Раскрываюць таямніцы прыроды

- 10:51Навіны рэгіёнаў

Уся гісторыя чалавецтва — гэта гісторыя пазнання навакольнага асяроддзя. І колькі б стагоддзяў людзі ні займаліся вывучэннем прыроды, у яе заўсёды застаецца бясконцае мноства таямніц. Магчыма, разгадкі гэтых таямніц у нас яшчэ наперадзе, а можа, многія з іх так і застануцца нераскрытымі. Але заўсёды ёсць тыя, хто жадае даследаваць бясконцы і бязмежны свет навокал. Менавіта такія цікаўныя дзеці прымаюць удзел у Рэспубліканскім конкурсе біёлага-экалагічных работ навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. На Міншчыне адбыўся абласны этап гэтага конкурсу.

Конкурс праводзіцца з мэтай выяўлення і падтрымкі найбольш таленавітых і здольных да правядзення навукова-даследчай работы навучэнцаў. Пачаўся абласны этап завочным турам, на які юныя даследчыкі прадставілі 132 работы. З іх журы выбрала 32 самыя моцныя і актуальныя для ўдзелу ў вочным туры. Асабіста абараняць свае работы перад суддзямі дзеці прыехалі ў Мінскі дзяржаўны абласны ліцэй. Абарона праводзілася ў рамках пяці секцый. Удзельнікі секцыі “Экалогія раслін і біяіндыкацыя” даследавалі таксічнае ўздзеянне харчовых дабавак на жывыя арганізмы, назапашванне фенольных спалучэнняў у кветкавых раслінах як абарончую рэакцыю на забруджванне навакольнага асяроддзя, праводзілі клонавы адбор часнаку. Лепшай у гэтай секцыі стала работа навучэнца Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Вадзіма Плескацэвіча, які даследаваў асаблівасці размнажэння буякоў высокіх. Ігар Плотнікаў, выхаванец Барысаўскага экалагічнага цэнтра, прадставіў работу “Стракозы як індыкатар стану вадаёмаў”. Яго работа стала лепшай у секцыі “Вада і водныя экасістэмы”. Наогул, удзельнікаў гэтай секцыі вельмі хвалюе пытанне забруджвання вады: яны ацэньвалі якасць вады гарадской сажалкі, праводзілі маніторынг экалагічнага стану рознымі метадамі і высвятлялі, якія з гэтых метадаў найбольш эфектыўныя.
У секцыі “Экалогія жывёл” дзеці даследавалі ўздзеянне гаспадарчай дзейнасці на птушыных, а таксама біялагічную разнастайнасць вадаплаўных птушак у сваіх родных мясцінах, а таксама прапаноўвалі меры для захавання папуляцыі земнаводных. Перамог у гэтай секцыі Канстанцін Слінка, навучэнец гімназіі Дзяржынска, які сваю работу прысвяціў вывучэнню паводзін мурашак у штучна створаных умовах. Многа цікавых ідэй прапанавалі юныя вучоныя ў секцыі “Экалогія ўрбанізаваных тэрыторый і рэсурсазберажэння”. Напрыклад, Дар’я Залеская з Салігорскага раёна вынайшла рэчыва, з дапамогай якога можна змагацца з ляснымі пажарамі і папярэджваць іх, а Вікторыя Германовіч з Барысава высвятляла, ці існуе вечны рухавік у сельскай гаспадарцы. Найбольш арыгінальнай і перспектыўнай у гэтай секцыі журы здалася ідэя Аляксандры Кахавец, навучэнкі гімназіі № 1 Жодзіна. Аляксандра прапаноўвае азеляняць дахі шматпавярховых дамоў і даказвае, што гэта прыгожа, карысна для экалогіі і бюджэту, а таксама абсалютна рэальна ў нашых умовах. Аматараў навуковых эксперыментаў аб’яднала секцыя “Эксперыментальная біялогія”. Першае месца ў гэтай секцыі падзялілі паміж сабой Лізавета Бабёр, Ульяна Краўчанка і Настасся Уласавец. Лізавета вучыцца ў Клецкай сярэдняй школе № 3. Яна даследавала, ці можа агародніна змагацца з металамі, а менавіта змяншаць колькасць катыёнаў цяжкіх металаў у арганізме чалавека. Ульяна і Настасся разам вучацца ў Мінскім дзяржаўным абласным ліцэі і разам стварылі даследчую работу аб бактэрыяфагах. Гэтая тэма сёння цікавіць дактароў, фармацэўтаў і наогул усіх, хто непакоіцца аб сваім здароўі, бо бактэрыяфагі лічацца бяспечнай і эфектыўнай альтэрнатывай антыбіётыкам. Таксама ў рамках гэтай секцыі дзеці прапаноўвалі біялагічныя сродкі барацьбы з капуснай бялянкай, сістэму абароны парасткаў кукурузы і вывучалі ўздзеянне пакаёвых кветак на паветра ў школе.
На вочным этапе ўдзельнікі прадэманстравалі не толькі вынікі сваёй даследчай работы, але таксама і ўменне гэтыя вынікі годна прадставіць. Тыя, у каго гэта атрымалася лепш, прадставяць свае работы на рэспубліканскім этапе конкурсу. У Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства выступяць 14 прадстаўнікоў Міншчыны.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.