Пра вопыт арганізацыі павышэння кваліфікацыі для дырэктараў устаноў адукацыі краіны і планах на найбліжэйшую перспектыву карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала рэктар Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Лапацінская.
— Вольга Віктараўна, што сёння складае актуальны кантэкст інстытута?
— Асноўнай для інстытута была і застаецца адукацыйная дзейнасць. Калі гаварыць пра павышэнне кваліфікацыі, то мы рэалізуем больш за 60 праграм. Мерапрыемствы ў названым напрамку штогод аб’ядноўваюць звыш пяці тысяч педагагічных работнікаў і каля тысячы спецыялістаў органаў дзяржаўнага кіравання. Інстытут мае 118 апорных устаноў адукацыі ў 16 раёнах вобласці, выбудавана моцная практыка-арыентаваная сістэма. У прыватнасці, мы запусцілі абласны творчы праект па распрацоўцы рабочых сшыткаў для слухачоў нашых курсаў і ўкараняем іх у шырокую адукацыйную практыку. Неабходна адзначыць, што інстытут комплексна выкарыстоўвае інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, што значна павысіла мабільнасць і дало магчымасць аператыўна рэагаваць на выклікі часу. Напрыклад, падчас пандэміі гэта дазволіла яшчэ да старту адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу, у распрацоўку якога метадысты інстытута і настаўнікі вобласці зрабілі значны ўклад, арганізаваць на нашым сайце работу тэматычнага медыягіда па вучэбных прадметах, дзе мы выкладвалі ў запісе паўнавартасныя ўрокі.
— А што назавяце з нядаўніх падзей?
— Сёлета мы адкрылі першы ў Беларусі абласны рэсурсны цэнтр па ваенна-патрыятычным выхаванні. З дзецьмі працуюць многія падобныя цэнтры, адметнасць нашага заключаецца ў мэтавай аўдыторыі: ён нацэлены на дапамогу педагогам — кіраўнікам па ваенна-патрыятычным выхаванні і ўсім, хто задзейнічаны ў арганізацыі работы ваенна-патрыятычных класаў і клубаў, пошукавых аб’яднанняў па інтарэсах. Гэта надзвычай запатрабаваны рэсурс, тым больш што Віцебшчына можа падзяліцца ўнікальнымі напрацоўкамі ў азначаным напрамку. Варта ў сувязі з гэтым прыгадаць маштабныя абласныя праекты “Полацкі рубеж” і “Марафон Памяці” або ўдзел настаўніка гісторыі Віцебскага кадэцкага вучылішча Мікалая Півавара ў даследаванні фактаў генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Віцебскага раёна. Новы рэсурсны цэнтр, створаны ў супрацоўніцтве з сацыяльнымі партнёрамі, з’яўляецца пляцоўкай для ўзаемадзеяння, назапашвання і абмену каштоўным педагагічным вопытам. Характэрна, што аснова суправаджэння яго дзейнасці — інфармацыйны партал “Ваенрук” — распрацоўка Івана Здзесева, пераможцы рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі — 2023”. Мы дапамаглі рэалізаваць інавацыйны стартап, і цяпер Іван Аляксандравіч узначальвае цэнтр выхаваўчай і ідэалагічнай работы інстытута.
— Ці ёсць у вашай практыцы адметныя праекты, звязаныя з работай ВМК?
— Безумоўна. Так, трэці год мы рэалізуем абласны праект “Асяроддзе ВМК”. Кожную трэцюю сераду месяца праводзім пасяджэнні, на якія запрашаюцца ўсе загадчыкі вучэбна-метадычных кабінетаў. Абмяркоўваем надзённыя праблемы, тэндэнцыі і пытанні развіцця сучаснай сістэмы адукацыі, навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, актуальныя аспекты выхаваўчай работы, прэзентуем вопыт абласных рэсурсных цэнтраў, акумулюем запыты нашых педагогаў, розныя меркаванні, практыкі і падыходы. Гэта важная пляцоўка для хуткай зваротнай сувязі, вызначэння кропак росту, дзе калектыўны педагагічны патэнцыял рэгіёна здольны даць максімальна эфектыўны вынік.
— Характарыстыка “першы з адкрытых у рэспубліцы” адносіцца не толькі да рэсурснага цэнтра па ваенна-патрыятычным выхаванні?
