На працягу двух дзён у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны працавала XI Міжнародная навукова-метадычная канферэнцыя “Сучасная адукацыя: пераемнасць і бесперапыннасць адукацыйнай сістэмы “школа — універсітэт — прадпрыемства”.
Праблема, якая ставіцца ў самой назве канферэнцыі, не новая, з кожным годам актуальнасць бесперапыннай адукацыі ўзрастае. Змены і хуткае развіццё самых розных сфер дзейнасці, новыя тэхналогіі патрабуюць іншага падыходу да падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў. На прадпрыемствах хочуць бачыць не ўчарашняга студэнта з пэўным тэарэтычным багажом, а маладога спецыяліста-практыка. Зразумела, што вопыт — тое, з чым не нараджаюцца, ён набываецца з часам. Але ж прыйсці на першае месца працы і адразу, напрыклад, стаць за высокатэхналагічны станок ці ўключыцца ў апрацоўку даных паводле апошняй версіі нейкай праграмы — гэта стала неабходнасцю. Прычым гэта тычыцца не толькі вытворчасці, а амаль усіх сфер дзейнасці.
Сёлета ў навукова-метадычнай канферэнцыі “Сучасная адукацыя: пераемнасць і бесперапыннасць адукацыйнай сістэмы “школа — універсітэт — прадпрыемства” прынялі ўдзел больш за 200 педагогаў, прафесараў, вядучых спецыялістаў з Украіны, Расіі, Латвіі і Беларусі. Такі склад удзельнікаў пацвярджае, што праблема актуальная не толькі ў нашай краіне, але і ва ўсім свеце.
— Наша галоўная задача — развіццё практыка-арыентаванага навучання, — адзначыў падчас адкрыцця навуковага мерапрыемства прарэктар па вучэбнай рабоце ГДУ імя Ф.Скарыны Ігар Семчанка. — Сёння на розных прадпрыемствах і ў арганізацыях створана 58 філіялаў кафедраў нашага ўніверсітэта. Яны ў многім вырашаюць праблему практычнага навучання. Разам з тым мы бачым неабходнасць больш цеснага супрацоўніцтва з вытворчасцю. У ланцужку “школа — універсітэт — прадпрыемства” — апошні складнік невыпадковы. Калі да нас прыйдзе кіраўнік прадпрыемства і дакладна скажа, чаго ён чакае ад нашага выпускніка, мы будзем імкнуцца падрыхтаваць менавіта такога спецыяліста.
На пленарным пасяджэнні канферэнцыі быў прадстаўлены адзін з самых перспектыўных кірункаў дзейнасці — ІТ-сфера і звязаныя з ёю іншыя сферы, а таксама развіццё прыватнага бізнесу, інвестыцыйная палітыка. Дырэктар Гомельскага тэхнапарка Дзмітрый Марозаў расказаў аб узаемадзеянні вышэйшых навучальных устаноў з тэхнапаркамі як Гомеля, так і ўсёй рэспублікі.
Дзмітрый Мікалаевіч адразу ўнёс прапанову пашырыць адзначаны ў тэматыцы канферэнцыі ланцужок, дабавіўшы ў яго паняцці “тэхнапарк” і “інавацыйны бізнес”.
— Нельга забываць, што сёння задача ўніверсітэтаў не толькі падрыхтаваць высокакваліфікаванага наёмнага работніка, — адзначыў ён. — Мы жывём у век рыначнай эканомікі, і ўстановы вышэйшай адукацыі павінны даваць студэнтам таксама навыкі арганізацыі і вядзення ўласнага бізнесу.
Сусветная практыка паказвае, што тэхнапаркі ўмоўна можна назваць адной з самых эфектыўных тэхналогій стварэння і развіцця інавацыйнага бізнесу ва ўсім свеце. Тут можна паспрабаваць ажыццявіць свае самыя смелыя ідэі і распрацоўкі. Вядома, не заўсёды атрымліваецца: адны паспяхова развіваюцца і потым выходзяць у свабоднае плаванне, іншым прыходзіцца згарнуць дзейнасць. Тым не менш, як паказвае практыка, выжывальнасць інавацыйнага бізнесу, разгорнутага ў тэхнапарку, значна вышэйшая, чым у звычайных умовах. Што тычыцца непасрэдна Гомельскага навукова-тэхналагічнага парка, то, па словах Дзмітрыя Марозава, недзе 70% яго рэзідэнтаў з’яўляюцца паспяховымі. Важнасць такога “інкубатара” інавацыйнага бізнесу падкрэсліваецца яшчэ і тым, што ў разумных маладых людзей ёсць перспектывы, і яны не спяшаюцца пакідаць краіну ў пошуках магчымасцей рэалізавацца.
Калі гаварыць непасрэдна пра сувязь Гомельскага дзяржуніверсітэта і рэгіянальнага тэхнапарка, то яна даволі цесная, а яе храналогія адзначана не адным днём. У цэлым тэхнапарк супрацоўнічае з трыма ўстановамі вышэйшай адукацыі Гомеля. На працягу апошніх гадоў студэнты гэтых універсітэтаў праходзяць у тэхнапарку вытворчую і пераддыпломную практыку. На сёння такіх практыкантаў налічваецца больш за сотню. І, што асабліва важна, многія з іх потым застаюцца працаваць у рэзідэнтаў НТП. Некаторыя самі становяцца рэзідэнтамі.
