У Мазырскім дзяржаўным педагагічным ўніверсітэце імя І.П.Шамякіна пастаянна адкрываюцца новыя спецыяльнасці, што дазваляе рыхтаваць настаўнікаў практычна па ўсіх школьных прадметах. Пра гатоўнасць да змяненняў і новаўвядзенняў вышэйшай школы карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказаў рэктар установы Валерый Наўныка.
— Валерый Мікалаевіч, МДПУ сёння — гэта…
— Адзін з вядучых адукацыйных, навуковых і культурных цэнтраў палескага рэгіёна. У нас створаны ўсе неабходныя ўмовы для адукацыйнай і навуковай дзейнасці, якія дазваляюць укараняць сучасныя педагагічныя тэхналогіі і развіваць прыярытэтныя навуковыя напрамкі. За амаль 80 гадоў у сценах нашага ўніверсітэта падрыхтавана звыш 50 тысяч высокакваліфікаваных спецыялістаў, большасць з якіх — педагогі.
— Як сёлета прайшла ўступная кампанія? Да якіх высноў прыйшлі пасля правядзення ўніверсітэцкай алімпіяды?
— Даволі паспяхова. Мы набралі на 18 спецыяльнасцей больш за 410 першакурснікаў на дзённую форму навучання за кошт сродкаў бюджэту. Выключна педагогаў — звыш 370 чалавек, якія пасля заканчэння ўніверсітэта пойдуць працаваць менавіта ў школу. Увогуле, у МДПУ з году ў год набор абітурыентаў павялічваецца. Так, на працягу апошніх 5 гадоў назіралася прыемная тэндэнцыя: калі ў 2019 годзе да нас паступілі 354 абітурыенты, то ў гэтым годзе ўжо 416 — гэта самы вялікі па колькасці набор на дзённую форму навучання за кошт сродкаў бюджэту за апошнія 15 гадоў. Сёлета і на завочную скарочаную форму навучання на бюджэце мы набралі больш, чым у мінулым годзе, амаль на 20%. Бо наша мэта — падрыхтоўка высокакваліфікаваных педагагічных кадраў для ўсёй краіны. Важна, каб школы былі ўкамплектаваны матываванымі, падрыхтаванымі і патрыятычна настроенымі педагогамі.
На мой погляд, універсітэцкая алімпіяда — гэта вельмі ўдалая форма падтрымкі рэгіянальных УВА. Міністэрства адукацыі вельмі своечасова дало магчымасць універсітэтам папрацаваць і залічыць у шэрагі студэнтаў самых здольных абітурыентаў. Што тычыцца нашай УВА, то на першы этап да нас прыйшлі амаль 500 старшакласнікаў, на другі — каля 300, і ўсе яны атрымалі магчымасць не толькі прадэманстраваць свае веды, але і пазнаёміцца з нашым універсітэтам. Пераможцамі сталі 32 чалавекі, у выніку 19 з іх — нашы першакурснікі.
Хочацца адзначыць, што каля 20% месцаў на такіх унікальных спецыяльнасцях, як “Тэхналагічная адукацыя (тэхнічная праца і інфарматыка)” і “Тэхналагічная адукацыя (абслуговая праца і выяўленчае мастацтва)”, былі заняты менавіта алімпіяднікамі. Дарэчы, на “Тэхнічную працу” набірае толькі наш універсітэт і ПДУ, а на “Абслуговую працу” — яшчэ і БарДУ.
У 2023/2024 навучальным годзе мы падкарэкціруем правядзенне ўніверсітэцкай алімпіяды. Сёлета яе пераможцы мелі магчымасць паступаць на 10 нашых спецыяльнасцей. Аднак зараз мы вырашылі акцэнтаваць увагу толькі на вострадэфіцытных напрамках, каб тым самым падтрымаць наступныя спецыяльнасці: “Фізіка-матэматычная адукацыя”, “Прыродазнаўчая адукацыя”, “Тэхналагічная адукацыя”, “Біялогія”, “Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя”. Прычым на “Тэхнічную працу” варта набіраць не адну групу, а дзве. На кожнага такога выпускніка прыходзіць па чатыры заяўкі, і кожны з іх можа сам выбіраць, дзе працаваць: у абласным горадзе, рэгіянальным населеным пункце ці ў сталіцы (бо і там не хапае такіх настаўнікаў).
Ёсць у нас яшчэ і спецыяльнасць “Інжынерна-педагагічная дзейнасць” з прафілізацыямі “Будаўніцтва” і “Машынабудаванне”. Гэта ўнікальная спецыяльнасць, у рамках якой ажыццяўляецца падрыхтоўка педагагічных кадраў для сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі — педагогаў і майстроў вытворчага навучання. Мы працуем над тым, каб і на гэтай спецыяльнасці былі алімпіяднікі.
