Развіваць кампетэнцыі

- 10:48Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Год выхаваўчага патэнцыялу вучэбных заняткаў, год кіраўніка і першы ў краіне праект назапашвальнай сістэмы апераджальнага прафесійнага развіцця педагогаў. Пра гэтыя і іншыя інавацыі ГрАІРА ішла гутарка на пашыраным пасяджэнні савета інстытута.

Гродзенскаму абласному інстытуту развіцця адукацыі ёсць чым ганарыцца. Віртуальная школа стала прататыпам адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу сістэмы адукацыі Беларусі, профільны аздараўленчы лагер “ПрофСтарт” у вочным і дыстанцыйным рэжыме — адукацыйнай пляцоўкай для прафесійнага самавызначэння старшакласнікаў.

У мінулым навучальным годзе ўпершыню арганізавана павышэнне кваліфікацыі кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні і членаў рэгіянальных груп рэагавання на крызісныя сітуацыі. Заснаваны дзве прэміі імя Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта. Створаны віртуальны праект “Паспяховае бацькоўства”, працягам якога стала абласная школа татаў “Давер”. Па выніках 2021 года ГрАІРА стаў лаўрэатам конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь”, а таксама ўдастоены спецыяльнай узнагароды “Лепшы ў рэгіёне”.

Рэктар ГрАІРА Святлана Сяргейка падкрэсліла, што новы навучальны год — год інавацый у сістэме адукацыі, што патрабуе ад калектыву інстытута выпрацоўкі новых адзі­ных падыходаў па ўсіх напрамках дзейнасці.

— Перш за ўсё навучальны год мы аб’яўляем годам выхаваўчага патэнцыялу вучэбных заняткаў. Калі раней мы больш звярталі ўвагу на пазакласныя мерапрыемствы, то цяпер будзем развіваць кампетэнцыі педагогаў. У першую чаргу гэта бу­дзе тычыцца таго, як рэаліза­ваць выхаваўчую задачу на факультатыве, круглым стале, гуртку. Любыя заняткі ў першую чаргу павінны быць прысвечаны выхаванню патрыёта і грамадзяніна нашай краіны, — падкрэсліла Святлана Сяргейка.

ГрАІРа таксама аб’яўляе навучальны год годам кіраўніка. Вырашана перабудаваць усю сістэму работы з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, пачынаючы ад дзіцячых садоў і заканчваючы прафесійна-тэхнічнымі і сярэднімі спецыяльнымі ўстановамі адукацыі. Плануюцца розныя мерапрыемствы, перш за ўсё “Дырэктарская серада”. Штотыдзень па серадах адна гадзіна будзе прысвечана кіраўнікам, дзе супрацоўнікі інстытута будуць развіваць пэўныя кампетэнцыі і паказваць новыя заканадаўчыя акты і каментарыі да іх.

У галіне навукі будзе аб’яўлены год дыягнастычнага інструментарыю. Інстытут запускае новы праект назапашвальнай сістэмы апера­джальнага прафесійнага развіцця педагогаў.

— Сёння мы маем новыя падручнікі, нарматыўныя дакументы, але калі няма настаўніка, які любіць сваю справу, развіваецца, то нічога не атрымаецца. Гэты праект уключае і індывідуальны план апераджальнага прафесійнага развіцця, які кожны педагог будзе распрацоўваць на новы навучальны год, і новую сістэму ацэньвання ўдзелу ў сваім апераджальным развіцці, і метадычныя рэкамендацыі, — сказала Святлана Сяргейка. — Гэта наша задача на наступны навучальны год.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.