Развіццё хімічнай галіны павінна стаць нацыянальным праектам

- 10:55Інфармацыйная гадзіна

Такое меркаванне выказаў Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч, які з рабочай паездкай наведваў Магілёў.

Старшыня Савета Рэспублікі азнаёміўся з рэалізацыяй інвестыцыйнага праекта ў ЗТАА “Омск Карбон Магілёў” па стварэнні вытворчасці тэхнічнага вугляроду і перспектывамі мадэрнізацыі ААТ “Магілёўхімвалакно”.

“Калі мы не будзем сур’ёзна займацца развіццём хімічнай галіны, то можам стаць неканкурэнтаздольнымі і яе страціць, — лічыць Міхаіл Мясніковіч. — Маштабная мадэрнізацыя, якая праводзіцца ў ААТ “Магілёўхімвалакно” і іншых хімічных прадпрыемствах краіны, — вельмі правільны і прынцыпова новы крок. Развіццё хімічнай галіны павінна стаць нацыянальным праектам, які дасць магчымасць многія тавары хімічнага сінтэзу вырабляць у Беларусі”.

Беларусь у сярэднім у год закупляе палімернай прадукцыі на $2 млрд. Даследаванні вучоных і спецыялістаў у гэтай галіне сведчаць, што ў краіне можна забяспечыць імпартазамяшчэнне 50 працэнтаў ад патрэбнасці. “Так, для гэтага патрэбны немалыя інвестыцыі, увесці ў строй складаныя аб’екты і вытрымаць жорсткую канкурэнцыю на рынку. Таму, калі ствараць, то не даганяючыя вытворчасці, а працаваць на апярэджанне. Для гэтага патрэбны моцны сінтэз навукі і вытворчасці, а сродкі на гэта неабходна шукаць у тым ліку за кошт актыўнага прыцягнення замежных інвестараў. Гэта дасць магчымасць набыць у іх асобе партнёраў і атрымаць доступ да сучасных тэхналогій, інфармацыі і на новыя рынкі”, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Паводле яго слоў, у найбліжэйшы час на базе Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта плануецца правесці навукова-практычную канферэнцыю па гэтым пытанні. “Я лічу, што маштабны праект па развіцці хімічнай галіны рэальна рэалізаваць у Беларусі пры падтрымцы ў першую чаргу расійскіх партнёраў, а таксама з прыцягненнем заходніх кампаній, якія маюць вопыт работы ў гэтым напрамку і зацікаўлены ў сумеснай вытворчасці”, — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.