— Другім этапам уступнай кампаніі — 2023 стаў мэтавы набор. Якім ён атрымаўся ў МДПУ?
— Дзякуючы асобнаму мэтаваму набору, у нас павялічылася колькасць мэтавікаў у паўтара разу. Калі ў папярэднія гады пры сярэднім наборы 350—370 абітурыентаў мэтавікаў было каля 10%, то сёлета іх прыйшло 15% — амаль 50 чалавек. Будзем імкнуцца да таго, каб у наступным годзе мэтавікаў-першакурснікаў было больш.
— У вас вучацца пераважна дзяўчаты?
— Юнакоў каля 30%, яны часцей за ўсё выбіраюць “Тэхналагічную адукацыю”, “Адукацыю ў галіне фізічнай культуры”, “Інжынерна-педагагічную дзейнасць” і “Фізіка-матэматычную адукацыю”.
У гэтым годзе мы ўпершыню набралі абітурыентаў на спецыяльнасці “Мастацкая адукацыя” з прафілізацыяй “Камп’ютарная графіка” і “Сацыяльна-педагагічная і псіхалагічная адукацыя”. Думаю, што і там будуць займацца юнакі.
Дарэчы, на “Мастацкую адукацыю”, як і на “Спецыяльную і інклюзіўную адукацыю”, сёлета былі найвышэйшыя прахадныя балы. А яшчэ ў гэтым годзе небывалы ўсплёск цікавасці да спецыяльнасцей фізічнай культуры, прычым ва ўсіх педагагічных універсітэтах краіны.
Адкрыццё новых запатрабаваных спецыяльнасцей дазваляе ажыццяўляць падрыхтоўку настаўнікаў практычна па ўсім спектры вучэбных прадметаў сярэдняй школы, а таксама вынікова рыхтаваць кадры для ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
— Ці ўзаемадзейнічаеце вы з педагагічнымі класамі?
— Безумоўна. Стварэнне педагагічных класаў — гэта вельмі правільнае рашэнне. Старшакласнікаў адбіраюць, мэтанакіравана рыхтуюць, уводзяць у прафесію яшчэ ў школе. І калі яны паступаюць ва ўніверсітэт на педагагічныя спецыяльнасці, то дакладна ведаюць, куды ідуць.
Праўда, на жаль, магу канстатаваць, што многія педкласаўцы нашага рэгіёна не карыстаюцца сваімі льготамі, а паступаюць на агульных умовах. Напэўна, неабходна скарэкціраваць крытэрыі адбору, парадак і правілы прыёму педкласаўцаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі.
— Сучасным УВА неабходна не толькі своечасова рэагаваць на новыя адукацыйныя тэндэнцыі, але нават і апярэджваць іх. Вам гэта ўдаецца?
— Спадзяюся, што так. Запатрабаванасць і канкурэнтаздольнасць нашых выпускнікоў — паказчыкі высокай якасці навучання, тэарэтычнай і практычнай прафесійнай падрыхтоўкі. Падкрэслю, што паспяховая работа з алімпіяднікамі і мэтавікамі — гэта вынік сумеснай дзейнасці з аддзеламі і ўпраўленнем адукацыі Гомельскай вобласці.
Выпускнікі МДПУ свядома ідуць у прафесію. Пра гэта сведчаць лічбы замацавальнасці маладых спецыялістаў — больш за 80%. Так, чатыры з пяці маладых педагогаў застаюцца на першых працоўных месцах пасля заканчэння тэрміну абавязковай адпрацоўкі. Дасягаецца такі паказчык дзякуючы зладжанай рабоце з упраўленнямі, аддзеламі адукацыі і непасрэдна са школамі, а таксама дзякуючы індывідуальнаму падыходу і ўліку пажаданняў выпускніка пры размеркаванні.
Нашых студэнтаў усюды прымаюць з задавальненнем. На апошнім курсе запрашаем прадстаўнікоў аддзела адукацыі, кіраўнікоў устаноў, удакладняем звесткі па вакансіях і прагаворваем усё: ад рабочых момантаў да сацыяльна-бытавых умоў. Такі падыход дазваляе выпускніку пазбегнуць ваганняў на размеркаванні, бо ён не ідзе ў невядомасць, а загадзя праінфармаваны аб сваім першым працоўным месцы. Значыць, верагоднасць
замацавання маладога спецыяліста на першым працоўным месцы пасля тэрміну абавязковай адпрацоўкі будзе максімальна высокай, ды і старт кар’еры атрымаецца больш спакойным. Увогуле, я ўпэўнены ў нашых выпускніках: яны прыйдуць у прафесію і будуць плённа працаваць.
