БАРАЎКОВА Аксана Мікалаеўна,
настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 1 Наваполацка.
Аксана Мікалаеўна з адзнакай скончыла Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага па спецыяльнасці “Педагогіка і методыка пачатковага навучання”. Стаж педагагічнай дзейнасці — 26 гадоў. Яе педагагічнае крэда: “Мае вучні будуць пазнаваць новае не ад мяне, яны будуць адкрываць гэтае новае самі. Мая галоўная задача — дапамагчы ім раскрыцца”.
Намінацыя “Пачатковыя класы”
Аксана Мікалаеўна — педагог, які знаходзіцца ў пастаянным пошуку эфектыўных форм і метадаў работы, шырока прымяняе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі.
“Спектр выкарыстання магчымасцей ІКТ у адукацыйным працэсе даволі шырокі. Я прымяняю інфармацыйныя тэхналогіі як інструмент даследавання, як крыніцу атрымання дадатковай інфармацыі па прадмеце, як спосаб пашырэння зоны індывідуальнай актыўнасці кожнага вучня. Такія ўменні могуць дапамагчы вучням школы ў далейшым самасцвердзіцца ў жыцці, павысіць свой інтэлектуальны ўзровень, самастойна здабываючы і прымяняючы веды”, — тлумачыць настаўніца.
Паколькі ў малодшага школьніка лепш развіта наглядна-вобразнае мысленне, неабходна ў поўнай меры рэалізаваць прынцып нагляднасці. Зрабіць гэта можна, выкарыстоўваючы мультымедыйныя прэзентацыі. Спачатку Аксана Мікалаеўна ўключае ў свае ўрокі заданні, якія складае сама пры дапамозе мультымедыйных прэзентацый. Але, на думку педагога, найлепшы эфект дасягаецца, калі далучыць да стварэння прэзентацыі навучэнцаў.
“Пачынаючы з 1 класа прапаноўваю дзецям па плане падрыхтаваць паведамленне пра жывёлу, расліну, скласці характарыстыку персанажа літаратурнага твора з дапамогай прэзентацыі, — расказвае настаўніца. — Навучэнцы з вялікім задавальненнем збіраюць матэрыял, робяць слайды, прадстаўляюць сваю работу. Гэта выпрацоўвае навыкі публічнага выступлення, дыскусіі, уменне аргументавана абараняць сваю пазіцыю, у іх з’яўляецца цікавасць да прадмета і, як вынік, развіваецца матывацыя. Пры гэтым добра прасочваюцца і міжпрадметныя сувязі”.
Адным з самых універсальных сэрвісаў для стварэння камп’ютарных дыдактычных гульняў-заданняў з’яўляецца LearningApps. org. На ўроках Аксана Мікалаеўна выкарыстоўвае розныя варыянты гульняў-заданняў. Навучэнцам вельмі падабаецца рашаць крыжаванкі, разгадваць рэбусы, збіраць пазлы, знаходзіць адпаведнасць, сартаваць карцінкі, класіфікаваць прадметы або паняцці, запаўняць пропускі, ствараць стужкі часу. Дзеці прыкладаюць намаганні, каб знайсці аптымальны спосаб рашэння, неабходную інфармацыю, апрабоўваюць розныя варыянты рашэння, праяўляючы настойлівасць і самастойнасць.
Выніковым Аксана Мікалаеўна лічыць і складанне інтэлект-карт на базе сэрвісаў bubbl.us i cacoo.com. Прэзентуючы інтэлект-карту, навучэнец дэманструе ўласныя пазнавальныя ўменні: вылучаць галоўнае, аналізаваць, сістэматызаваць, класіфікаваць і абагульняць вывучанае, а таксама сцісла, лагічна і дакладна прадстаўляць інфармацыю. У выніку фарміруюцца прадметныя і камунікатыўныя кампетэнцыі.
Педагог выкарыстоўвае ў сваёй рабоце і сэрвісы Google. Пад кіраўніцтвам А.М.Бараўковай навучэнцы працуюць з Google-дакументамі, якія дазваляюць мець сумесны доступ да вучэбных матэрыялаў, выконваць заданні, пабудаваныя на сумесным рэдагаванні тэксту (напрыклад, сумеснае сачыненне, распрацоўка плана адказу), раячыся і пакідаючы каментарыі ў чаце дакумента. Выконваючы заданні, дзеці вучацца планаваць сваю дзейнасць, адказна выконваць сваю частку работы, самастойна знаходзіць інфармацыю, узаемадзейнічаць адно з адным, ацэньваць сябе і сваіх сяброў.
“Прымяненне сэрвісаў Google выклікае ў навучэнцаў цікаўнасць, актыўнасць і паказвае, што за камп’ютарам можна не толькі гуляць, але і вучыцца, спрыяе індывідуалізацыі вучэбнага працэсу, а ў цэлым дапамагае фарміраванню ўмення вучыцца самастойна”, — упэўнена Аксана Мікалаеўна.
Уменне апрацоўваць інфармацыю з’яўляецца вельмі каштоўным набыткам — дзеці вучацца працаваць з рознымі відамі крыніц. Для гэтага педагог актыўна выкарыстоўвае анлайн-энцыклапедыі і адукацыйныя сайты і вучыць гэтаму сваіх вучняў. Адзін з варыянтаў — пошук інфармацыі ў інтэрнэце. Папярэдне настаўніца дае школьнікам пэўнае заданне, адрас, па якім можна знайсці матэрыял, што патрабуецца, або ключавыя словы для пошуку. Вынікі пошуку выкладаюцца навучэнцамі ў выглядзе вусных або пісьмовых паведамленняў.
Немалаважную ролю ва ўключэнні навучэнцаў у самастойную работу адыгрывае кантроль і ацэнка. Школьнікі вучацца кантраляваць ход работы, правяраць і ацэньваць свае дзеянні па вырашэнні вучэбнай задачы, рабіць выснову. Праграмным сродкам, які Аксана Мікалаеўна выкарыстоўвае для кантролю, вызначэння ўзроўню ведаў навучэнцаў і ацэнкі, з’яўляюцца камп’ютарныя сістэмы тэсціравання (“Вуснае лічэнне”, “Выдатнік”, анлайн-трэнажоры на сайтах “Гуляем самі”, “Розуму палата”; ЭСН “Спецадукацыя. Матэматыка 1—5”, “Вучымся гуляючы”, “Развіццёвыя гульні і практыкаванні”, “Інтэрактыўная энцыклапедыя па рускай мове”). Трэніровачныя тэсты прадуманы такім чынам, што ў выпадку няправільнага адказу ў навучэнцаў ёсць магчымасць звярнуцца да тэорыі і паўторна выканаць заданне. Ацэнка ў праграмах мае матывуючы характар: акрамя балаў, пасля выканання заданняў дзеці бачаць закладкі “Малайчына!”, “Выдатна!” і інш.
Выкарыстанне ІКТ на ўроках дае добрыя вынікі: назіраецца станоўчая дынаміка вучэбных дасягненняў навучэнцаў, павялічылася колькасць навучэнцаў з максімальным узроўнем матывацыі і актыўнасці ў вучобе, дзеці лепш усведамляюць мэты выкарыстання камп’ютара. “Мае вучні валодаюць асновамі медыядасведчанасці, у іх сфарміравана патрэба і здольнасць да самастойнага набыцця ведаў, рашэння творчых задач, яны ўмеюць працаваць самастойна і ў камандзе”, — упэўнена Аксана Мікалаеўна.