Чацвёрты рэспубліканскі грамадзянска-патрыятычны марафон “Разам — за моцную і квітнеючую Беларусь!” прайшоў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў рамках рэспубліканскага свята “Гродна — Маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2021”.
Удзел у маштабным форуме прынялі студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі з усёй краіны. Сярод ганаровых гасцей — намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк.
Як падкрэсліў намеснік прэм’ер-міністра, прысваенне статусу маладзёжнай сталіцы беларускім гарадам — добрая традыцыя, якую пяць гадоў назад ініцыіравала Міністэрства адукацыі Беларусі.
— Узнікла патрэба прыдумаць і рэалізаваць такі праект, які быў бы цікавы моладзі. Гэта рэальныя дзеянні маладзёжных калектываў па розных напрамках: у вучобе, спорце, грамадскім жыцці, валанцёрстве, студатрадаўскім руху. Усё гэта спрыяе ўсебаковаму развіццю маладога чалавека. Для нас вельмі важна, што той вопыт, які мы напрацавалі ў іншых маладзёжных сталіцах, у такім сінергетычным аспекце будзе рэалізаваны ў Гродне і ў далейшым у гарадах, якія атрымаюць статус маладзёжнай сталіцы. Далей мы будзем прырастаць новымі праектамі, ідэямі і падыходамі, якія атрымаем менавіта ад моладзі, — адзначыў Ігар Петрышэнка.
Вельмі сімвалічна, што ў Год народнага адзінства ў рамках святочных мерапрыемстваў, прысвечаных наданню Гродну статуса маладзёжнай сталіцы Беларусі, Купалаўскі ўніверсітэт аб’яднаў моладзь з розных куткоў нашай краіны. Менавіта ГрДУ імя Янкі Купалы ў 2015 годзе, у год святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі, і стаў ініцыятарам студэнцкага грамадзянска-патрыятычнага праекта. А ўжо праз год марафон пашырыў свае межы: інцыятыву купалаўцаў падтрымалі навучэнцы каледжаў і ўстаноў сярэдняй адукацыі абласнога цэнтра. У 2018 годзе марафон набыў статус рэспубліканскага мерапрыемства. Такім чынам гасцінная Гродзеншчына аб’яднала студэнцкую моладзь усёй краіны.
— Асаблівую актуальнасць марафон набывае ў Год народнага адзінства, калі нароўні з традыцыйнымі мерапрыемствамі мы рэалізуем новыя падыходы і ідэі, ініцыятарамі якіх выступае моладзь, — упэўнены віцэ-прэм’ер. — Спадзяюся, што гэтыя маладзёжныя кірункі будуць развівацца, дзяржава іх падтрымлівала і будзе рабіць гэта далей. На працягу 25 гадоў нашай незалежнасці працуюць спецыяльныя фонды прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі, заснаваны спецыяльныя стыпендыі, ёсць шэраг іншых аспектаў, якія дазваляюць маладым людзям атрымліваць сярэднюю спецыяльную, вышэйшую адукацыю, рэалізоўваць свае таленты, у тым ліку ў творчасці.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў форуму, а гэта ў асноўным студэнцкая моладзь, Ігар Петрышэнка адзначыў, што наша моладзь актыўная: акрамя асваення прафесіі, займаецца грамадскай дзейнасцю, удзельнічае ў валанцёрскім руху, дапамагае тым, хто мае патрэбу ў гэтай дапамозе.
— І нам вельмі важна развіваць менавіта тыя кірункі, якія цікавыя для моладзі. Найважнейшы элемент — дыялог на роўных. У разумных дыскусіях, канструктыўных абмеркаваннях павінны нараджацца аптымальныя варыянты рашэнняў па актывізацыі маладзёжнага руху. Ключавы аспект, пра які нельга забываць, — патрыятычнае выхаванне моладзі. Кожны грамадзянін, народжаны ў краіне, павінен быць патрыётам сваёй Радзімы. У нас ёсць добрыя напрацоўкі, ды і вопыт работы з моладдзю ў савецкія часы актуальны і цяпер, толькі на базе лічбавізацыі, новых інфармацыйных тэхналогій. Кожны на сваім месцы павінен развіваць і ўмацоўваць сваю краіну. Гэта і ёсць патрыятызм, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.
Студэнты Купалаўскага ўніверсітэта, даўшы старт чацвёртаму марафону, запрасілі навучальныя ўстановы краіны прыняць удзел у мерапрыемствах грамадзянска-патрыятычнага, спартыўнага, творчага характару, у конкурсных іспытах. Фінал адбудзецца ў маі, напярэдадні Дня Перамогі.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.