Развіваючы матывы прафесійнага выбару

- 12:23Якасць адукацыі

Вывучэнне міжнароднага вопыту па падрыхтоўцы навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі да выбару прафесіі, аказанні ім дапамогі ў прафесійным самавызначэнні стала мэтай Міжнароднай навукова-практычнай анлайн-канферэнцыі “Прафарыентацыя: мадэлі, міжнародныя тэндэнцыі і інавацыі”, якая была арганізавана Нацыянальным інстытутам адукацыі сумесна з Агенцтвам інавацый і прафесійнага развіцця “Эду Трэвэл Эджэнсі” на базе адукацыйнай анлайн-платформы SKLAD (Мінск).

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Асноўнымі зместавымі напрамкамі навуковага дыялогу сталі развіццё трансверсальных кампетэнцый у навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з дапамогай прафесійнай арыентацыі, асаблівасці работы з адоранымі дзецьмі па аказанні ім дапамогі ў выбары прафесіі.

У межах канферэнцыі былі заслуханы разгорнутыя даклады навукоўцаў і спецыялістаў адукацыі з Аўстраліі, Аўстрыі, Бразіліі, Германіі, Ізраіля, Ірландыі, Казахстана, Канады, Перу, Расіі, супрацоўнікаў Еўрапейскага фонду адукацыі і іншых міжнародных арганізацый.

Вопыт нашай краіны быў прадстаўлены ў выступленнях загадчыка кафедры педагогікі і праблем развіцця адукацыі БДУ, доктара педагагічных навук, прафесара Генадзя Уладзіміравіча Пальчыка на тэму “Сістэма прафарыентацыі навучэнцаў у Рэспубліцы Беларусь” і начальніка цэнтра развіцця педагагічнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, доктара педагагічных навук, дацэнта Аляксандры Валянцінаўны Пазняк на тэму “Педагагічная прафілізацыя ў сістэме профільнага навучання на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.

Як адзначалася, у Рэспубліцы Беларусь ідэя педагагічнай прафілізацыі агульнай сярэдняй адукацыі знайшла сваю рэалізацыю ў рамках профільнага навучання прафесійнай накіраванасці. Так, у 2015 годзе ва ўсіх рэгіёнах краіны былі створаны профільныя класы (групы) педагагічнай накіраванасці. Місія гэтага праекта заключаецца ў стварэнні ўмоў для ўсвядомленага выбару старшакласнікамі педагагічных спецыяльнасцей на аснове знаёмства з асаблівасцямі прафесіі педагога, а таксама ў працэсе паглыб­ленага самапазнання: выяўлення сваіх здольнасцей, схільнасцей, інтарэсаў, накіраванасці асобы. Абавязковымі для вучняў педкласаў і груп з’яўляюцца вывучэнне профільных вучэбных прадметаў на павышаным узроўні, засваенне профільнага курса факультатыўных заняткаў “Уводзіны ў педагагічную прафесію. 10—11класы”, удзел у педагагічных пробах, фарміраванне партфоліа. Набыццё першаснага педагагічнага вопыту адбываецца шляхам уцягвання навучэнцаў у сацыяльна значную дзейнасць (валанцёрскі педагагічны атрад, работа ў якасці памочнікаў настаўніка, выхавальніка групы прадоўжанага дня і інш.), заахвочвання іх асобасных дасягненняў. Прыцягненне да гэтай дзейнасці вучняў пад кіраўніцтвам педагога сацыяльнага, педагога-арганізатара або настаўніка-прадметніка дазваляе падлеткам адчуць сваю запатрабава­насць і значнасць, спрыяе фарміраванню камунікатыўных кампетэнцый, значных для будучага педагога. Звычайна ў сіс­тэму педагагічнай прафілізацыі ўключаецца  ўвесь калектыў установы адукацыі, а таксама баць­кі навучэнцаў. Практыка сведчыць, што эфектыўнасць педагагічнай прафілізацыі ў школе залежыць у першую чаргу ад таго, у якой ступені ва ўстанове адукацыі педагагізавана прафілюючае асяроддзе.

Пастаянны маніторынг і анкетаванне навучэнцаў педагагічных класаў, а таксама педагогаў, якія праводзяць факультатыўныя заняткі, паказваюць, што педагагічная прафілізацыя дазваляе ствараць умовы для прафесійнага самавызначэння навучэнцаў на

ІІІ ступені навучання і фарміравання пазітыўнай устаноўкі на выбар прафесіі настаўніка праз матываванне старшакласнікаў на самапазнанне, развіццё здольнасцей, матываў прафесійнага выбару.


У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 800 спецыялістаў з розных краін свету, з іх больш за 600 — з дапамогай платформы ZOOM і звыш 200 — у якасці гледачоў на Youtub-канале. Усе ўдзельнікі канферэнцыі атрымаюць відэазапісы выступленняў і дыскусій, прэзентацыі і іншыя матэрыялы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.