Размаўляць па-кітайску

- 11:43Навіны рэгіёнаў

Цэнтр кітайскай мовы і культуры адкрыўся на базе Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.А.Куляшова. Праект рэалізаваны ў рамках Дзяржаўнай праграмы па развіцці беларуска-кітайскіх адносін, расказаў дырэктар інстытута Ігар Шардыка.

— Стварэнне Цэнтра кітайскай мовы і культуры — падзея не аднаго дня, — адзначыў Ігар Уладзіміравіч. — Гэтаму папярэднічалі больш за два гады цеснага супрацоўніцтва паміж Магілёвам і кітайскім Нанкінам. Дзякуючы дамове пра ўсталяванне партнёрскіх адносін паміж гарадамі, а таксама падпісанню паміж МДУ імя А.А.Куляшова і Інстытутам Сяачжуан мемарандума аб супрацоўніцтве, у 2014 годзе на базе магілёўскай установы адукацыі ўпершыню адкрыліся курсы па вывучэнні кітайскай мовы, якія перараслі ў маштабны адукацыйны праект.

Дзейнасць Цэнтра кітайскай мовы і культуры намнога шырэйшая, чым можна ўявіць першапачаткова: ён прэзентуе ўсю разнастайнасць традыцый Усходу ў кантэксце сусветных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Так, жадаючыя змогуць навучыцца кітайскай каліграфіі, дэкаратыўна-прыкладному мастацтву цзяньчжы — мудрагелістым узорам на паперы, розным відам кітайскага танца, пляценню кітайскіх вузлоў і шмат чаму іншаму.

Акрамя таго, магіляўчане даведаюцца пра традыцыі, звычаі і гісторыю кітайскага народа, убачаць шэдэўры кітайскага кінематографа і нават пазнаёмяцца з кухняй розных народаў гэтай краіны. І, вядома ж, з дапамогай выкладчыка-валанцёра будуць вывучаць кітайскую мову. Дарэчы, выкладчыцкай дзейнасцю ў цэнтры займаюцца выключна носьбіты мовы — гэта прынцыповая пазіцыя кітайскага боку.

Выпускнікамі моўных курсаў ужо сталі больш за 100 чалавек — галоўным чынам студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта. Сёння ў Цэнтры кітайскай мовы і культуры праходзяць навучанне чатыры паўнавартасныя групы. Слухачамі курса, разлічанага на 120 гадзін, сталі бізнесмены, медыкі, настаўнікі. Акрамя таго, выкладчык-валанцёр дадаткова займаецца з навучэнцамі і педагогамі магілёўскай гімназіі № 2, ад якой таксама паступіла заяўка на навучанне.

— Па меры пашырэння запатрабаванасці кітайскай мовы ў рэгіёне мы плануем запрасіць больш кітайскіх выкладчыкаў, — падкрэсліў Ігар Шардыка. — Такі вопыт ужо ёсць у нашых калег з Інстытута Канфуцыя ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Аднак зараз мы будзем працаваць над замацаваннем свайго аўтарытэту на адукацыйнай прасторы рэспублікі і нашага рэгіёна.

Адкрыццё цэнтра — яшчэ адзін важны крок да ўмацавання сяброўскіх і партнёрскіх сувязей паміж беларускім і кітайскім народамі. Па словах суразмоўцы, веданне кітайскай мовы не толькі пашырыць кругагляд моладзі Магілёўшчыны, але таксама будзе спрыяць з’яўленню новых кантактаў у сацыяльнай, культурнай і эканамічнай сферах.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.