Разумныя рукі

- 11:26Навіны рэгіёнаў

Перад Арцёмам Гулевічам, трэцякурснікам Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжа, здаецца, і выбар ніколі не стаяў — кім быць? З дзяцінства, як памятае сябе, заўсёды побач з бацькам Валерыем Пятровічам, які амаль два дзесяцігоддзі працуе слесарам-наладчыкам на жывёлагадоўчым комплексе КСУП “Брылёва”. Гуляць з сапраўднымі жалезкамі так падабалася, што ўжо на 1 курсе каледжа сабраў свой першы міні-трактар. Апрабаваў, зразумела ж, на прысядзібным бацькоўскім участку.

Падчас зборкі першага агрэгата юны канструктар адпрацоўваў навыкі рэзання металу, зваркі. Потым стаў больш увагі звяртаць на функцыянальнасць машын.

— У мяне змалку адно жаданне — майстраваць. Мяне і бацька гэтаму заўсёды вучыў, і настаўнік працоўнага навучання Брылёўскай сярэдняй школы Васіль Якоўчык. Чарчэнне, асновы механікі — без гэтага ў канструяванні не абысціся. Мне цікава, як функцыянуюць розныя механізмы. Прыдумваў, як можна палепшыць іх работу. Калі ў 6 класе ў мяне з’явіўся мапед, я пачаў яго ўдасканальваць. На ўсе кішэнныя грошы купляў неабходныя прылады і дэталі. Многа падбіраў з тэхнікі, якая ўжо адслужыла свой тэрмін.

Першы сабраны самастойна міні-трактар, расказвае юнак, ён прадаў. І адразу ж узяўся за другі. На яго, а потым і яшчэ на два, пакупнікі таксама знайшліся хутка — прыязджалі з іншых раёнаў Гомельшчыны. Мабільная тэхніка зручная і таму запатрабаваная ў дачнікаў і на прысядзібных участках.

Між тым карысныя веды для сваіх практычных распрацовак Арцём Гулевіч бярэ і са спецыяльнай літаратуры, і з тэматычных блогаў у інтэрнэце. Аднак на гэтым этапе самай важнай лічыць вучобу ў каледжы. Веды даюцца лёгка, бо ёсць цікавасць і пэўны вопыт. На пытанне пра любімых педагогаў у каледжы юнак упэўнена пералічвае прозвішчы: Сяргей Кандраценка, Сяргей Пірагоў і Віктар Балвановіч. Куратар групы Аксана Чкана гаворыць, што хлопец добра вучыцца і ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах:

— Арцём — актыўны хлопец. Да таго ж ён мэтанакіравана пайшоў вучыцца на спецыяльнасць “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вы­творчасці”. Адразу заўважна, што яму цікавыя спецдысцыпліны.

Будучы тэхнік-механік не забывае пра сваю малую радзіму. Дадому ездзіць штотыдзень і часта наведвае родную школу.

— Мінулай вясной я спецыяльна прасіў Арцёма, каб ён пад’ехаў да школы на сваім трактары і расказаў вучням пра працэс яго стварэння. Вельмі таленавіты хлопец — ганаруся ім, — адзначае настаўнік працоўнага навучання Брылёўскай сярэдняй школы Васіль Якоўчык.

Першае працоўнае месца Арцёму гарантавана ў родным аграгарадку. У КСУП “Брылёва” малады чалавек звярнуўся за накіраваннем на размеркаванне. Яго, безумоўна, далі, бо тут добра ведаюць усю яго працавітую сям’ю і, канечне, з радасцю чакаюць будучага маладога спецыяліста.

Між тым Арцём ужо цяпер думае працягнуць адукацыі. Гаворыць, пасля завяршэння вучобы ў каледжы асвоіцца на першым працоўным месцы і будзе імкнуцца атрымаць вышэйшую адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, што ў Горках.

— Вядома ж, пайду далей вучыцца на інжынера-механіка. Без варыянтаў!

Ірына АСТАШКЕВІЧ.