выніку работы над фарміраваннем і развіццём граматычнага ладу маўлення дзеці з КІ павінны разумець прачытаны складаны тэкст, умець пераказаць прачытанае, выкарыстоўваючы правільна аформленыя граматычныя канструкцыі, звязна расказаць аб любых па-дзеях, умець падтрымліваць зносіны з аднагодкамі і дарослымі. Заданні павінны быць даступныя для дзяцей з апорай на зрокавы аналізатар.
Прыклад практыкавання на фарміраванне навыкаў словазмянення: змяненне дзеясловаў прошлага часу па родах. Заданні: вызначы род, падбяры дзеяслоў, дапасуй правільна, змяні па ўзоры. Раскрый дужкі.
Расказвае Андрэй. Сёння раніцай я быў (рэдакцыя), а мая жонка была (работа, бальніца). Мае дзеці былі (школа), а мой сабака — (дом). Мама была спачатку (дача), а потым (дом). Мой сябар і жонка сябра былі (лес). Днём у мяне была сустрэча (цэнтр горад). Учора ўвечары мы былі (госці), а нашы дзеці былі (дыскатэка).
Расказвае Юля. Учора я з (сяброўка) была ў (магазін). Мы абедалі і размаўлялі аб (школа, нашы вучні, мода і апошнія фільмы). Раптам я ўбачыла (мой стары школьны сябар Макс). Побач з (ён) быў прыемны чалавек. (Я) здалося, што ён іншаземец. Гэты чалавек глядзеў на (я). Макс пазнаёміў (мы) з (гэты чалавек). (Ён) завуць Эрык. Эрык прапанаваў (я і мая сяброўка Света) разам выпіць (кава). На жаль, мы не маглі, таму што праз (15, мінуты) (мы) трэба было сустрэцца з (адзін вучань) у (школа).
Паспяховасць работы па фарміраванні граматычнага ладу маўлення магчыма толькі ў тым выпадку, калі работа ў гэтым кірунку будзе весціся з самага пачатку навучання і ў адзінай сістэме. Добра, калі педагог падбірае разнастайныя заданні, даступныя, структураваныя па прынцыпе ўскладнення і ўзаемасувязі. Дасягнуць станоўчых вынікаў можна ў тым выпадку, калі шматразова рабіць практыкаванні, заданні па ўзоры, пакуль дзіця не пачне ўсвядомлена самастойна іх выконваць.
На працягу трох гадоў у канцы і пачатку кожнага навучальнага года Наталля Васільеўна праводзіла дыягностыку граматычнага ладу маўлення Мікіты, якая паказала ў яго рост ведаў і ўменняў пры выкананні прапанаваных практыкаванняў. Бацькі і педагогі таксама заўважылі, што дзіця робіць менш граматычных памылак у вусным маўленні, пры штодзённых зносінах з аднагодкамі і дарослымі. Поспех у рабоце з Мікітам дасягнуты яшчэ і дзякуючы таму, што ў Наталлі Васільеўны склаўся добры тандэм з бацькамі хлопчыка, якія выкарыстоўвалі любую магчымасць для развіцця дзіцяці.
“Сёння я ўзаемадзейнічаю з Мікітам як са звычайным чалавекам, у тым ліку і па тэлефоне. Ён не перапытвае, калі нешта не зразумеў, заўсёды здагадваецца пра сутнасць размовы. Калі да 5 класа ён вучыўся ў інтэграваным класе па спецыяльнай праграме, то з гэтага года займаецца па агульнаадукацыйнай праграме. Яго любімы прадмет — матэматыка. Мікіта добры і старанны хлопчык, самае старэйшае дзіця ў многадзетнай сям’і, ва ўсім дапамагае маме. Яго добра прынялі ў класе. Дзякуючы рабоце, якую правялі я і класны кіраўнік Мікіты з яго аднакласнікамі і педагогамі, праблем з засваеннем вучэбнага матэрыялу ў яго не ўзнікае. З практыкі вядома, што дзеці з КІ, з якімі своечасова была пачата карэкцыйна-развіццёвая работа, могуць дасягаць цудоўных вынікаў: іграць на музычных інструментах, выразна чытаць вершы, удзельнічаць у тэатральных пастаноўках. Хто ведае, якія таленты адкрыюцца ў Мікіты ў будучыні. Пакуль жа я працягваю з ім займацца, назіраць за яго асабістым станаўленнем”.
