Разумныя, адказныя, мэтанакіраваныя

- 12:10Навіны рэгіёнаў

На Гомельшчыне ўшаноўвалі навучэнцаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці. Сёлета прэміяй Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта ўзнагароджаны 50 юнакоў і дзяўчат.

Сярод лаўрэатаў — навучэнцы школ, гімназій, ліцэяў, устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з усяго рэгіёна, якія сталі пераможцамі абласных, рэспубліканскіх, міжнародных прадметных алімпіяд, конкурсаў і канферэнцый.

Цырымонія такога ўзнагароджання праходзіць штогод ужо на працягу 19 гадоў. За гэты час прэміі Гомельскага аблвыканкама ўдастоены 920 таленавітых маладых людзей. Імёны кожнага з іх упісаны ў кнігу-летапіс “Юныя таленты Гомельшчыны”. Першыя лаўрэаты ўжо дзясятак гадоў паспяхова працуюць, дасягаюць новых вяршынь, робяць адкрыцці ў сваіх кірунках. Сёння, магчыма, па такім шляху ўжо ідуць іх дзеці.

Дасягненні многіх насамрэч уражваюць. Так, выпускніца гімназіі № 51 Гомеля Юлія Курыленка з’яўляецца ўладальніцай бронзавага медаля VI Еўрапейскай матэматычнай алімпіяды сярод дзяўчат, а таксама трохразовай пераможцай Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Другая выпускніца той жа ўстановы адукацыі Варвара Драздова — уладальніца сярэбранага медаля Міжнароднага турніру юных матэматыкаў. Сёння дзяўчаты — студэнткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Навучэнка гімназіі № 56 Гомеля Яніна Сандрыгайла заваявала сярэбраны медаль на ІХ Міжнародным турніры юных матэматыкаў, а таксама стала лаўрэатам прэміі маладзёжнага журы Балтыйскага навукова-інжынернага конкурсу. Навучэнец гомельскай сярэдняй школы № 30 Канстанцін Шынкароў — уладальнік бронзавага медаля 24-й Міжнароднай канферэнцыі юных навукоўцаў, пераможца Рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару ў секцыі “Матэматыка”. Сёння хлопец ставіць перад сабой амбіцыйныя мэты.

— Матэматыка не проста стала маім любімым прадметам, гэта ўжо амаль сэнс жыцця, — гаворыць Канстанцін. — У будучыні я мару ўвайсці ў лік тых, хто робіць значныя адкрыцці ў сферы ІТ.

Прыемна, што сярод узнагароджаных шмат юнакоў і дзяўчат з розных куткоў рэгіёна, у тым ліку з сельскіх школ.

— Выдатна, што ў такім юным узросце вы дасягнулі поспехаў, якія дазволілі стаць лаўрэатамі прэмій аблвыканкама, — сказаў, уручаючы прэміі, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алег Барысенка. — У Год навукі вызначыліся юныя даследчыкі і вынаходнікі, выдатныя вынікі прадэманстраваны на конкурсах і алімпіядах міжнароднага ўзроўню. Сваімі перамогамі вы праслаўлялі бацькоў, настаўнікаў і зямлю, на якой нарадзіліся і выраслі. За кожным вашым поспехам — вялікая сіла волі, пастаянная карпатлівая праца над сабой, настойлівасць. Спадзяюся, што і далей кожны з вас будзе пакараць новыя вяршыні, прыносіць карысць дзяржаве.

Шлях да поспеху, безумоўна, у кожнага свой. Аднак, як было адзначана на цырымоніі, усіх аб’ядноўвае майстэрня, дзе фарміруюцца думкі і памкненні, і назва гэтай майстэрні — школа. Бадай, кожны з навучэнцаў скажа, што сваімі поспехамі ў многім ён абавязаны настаўнікам, якія дапамаглі развіваць дадзены прыродай талент. Разам з тым усе мы разумеем, што без асабістага намагання, без цвёрдай волі і бясконцай работы над сабой наўрад ці магчыма дасягаць нейкіх вяршынь.

Глядзіш на гэтае дзіўнае пакаленне, якое запоўніла залу і прымае ўзнагароды, і бачыш удумлівыя твары, зацікаўленасць у вачах. Яны зусім юныя, але па-даросламу разважаюць і ставяць перад сабой зусім не дзіцячыя мэты. І ёсць непахісная ўпэўненасць у тым, што нам на змену прыйдуць разумныя, адказныя і мэтанакіраваныя маладыя людзі.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.