Рэцэпты здаровага харчавання

- 11:20Дашкольная адукацыя

У сістэме харчавання дашкольнікаў існуюць праблемы, якія немагчыма вырашыць толькі з дапамогай традыцыйнай арганізацыі харчавання, бо яны абумоўлены шэрагам фактараў: прывычка бацькоў няправільна харчавацца; адсутнасць у большасці мам і татаў правільных і сістэматызаваных ведаў аб здаровым, рацыянальным харчаванні; нізкая культура харчавання і яго няправільная арганізацыя ў сям’і; агрэсіўная рэклама ў СМІ, арыентаваная на дзяцей.

Канцэпцыя арганізацыі рацыянальнага харчавання дашкольнікаў, якую мы стварылі, заключаецца ў комплексным падыходзе да вырашэння задач арганізацыі збалансаванага харчавання дашкольнікаў, шматфактарным уздзеянні на бацькоў з мэтай фарміравання ў іх матывацыі да здаровага харчавання. Задача ў тым, каб у даступнай форме раскрыць перад бацькамі актуальныя праблемы харчавання дашкольнікаў, пераканаць у неабходнасці выконваць патрабаванні і правілы дашкольнай установы па арганізацыі харчавання; праінфармаваць пра санітарна-гігіенічныя нормы, пра згубны ўплыў на арганізм дзяцей шкодных харчовых дабавак і некаторых прадуктаў — чыпсаў, сухарыкаў і інш.; пра культуру харчавання, маральныя і медыцынскія аспекты арганізацыі харчавання ў сям’і, нацэліць на выкараненне шкодных звычак (перакусаў).

Штогод мы распрацоўваем план работы па арганізацыі харчавання дзяцей. Асаблівую ўвагу ўдзяляем кантролю за правiльнасцю закладкі прадуктаў і выхадам гатовых страў, якасці прыгатаванай ежы, выкананню натуральных і грашовых норм і г.д. Сфарміравана картатэка тэхналагічных карт страў для дзяцей ранняга і дашкольнага ўзросту, у якіх указана рэцэптура, тэхналогія прыгатавання, яе характарыстыка па арганалептычных паказчыках, умовы і тэрміны прыдатнасці, звесткі пра харчовую каштоўнасць і г.д. Для дзяцей ранняга ўзросту гатуюцца пераважна тушаныя, запечаныя стравы. Складзены рэйтынг самых карысных відаў садавіны, агародніны, а таксама крупяных, мясных, кандытарскіх вырабаў. Распрацаваны мультымедыйныя прэзентацыі “Есці ў дзіцячым садзе”, “Ежа, прыгатаваная самой прыродай”, “Небяспечныя прысмакі ў харчаванні дзяцей” і іншыя. Іх мы паказваем на бацькоўскіх сходах, кансультацыях, круглых сталах. Арганізоўваем заняткі ў школе клапатлівых бацькоў, семінары-практыкумы па тэме здаровага харчавання.

У сваёй рабоце карыстаемся электроннай праграмай па складанні меню “Крошка” (ЗАТ “МАП СОФТ”), якая распрацавана на аснове дзеючых нарматыўных прававых актаў і іншых дакументаў па арганізацыі харчавання дзяцей. Работа з праграмай ажыццяўляецца праз любы інтэрнэт-браўзер, устаноўлены на камп’ютары, без прывязкі да пэўнага працоўнага месца. Да праграмы магчымы доступ з розных прыстасаванняў, падключаных да сеткі інтэрнэт.

Меню разлічана па энергетычнай каштоўнасці і хімічным складзе.

Работа па гэтай праграме дазваляе аўтаматычна рабіць усе неабходныя разлікі як у вагавым выражэнні, так і ў грашовым, фарміраваць і друкаваць неабходныя справаздачы. Значна спрашчаецца работа з накладнымі, складанне меню з улікам індывідуальнага харчавання (дыеты), карэкціроўка меню, пераразлік закладкі прадуктаў пад рэшткі, пад тару, пад фасоўку і г.д.

Аналіз хімічнага складу і каларыйнасці прадуктаў праводзіцца штомесяц, штоквартальна і за год. Складанне дзесяцідзённага меню ў электронным варыянце накіравана на рашэнне канкрэтных задач: забеспячэнне максімальна магчымай разнастайнасці харчавання; увядзенне бацькамі ў рацыён спецыяльных харчовых прадуктаў для дашкольнікаў; карэкціроўку рацыёну па бялковых, тлушчавых, вугляводных кампанентах; абмежаванне ўжывання кухоннай солі; спыненне ўжывання ў ежу кандытарскіх тлушчаў і маргарыну; большае спажыванне харчовых прадуктаў з прабіятычным дзеяннем — малочных прадуктаў з жыццяздольнай мікрафлорай.

Для забеспячэння збалансаванага харчавання і своечасовага прыняцця мер па яго карэкціроўцы тэхнолаг установы праводзіць штотыднёвы аналіз выканання норм харчавання. Кожны дзень на інфармацыйным стэндзе для бацькоў вывешваецца меню з каларыйнасцю кожнай стравы. 15% сутачнага спажывання павінна адводзіцца на вячэру дома. У кожнай групе ёсць прыкладныя сезонныя рацыёны з разліку на 10 дзён. Вывучаючы іх, бацькі атрымліваюць інфармацыю аб тым, як харчуюцца дзеці ў садзе, і бяруць для сябе ўпадабаныя рэцэпты. Выхавальнікі рэкамендуюць бацькам меню вячэры, выхаднога дня, дзеляцца рэцэптамі страў, асабліва тых, якія дзецям прыйшліся даспадобы. Вялікую ўвагу мы ўдзяляем захаванню нацыянальных традыцый і звычаяў, культуры харчавання нашых продкаў, пра якую расказваем на фальклорных святах, конкурсных мерапрыемствах. Рэцэпты беларускай кухні, якія размешчаны ў нашым электронным банку даных, карыстаюцца папулярнасцю як у педагогаў, так і ў бацькоў.

Аксана РАГАЧОВА,
загадчык ясляў-сада № 53 Магілёва.