— Зараз у многіх школах краіны напружаная сітуацыя з педагогамі. Да вас звяртаюцца па дапамогу?
— Так, штогод каля 10% нашых студэнтаў апошніх курсаў пачынаюць працаваць у школах, гэта каля 35—40 чалавек. Я лічу, гэта вельмі добрая форма паглыблення ў прафесію, бо яны на практыцы вывучаюць методыку, каляндарна-тэматычнае планаванне, работу з падручнікамі, выхаваўчую работу. Атрымліваецца своеасаблівая інтэрнатура. Падчас абароны дыпломаў такія студэнты адказваюць куды лепш за астатніх — з веданнем справы. А таму мы падтрымліваем імкненне нашых студэнтаў працаваць у школе і заўсёды ідзём насустрач установам адукацыі.
І самае галоўнае, такім чынам мы выконваем задачу, пастаўленую дзяржавай, — забяспечыць краіну педагогамі. Згадзіцеся, чым больш выпускнікоў педагагічных УВА будзе прыходзіць у сістэму адукацыі, тым больш упэўнена будзе развівацца гэтая сфера, як у вёсцы, так і ў горадзе.
— Валерый Мікалаевіч, амаль 25 гадоў вашага жыцця звязаны з МДПУ. Прыгадайце ваш шлях да пасады рэктара.
— У 2003 годзе я з адзнакай скончыў сваю альма-матар, але, на жаль, у школу не трапіў. У той час былі вялізныя выпускі па нашай спецыяльнасці, таму я пачаў працаваць малодшым навуковым супрацоўнікам брэсцкага філіяла Інстытута радыялогіі ў Пінску. Потым паступіў і скончыў аспірантуру, быў асістэнтам кафедры тэарэтычнай фізікі, а ў 2008 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Узаемадзеянне светлавых хваль у адбівальнай геаметрыі ў кубічных фотарэфрактыўных п’езакрышталях”. Праз пару гадоў мне прысвоілі званне дацэнта па спецыяльнасці “Фізіка”. У 2010-м стаў дэканам факультэта тэхналогій, восенню 2016-га — прарэктарам па навуковай рабоце, а апошнія пяць гадоў працую рэктарам.
Аднак усе гады займаюся выкладчыцкай дзейнасцю па дысцыплінах “Механіка”, “Электрычнасць”, “Электраабсталяванне”, “Сацыяльная статыстыка і дэмаграфія”. Але бяруся за чытанне толькі тых лекцый, якія я магу расказаць так, каб мяне слухалі. Тут хочацца прыгадаць маіх выкладчыкаў Андрэя Леанідавіча Галазубава і Васіля Васільевіча Шапялевіча. Яны мне гаварылі: па-першае, калі пішаш формулу на дошцы, нават будучы выкладчыкам, не саромейся падглядаць яе ў канспекце, бо памяць можа і падвесці, а па-другое, калі на лекцыі не прагучала ніводнага пытання, значыць, яна прайшла дарэмна. Каб уключыць студэнтаў у вучэбны працэс, трэба ў час той жа лекцыі сказаць, напрыклад, што той, хто знойдзе чатыры памылкі, атрымае дадатковую палову бала на экзамене, а калі выправіць восем памылак — цэлы бал. На сваіх занятках я ніколі нічога не дыктую, бо калі хочаш адбіць цікавасць да свайго прадмета, прымусь навучэнцаў пісаць лекцыі пад дыктоўку.
— У такім выпадку не магу не запытаць: у чым сіла педагагічнай прафесіі?
— Сэрца настаўніка ніколі не старэе, бо праз вучняў душа лечыцца! Да гэтай высновы мяне падвялі нашы педагогі, якія ўсё жыццё адпрацавалі ва ўстановах адукацыі. У наш універсітэт перыядычна прыязджаюць выпуcкнікі, якія скончылі яго і сорак, і пяцьдзясят гадоў назад. Кожны раз мы бачым шчырасць, добразычлівасць і бадзёрасць нашых ветэранаў-выпускнікоў, іх дзіцячую непасрэднасць і ўдзячнасць сваёй альма-матар, і пераконваемся, што тым, хто прысвяціў сваё жыццё педагогіцы, удалося захаваць сваю душу маладой. Ды і ці можа быць інакш, калі педагог — гэта інжынер душы, інжынер нашай будучыні!
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара