У нядзелю, 4 верасня, у сталіцы прайшоў Мінскі паўмарафон. У гэты раз у ім прыняло ўдзел больш за 20 тысяч бегуноў, з іх — каля 6,5 тысячы студэнтаў. Разам з прафесійнымі спартсменамі, сярод якіх, дарэчы, марафонцы з сусветнымі імёнамі, беглі і чыноўнікі, і медыяперсоны. Бюджэт прызавога фонду склаў 25 тысяч долараў.
Масавы старт на праспекце Пераможцаў быў запланаваны на 11 гадзін, але ўжо ў 9 раніцы каля Палаца спорту сабраліся тысячы чалавек. Удзельнікі паўмарафону беглі тры дыстанцыі: 5,5 км, 10,55 км і 21,097 кіламетра. На самую складаную трасу — у 21,097 км — зарэгістравалася больш за 1,5 тысячы ўдзельнікаў. Прабегчы Мінскі паўмарафон прыехала і каля 650 замежнікаў — прадстаўнікоў 41 дзяржавы, у асноўным суседняй Украіны, Расіі, краін Балтыі. Аднак былі на трасе і бегуны нават з Японіі, Кеніі і Коста-Рыкі. Паток людзей расцягнуўся ад Палаца спорту па праспекце Пераможцаў аж да стэлы “Мінск — горад-герой”. Пахмурнае надвор’е, з-за якога перад стартам хваляваліся многія бегуны і гледачы, у выніку ўсім паспрыяла: удзельнікам паўмарафону не перашкодзілі ні дождж, ні яркае сонца.
Перад стартам удзельнікаў павіншаваў з Днём горада мэр Мінска Андрэй Шорац, які ўзначаліў калону на аўтамабілі. На высокую трыбуну для прывітання запрасілі і міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко. Кіраўнік спартыўнага ведамства падзякаваў усім, хто не застаўся дома і выйшаў у нядзелю на старт, пасля чаго роўна ў 11 гадзін прагучаў стрэл стартавага пісталета і людзі пабеглі па праспекце. Паток бегуноў на старце не заканчваўся на працягу шасці з паловай хвілін.
Сярод бегуноў былі і міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў з сынам, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш, рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Жук, Максім Ермаловіч — першы намеснік міністра фінансаў, прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант, а таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі і Дзмітрый Шаўцоў і першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Максім Рыжанкоў.
Нямала прыехала і прафесійных спартсменаў, напрыклад, беларуска Вольга Мазуронак, якая заваявала 5-е месца на алімпійскім марафоне ў Рыа-дэ-Жанэйра. А кампанію ёй склалі некалькі марафонцаў з сусветнымі імёнамі. Гэта такія бегуны з Кеніі, як Хілары Кіптум Мая Кімая, Уікліф Кіпкорыр Бівот, Стэла Парсосіа Джэпмесіч, Маргарэт Вамахіга Мурынгі, і ўкраінскія зоркі — Дзмітрый Лашын, Мікола Юхімчук, Вольга Скрыпа і інш.
Пераможца паўмарафону сярод жанчын Вольга Мазуронак, якая фінішавала першай і ў 2015 годзе, у гэты раз змагла прабегчы дыстанцыю 21,1 км за 1 гадзіну 11 хвілін 44 секунды і паставіла новы рэкорд мінскай трасы. Другое месца самай доўгай трасы ў бабруйчанкі Ніны Савінай — 1 гадзiна 11 хвілін 50 секунд. Бронзавы медаль у жанчын заваявала Стэла Парсосіа Джэпмесіч з Кеніі — 1 гадзiна 12 хвілін 48 секунд.
У спаборніцтвах сярод мужчын беларусы саступілі замежнікам: перамогу атрымаў Хілары Кіптум Мая Кімая з Кеніі, таксама ўстанавіўшы новы рэкорд у 1 гадзіну 3 хвіліны. Яго суайчыннік Абель Кібет Роп завяршыў паўмарафон другім — за 1 гадзіну 3 хвіліны 38 секунд. Украінец Віталь Шафар заняў 3-е месца — 1 гадзiна 4 хвіліны 12 секунд. На дыстанцыі 10 км першым фінішную стужку перасек Дзмітрый Сярогін з Латвіі — 32 хвіліны 33 секунды, а ў жанчын перамогу на сярэдняй дыстанцыі атрымала Людміла Ляховіч з Астраўца — 37 хвілін 13 секунд. На самай масавай дыстанцыі ў 5 км, удзел у якой прыняло больш за 14 тысяч чалавек, у мужчын перамогу святкаваў супрацоўнік Мінскага дэпартамента аховы Дзмітрый Граматоўскі — 16 хвілін 28 секунд. Сярод жанчын лепшы час паказала бабруйчанка Таццяна Шабанава — 19 хвілін 50 секунд.
Нагадаем: І Мінскі паўмарафон прайшоў у 2013 годзе ў Дзень горада. Ідэя шмат каму спадабалася, і мерапрыемства вырашылі зрабіць традыцыйным. У 2015 годзе Мінскі паўмарафон сабраў больш за 16 000 удзельнікаў, у гэтым — 20 000, і з гадамі гэтая колькасць, здаецца, збіраецца толькі расці.
Кацярына ЖОРАВА.
Фота Таццяны ГУШЧЫ.