— У кожнай са сваіх ініцыятыў абапіраемся на наяўны вопыт. Так, на базе інстытута функцыянуе абласны цэнтр па духоўна-маральным выхаванні. Мы вынікова супрацоўнічаем з Беларускай Праваслаўнай Царквой. Напрыклад, першымі ў краіне распрацавалі і ажыццявілі праект стварэння ініцыятыўных груп, якія сёння дзейнічаюць ва ўсіх раёнах вобласці, аб’ядноўваючы педагагічных работнікаў і прадстаўнікоў царквы. На працягу амаль дваццаці гадоў у нас на рэгулярнай аснове праходзяць адкрытыя абласныя Стрэчанскія, Кірыла-Мяфодзіеўскія педагагічныя чытанні. Нядаўна ў рамках дзейнасці цэнтра мы далі старт рэспубліканскаму інавацыйнаму праекту “Укараненне мадэлі выкарыстання драматызацыі як сродку духоўна-маральнага развіцця навучэнцаў (на прыкладзе традыцыйнага беларускага тэатра “Батлейка”)”, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце Вольга Волкава з’яўляецца яго кіраўніком. Выбудавана эфектыўная рэгіянальная сістэма работы з высокаматываванымі і адоранымі дзецьмі. Нядаўна нашы навучэнцы парадавалі на заключным этапе алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы: як і ў мінулым годзе, у вобласці 1-е месца ў камандным заліку. Першымі ў рэспубліцы пры падтрымцы Парка высокіх тэхналогій мы адкрылі абласны рэсурсны цэнтр педагагічнай STEM-адукацыі. Першымі ў рэспубліцы правялі на яго базе павышэнне кваліфікацыі. Увогуле мы многае робім па навукова-метадычным суправаджэнні развіцця ІКТ-кампетэнтнасці нашых педагогаў, а ва ўзаемадзеянні з ПВТ трывала займаем лідарскія пазіцыі. Невыпадкова кожны трэці выхаванец і навучэнец, задзейнічаны ў айчынным STEM-руху, — з Віцебскай вобласці. У рэгіёне ёсць шэраг ключавых цэнтраў, дзе гэтую работу можна ажыццяўляць на сістэмнай аснове, — найперш гэта Орша, Глыбокае, Лёзна і Дуброўна.
— Інстытут мае вопыт арганізацыі павышэння кваліфікацыі для дырэктараў устаноў адукацыі краіны. Па якіх напрамках яно праводзілася?
— У рамках рэалізацыі рэспубліканскага праекта па мадэрнізацыі сістэмы адукацыі мы выйгралі тэндары на распрацоўку навукова-метадычнага суправаджэння і правядзенне павышэння кваліфікацыі кіраўнікоў устаноў адукацыі. Адпаведна, у снежні 2020-га і сакавіку 2021 года на нашай базе павышэнне кваліфікацыі прайшлі 50 кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэспублікі па дзвюх праграмах, якія закраналі новыя падыходы да ацэнкі якасці адукацыі і ўдасканальвання школьнага адукацыйнага асяроддзя. Сёлета інстытут прайшоў сертыфікацыйны аўдыт адукацыйнай дзейнасці па павышэнні кваліфікацыі, стажыроўцы кіруючых работнікаў і спецыялістаў, навукова-метадычнай, арганізацыйна-метадычнай, інфармацыйна-аналітычнай, каардынуючай рабоце. У чэрвені мы першымі ў краіне атрымалі сертыфікат адпаведнасці сістэмы менеджменту павышэння кампетэнтнасці патрабаванням стандарту СТБ ISO 21001-2021. Кожнаму прафесіяналу, асабліва працуючаму ў сістэме кіравання адукацыяй, гэты факт пра многае гаворыць.
— ВАІРА штогод праводзіць больш за 300 мерапрыемстваў міжкурсавога перыяду…
— Сярод іх навукова-практычныя канферэнцыі, пасяджэнні клубаў, тэматычныя і пастаянна дзеючыя семінары, адукацыйныя чытанні, вучэбныя курсы па запытах на самую актуальную тэматыку. Вялікую ўвагу ўдзяляем мерапрыемствам па рэалізацыі рэспубліканскай Праграмы бесперапыннага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі на 2021—2025 гады, адпаведных комплексных рэгіянальных праграм. Вопыт нашых устаноў адукацыі дастаткова эфектыўны, прычым мы на пастаяннай аснове праводзім комлексны аналіз лепшых яго ўзораў для наступнага масавага ўкаранення. Калі гаварыць пра шосты школьны дзень, то па выніках рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па яго арганізацыі прадстаўнікі Віцебшчыны практычна штогод уваходзяць у лік пераможцаў, у скарбонцы некаторых устаноў па некалькі дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеней. У рамках удасканальвання методыкі рэалізацыі рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага праекта “Школа актыўнага грамадзяніна” інстытут акумулюе лепшыя метадычныя матэрыялы, якія потым размяшчаюцца на сайце Нацыянальнага інстытута адукацыі. Багаты вопыт, на рэспубліканскім узроўні рэкамендаваны да распаўсюджвання ў іншых рэгіёнах, мы маем па метадычным суправаджэнні праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”.
