Разам супраць траўматызму

- 11:27Навіны рэгіёнаў

Пад такой назвай у Брэсце на працягу месяца праходзіў гарадскі конкурс-выстава, арганізаваны аддзелам адукацыі, спорту і турызму, упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне гарвыканкама, а таксама гарадскім аддзелам па надзвычайных сітуацыях.

Вучні з 27 устаноў адукацыі паказвалі свае мастацкія здольнасці ў намінацыях “Малюнак”, “Жывапіс”, “Графіка” і “Плакат” на тэмы “Бяспеку выконвай і здаровым вырастай” (выкананне патрабаванняў бяспекі вучнямі ў школе, дома і на вуліцы) і “Ахова працы ў рабоце важная: здаровы работнік — багацейшая краіна” (выкананне патрабаванняў аховы працы на вытворчасці, папярэджанне траўматызму). У конкурсе ўдзельнічалі 88 работ.

Уганараванне пераможцаў праходзіла ў гарадской дзіцячай бібліятэцы імя А.С.Пушкіна з удзелам педагогаў Цэнтра юных маракоў з флатыліяй Брэста. Гасцямі мерапрыемства былі намеснік старшыні гарвыканкама С.А.Жукаў і іншыя адказныя работнікі гарадской выканаўчай улады, якія ўручылі дзецям дыпломы і каштоўныя падарункі.

Лепшымі аказаліся Марыя Ігнатчык з дзіцячага сада — пачатковай школы № 8, Лаліта Прыстромская, Ірына Матчан і Дзіяна Вакульчык з сярэдняй школы № 30, Аляксандр Сычоў з гімназіі № 2, Варвара Краўчук з гімназіі № 4, Яраслава Алексяюк з сярэдняй школы № 20 і Аліцыя Лук’яноўская з сярэдняй школы № 9.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.