Развіццё: не толькі духоўнае, але і фізічнае

- 11:39Навіны рэгіёнаў

Магілёў прымаў удзельнікаў рэспубліканскай спартакіяды сярод спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў прафсаюзаў па боксе, якая сабрала на адным рынгу больш як 60 спартсменаў у складзе 8 каманд. За перамогу змагаліся юнакі 2002—2003 гадоў нараджэння з Баранавіч, Бабруйска, Віцебска, Гомеля, Гродна, а таксама прадстаўнікі прымаючага боку — выхаванцы Магілёўскай абласной СДЮШАР прафсаюзаў “Спартак-35”.

На працягу чатырох дзён юныя спартсмены мераліся сіламі і набіраліся спаборніцкага вопыту. Скідак на ўз рост хлопцам ніхто не рабіў: кваліфікаваныя суддзі ацэньвалі іх строга і справядліва, па ўсіх крытэрыях алімпійскага судзейства. Улічваліся тэхніка спартсмена, дакладнасць нанясення ўдараў, воля да перамогі.

— Бокс лічыцца самым складаным каардынаваным відам спорту сярод іншых адзінаборстваў, — расказаў дырэктар абласной СДЮШАР прафсаюзаў “Спартак-35” Вячаслаў Цітоў. — Прычым маецца на ўвазе не столькі тэхнічны, колькі псіхалагічны складнік. Перад кожным боем спартсмен хвалюецца і перажывае, настройваецца на спарынг, а ўсё гэта зношвае нервовую сістэму. Як правіла, са ста тых, хто запісаўся ў секцыю па боксе, да дарослага бокса даходзіць толькі адзін — і гэта ў лепшым выпадку.

Тым не менш у СДЮШАР прафсаюзаў “Спартак-35” сёння налічваецца каля 500 навучэнцаў, сярод якіх ёсць як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. Акрамя бокса, тут таксама займаюцца кікбоксінгам, тайландскім боксам і ўшу. На думку Вячаслава Уладзіміравіча, такая папулярнасць адзінаборстваў зразумелая: рэгулярныя фізічныя трэніроўкі дазваляюць дзецям выплёскваць адмоўную энергію і вучаць кіраваць сваімі эмоцыямі.

— Акрамя ўсяго іншага, бокс — адзін з найстаражытнейшых відаў спорту, — працягнуў суразмоўнік. — У многіх літаратурных і гістарычных крыніцах можна знайсці інфармацыю аб тым, што сярод першых алімпійскіх чэмпіёнаў панкраціёна — старажытнага віду адзінаборстваў і папярэдніка бокса — быў, напрыклад, вядомы матэматык Піфагор, філосафы і пісьменнікі Платон і Плутарх. У гэтым няма нічога дзіўнага: у той час сістэма выхавання і навучання будавалася на гармоніі інтэлектуальнага і фізічнага развіцця. Таксама прафесійна займаліся боксам і зараблялі гэтым на жыццё знакамітыя амерыканскія пісьменнікі Джэк Лондан і Эрнэст Хемінгуэй. Некалькі чалавек са зборнай СССР па боксе сталі дактарамі фізіка-матэматычных навук.

У неабходнасці развіваць дзяцей не толькі духоўна, але і фізічна ўпэўнены дырэктар Магілёўскага абласнога спартыўнага клуба “Спартак” Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі сярэбраны прызёр зімовых Алімпійскіх гульняў 2010 года па біятлоне ў Ванкуверы Сяргей Новікаў. Паводле яго слоў, прафсаюзы ўносяць неацэнны ўклад у развіццё беларускага спорту і на працягу многіх гадоў спраўляюцца з пастаўленай перад імі задачай — падрыхтоўкай і перадачай юных спартсменаў у вышэйшае звяно — вялікі спорт.

— У рэспубліцы функцыянуюць 113 прафсаюзных спартыўных школ, — расказаў ён. — Толькі ў Магілёўскай вобласці налічваецца 14 спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, у якіх займаецца больш як 6,5 тысячы навучэнцаў. 7 спартыўных школ маюць статус спецыялізаваных. У рэгіёне развіваецца больш як 20 відаў спорту, 14 з якіх — алімпійскія. Па даных спартыўнага клуба Федэрацыі прафсаюзаў, на працягу апошніх 5 гадоў Магілёўшчына стабільна ўваходзіць у тройку лідараў сярод рэгіёнаў па колькасці выйграных выхаванцамі спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў спаборніцтваў.

У пацвярджэнне яго слоў — вынікі каманднага першынства рэспубліканскай спартакіяды па боксе. Так, першае месца заваявала каманда Магілёўскай абласной СДЮШАР прафсаюзаў “Спартак-35”, другое месца таксама засталося ў рэгіёне — перамогу святкавала бабруйская ДЮСШ “Шыннік”. “Бронзу” забралі з сабой прадстаўнікі Гродзенскай прафсаюзнай ЦСДЮ ШАР адзінаборстваў.

Юлія БЫЧКАРОВА.
Фота аўтара.