— На жаль, падае колькасць ідэй, якія носяць тэхнічны характар, — падзяліўся Д.М.Марозаў, маючы на ўвазе праекты, з якімі маладыя людзі прыходзяць у тэхнапарк. — Магчыма, праблема ў тым, што ва ўніверсітэтах пакуль няшмат спецыяльнасцей, якія носяць інтэграваны характар. Для таго каб сёння быць паспяховым, неабходна спалучаць у сабе фундаментальныя, базавыя тэхнічныя, матэматычныя і эканамічныя веды. Менавіта гэтага не хапае.
Дырэктар Гомельскага тэхнапарка выказаў удзельнікам навукова-метадычнай канферэнцыі некалькі цікавых прапаноў. У тым ліку ён адзначыў, што ў сучасным свеце трэба забыцца пра тое, што прыцягваць студэнта да авалодання практычнымі навыкамі трэба не раней, чым на трэцім курсе. Лепш рабіць гэта ўжо з першага курса. Магчыма, пачынаць з экскурсій. Такі падыход можна прымяняць і для школьнікаў, для выхаванцаў цэнтраў тэхнічнай творчасці. Апошнія, дарэчы, выконваюць немалаважную ролю, паколькі цікавасць у дзяцей да сучасных тэхналогій, праграмавання пачынаецца менавіта адтуль.
Падчас канферэнцыі ішла размова і аб тым, што зараз як школы, цэнтры тэхнічнай творчасці, так і ўніверсітэты не маюць дастатковай матэрыяльна-тэхнічнай базы, няма ніводнага фаблаба (англ. fabrication laboratory). Іншымі словамі, няма лабараторыі, невялічкай майстэрні для рэалізацыі асабістых праектаў і вядзення вучэбнай дзейнасці для студэнтаў, таго месца, куды б навучэнцы маглі прыйсці, нешта змадэляваць і тут жа вырабіць. А разам з тым фаблаб садзейнічае павышэнню эфектыўнасці вучэбнага працэсу, актывізацыі самастойнай творчай і навуковай дзейнасці студэнтаў, выхаванню ў будучых спецыялістаў кампетэнтнасці і адказнасці.
Гэтую праблему ў Гомелі хутка павінны вырашыць. Плануецца адкрыццё сучаснага фаблаба, дзе будуць размешчаны майстэрня з апрацоўчым абсталяваннем, цэнтр прататыпавання, які дазволіць мадэляваць, вучэбны клас і зона перагавораў і адпачынку. Рэалізаваць такі праект ва ўніверсітэце няпроста — гэта немалыя грошы. А вось карыстацца тым, які ў хуткім часе прапануе Гомельскі навукова-тэхналагічны парк, можна будзе без перашкод.
На пленарным пасяджэнні таксама абмяркоўваліся іншыя пытанні.
Аб праблеме фарміравання прафесійнага майстэрства педагогаў разважала прарэктар па вучэбна-метадычнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Блажко.
Мадэль дзейнасці факультэта ў адукацыйнай сістэме “школа — універсітэт — прадпрыемства” прадставілі дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і навучання замежных студэнтаў прафесар Аляксандр Васільеў і дацэнт кафедры матэматыкі і тэхналогій праграмавання Дзмітрый Кузьмянкоў.
Канферэнцыю працягнула работа шасці секцый на факультэтах універсітэта. Удзельнікі абмяркоўвалі агульнатэарэтычныя і прыкладныя праблемы развіцця адукацыйнай сістэмы “школа — універсітэт — прадпрыемства”, педагагічныя, арганізацыйныя, эканоміка-прававыя ўмовы яе эфектыўнага функцыянавання, разглядалі змест, формы, праблемы выхаваўчай работы, актуальныя напрамкі работы з адоранай моладдзю. У цэнтры ўвагі спецыялістаў былі таксама пытанні рэалізацыі кластарнага падыходу, ролі інфармацыйных тэхналогій у адукацыйнай дзейнасці і інш.
Другі дзень навукова-практычнай канферэнцыі пачаўся з майстар-класаў пад агульнай назвай “Развіццё і ўдасканаленне педагагічнага майстэрства настаўнікаў у галіне прадмета і методыкі выкладання”, якія для студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны правялі найлепшыя настаўнікі-прадметнікі Гомельшчыны.
Аб праблемах падрыхтоўкі будучых настаўнікаў у сістэме “школа — універсітэт — прадпрыемства” ішла размова за круглым сталом, пасля чаго адбыліся творчыя сустрэчы на факультэтах з вядучымі настаўнікамі філіялаў кафедраў і базавых школ. Завяршыла работу ХІ Міжнароднай навукова-метадычнай канферэнцыі пасяджэнне з удзелам старшынь і сакратароў секцый. Па выніках мерапрыемства традыцыйна былі прыняты рэкамендацыі канферэнцыі.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.