Расцём з “КнігаСветам”

- 10:54Культура

У межах Рэспубліканскага інфармацыйна-асветніцкага праекта “КнігаСвет” 17 лістапада 2017 года адбудзецца Рэспубліканская чытацкая сесія “ЧЫТАЧ — гэта культурны статус: расцём з “КнігаСветам”, арганізатарамі якой выступілі Нацыянальны інстытут адукацыі, Выдавецкі дом “Звязда”, Нацыянальная бібліятэка Беларусі і “Настаўніцкая газета” пры падтрымцы Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Праблемнае поле форуму ўключае цэлы шэраг востра актуальных пазіцый. Мяркуем, што педагагічную грамадскасць асабліва могуць зацікавіць два праблемныя блокі. Адзін уключае такія пытанні, як фарміраванне кампетэнтнага чытача ў сістэме бесперапыннай літаратурнай адукацыі, развіццё чытацкай дасведчанасці як аднаго з ключавых навыкаў чалавека інфармацыйнага грамадства, даследаванне тэксту ў структурна-сэнсавым і камунікатыўным аспектах, вучэбны тэкст і праблемы сучаснага падручніка, праграмнае і вучэбна-метадычнае забеспячэнне літаратурнай і моўнай адукацыі ва ўстановах агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі. Другі тычыцца медыяадукацыі: яе зместу, новых падыходаў да інфармацыйна-медыйнай работы ў педагагічнай сферы, інфармацыйных тэхналогій у вывучэнні і выкладанні філалагічных дысцыплін, форм існавання літаратуры ў інтэрнэт-прасторы.

У межах сесіі запланавана работа секцый, круглага стала, тэматычныя адкрытыя дыскусіі, а таксама ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў віртуальнай выставы “Фэст буктрэйлераў па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа”. Удзельнікам мерапрыемства будзе прэзентаваны інтэрнэт-рэсурс “КнiгаСвет”, які на працягу года функцыянаваў як эфектыўны інструмент інавацыйнага развіцця сацыякультурнай прасторы чытання.

Дадатковая інфармацыя размешчана на старонках Нацыянальнага адукацыйнага партала http://adu.by, інтэрнэт-рэсурсу “КнігаСвет”(у тым ліку размешчаных у сацыяльных сетках), сайтаў Выдавецкага дома “Звязда”, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, “Настаўніцкай газеты”.

Падрыхтаваў Мікола ЧЭМЕР.