Вопытам работы па развіцці звязнага маўлення з дзіцем з КІ Наталля Петухова дзялілася з настаўнікамі-дэфектолагамі Круглянскага раёна падчас адкрытых ка-рэкцыйных заняткаў.
У сярэдняй школе № 2 Круг-лага вучыцца яшчэ адзін незвычайны, але вельмі таленавіты хлопчык — Дзяніс Матросаў. У яго ранні дзіцячы аўтызм. Сёлета ў Круглянскім раённым гістарычна-краязнаўчым музеі прай-шла выстава работ Дзяніса пад назвай “Рэальнае адлюстраванне”. Не так, як іншыя, ён паво-дзіць сябе на занятках, і часам здаецца, што зусім не чуе настаўніка, займаючыся чымсьці сваім. Але пры гэтым ён усё чуе і ўспрымае незвычайна глыбока. Працуюць з ім настаўнік-дэфектолаг школы Вольга Свешнікава і цьютар Лідзія Беляковіч.
“З пачатковых класаў Дзяніс наведвае дзіцячую школу мастацтваў, вучыцца маляваць і іграць на акардэоне. Яго талент заўважылі педагогі і дапамаглі яму — навучылі перадаваць свой унутраны стан праз мастацтва, — расказала Лі-дзія Рыгораўна. — У яго простых малюнках алоўкам лёгка прачытваюцца рысы людзей з блізкага яму акружэння. Светлыя, маляўнічыя, напоўненыя незвычайнай глыбінёй успрымання і тонкасцю перадачы вобразаў, яго пейзажы, нацюрморты і партрэты здзіўляюць і надоўга застаюцца ў памяці. З гадамі назапасілася шмат творчых работ Дзяніса. З дапамогай неабыякавых людзей была арганізавана выстава яго работ. На гэтым свяце прысутныя былі ўражаны малюнкамі юнага мастака. Асабліва спадабаліся выявы катоў, якія пацешна выглядваюць скрозь шчыліну ў плоце. На сваім свяце Дзяніс сыграў для ўсіх на акардэоне. Акрамя мастацкага таленту, хлопчык мае здольнасці да дакладных навук. Яму добра даецца матэматыка, ён з лёгкасцю лічыць у галаве, раней за іншых аднакласнікаў спраўляецца з заданнямі. Праяўляе вялікую цікавасць да інфарматыкі, любіць геаграфію, больш за ўсё яму падабаецца вывучаць карты. Педагогі школы ведаюць пра асаблівасці дзяцей з раннім дзіцячым аўтызмам і пастаянна павышаюць узровень сваёй кампетэнтнасці ў гэтым кірунку. І Дзяніс адчувае пастаянную падтрымку і разуменне як з боку педагогаў, так і з боку аднагодкаў”.
Насуперак распаўсюджанаму міфу людзі з аўтызмам не імкнуцца жыць ва ўласным свеце, наадварот, многія вельмі зацікаўлены ў зносінах з іншымі, наладжваюць глыбокія эмацыянальныя сувязі з важнымі для іх людзьмі. Яны проста не маюць дастатковых навыкаў для таго, каб падтрымліваць зносіны ў такой форме, як гэта робяць звычайныя людзі. Усе, хто мае дачыненне да выхавання і навучання Дзяніса Матросава, дапамагаюць яму адаптавацца да жыцця ў гэтым складаным свеце.
Надзея ЦЕРАХАВА.