— Якія асаблівасці мае работа з маладымі педагагічнымі кадрамі?
— Аснова асноў, як і ў любой справе, — сістэмнасць у спалучэнні з лепшымі традыцыямі і наватарскімі ідэямі. Калі браць пад увагу асобныя ключавыя элементы сістэмы, то ў рамках школы маладога педагога мы праводзім вучэбныя курсы па адпаведных праграмах. Акрамя таго, актыўна задзейнічаны кансультацыйныя пункты інстытута і інфармацыйны партал “Студыум маладога педагога”. Сёлета стартаваў цікавы абласны творчы праект, заснаваны менавіта на ідэі настаўніцтва, перадачы педагагічнага вопыту з пакалення ў пакаленне. З мерапрыемстваў, арыентаваных на педагогаў са стажам работы да трох гадоў, самае папулярнае ў рэгіёне — мітап “#Вышэй!”. Моладзь актыўна ўдзельнічае ў адкрытым абласным конкурсе медыяўрокаў “#Маладыя_педагогі #new_generation” для прадстаўнікоў устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Поруч з больш вопытнымі калегамі маладыя спецыялісты спрабуюць сілы ў абласным конкурсе прафесійнага майстэрства для педагогаў сацыяльных “ПРОФІ-педагог”, абласным конкурсе праектаў у кірунку духоўна-маральнага выхавання “Скарбніца мудрасці”. Між іншым назіраем такую тэндэнцыю: да пералічаных мерапрыемстваў сталі актыўна падключацца маладыя педагогі з Расіі, прычым не толькі з блізкіх да нас Пскова і Смаленска, але і ў дыстанцыйным фармаце з Новасібірска, Омска, Ханты-Мансійска. Вопыт лепшых менеджарскіх практык у сферы адукацыі, кіравання ўстановай агульнай сярэдняй адукацыі акумулюецца на абласным конкурсе “Кіраўнік года”, сёлета мы правялі яго трэці раз. У цэлым жа на базе інстытута функцыянуюць восем прафесійных клубаў і педагагічных супольнасцей, праз якія мы курыруем канкрэтныя напрамкі дзейнасці. Старажылам тут з’яўляецца абласны клуб педагагічных работнікаў сістэмы дашкольнай адукацыі “Праблемы. Пошукі. Знаходкі”, які ў мінулым годзе адзначыў 35-годдзе. Самы малады — абласны клуб педагогаў-псіхолагаў “Альянс”, якому ўсяго год.
— Якія ў інстытута і рэгіянальнай педагагічнай супольнасці планы на найбліжэйшую перспектыву?
— Нашы планы закранаюць усе напрамкі дзейнасці інстытута: і адукацыйны турызм, і работу з класамі педагагічнай і аграрнай накіраванасці, дзе ў нас назапашаны значны вопыт, і міжнароднае супрацоўніцтва, у якім інстытут значна прыбавіў за апошні час, і новыя праекты. Напэўна, пакуль не буду гаварыць пра ўсё задуманае ў падрабязнасцях. Хаця пра два мерапрыемствы скажу абавязкова — гэта абласны конкурс вучэбна-метадычных кабінетаў і наша, як яе трапна назвалі настаўнікі, абласная педагагічная ёлка. Размова пра кванторыум “ВАІРА: тэрыторыя прафесійнага росту”, дзе традыцыйна напярэдадні Новага года збіраюцца ўдзельнікі педагагічных клубаў і сеткавых супольнасцей вобласці, каб творча расказаць пра свае самыя важкія здабыткі, абмяняцца вопытам. Мяркуючы па папярэдніх выніках, будзе шмат пазітыву і прыемных сюрпрызаў.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота прадастаўлена ВАІРА