Рэктар ВДТУ: «Галоўнае для нас — інжынерныя кадры»

- 13:25Интервью, Образование

Як сёння развіваецца Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт — сапраўдная кузня кадраў для лёгкай прамысловасці краіны, карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася ў рэктара ўстановы, доктара тэхнічных навук, прафесара Андрэя Кузняцова.

— Андрэй Аляксандравіч, у Віцебскай вобласці пяць устаноў вышэйшай адукацыі. Чым ВДТУ вылучаецца на іх фоне?

— Адметная асаблівасць Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта — шматпрофільнасць, бо мы рыхтуем не толькі інжынераў розных прафілізацый (механікаў, энергетыкаў, праграмістаў), але і дызайнераў, эканамістаў і экспертаў у галіне стандартызацыі і сертыфікацыі.

Усяго ж у нас падрыхтоўка спецыялістаў вядзецца па трох напрамках. Першы — дызайнерскі. Другі — эканамічны, калі мы абаранялі кантрольныя лічбы прыёму па сістэме дзяржзаказу кад­раў, то ўбачылі, што да 2028 года больш за сто эканамістаў неабходна будзе Віцебскай вобласці. Трэці напрамак — інжынерны, падрыхтоўка такіх спецыялістаў вядзецца на факультэце вытворчых тэхналогій і факультэце інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі.

Дарэчы, летась з усіх УВА вобласці наш універсітэт адзiн з ня­многiх, хто на 100% выканаў кант­рольныя лічбы прыёму. Думаю, нам гэта ўдалося дзякуючы актыўнай прафарыентацыйнай рабоце, да якой мы заўсёды падыходзім з вялікай адказнасцю.

Сёлета мы плануем набраць на дзённае аддзяленне звыш 400 чалавек: амаль 340 бюджэтнікаў і крыху больш за 60 платнікаў, якія збіраюцца вучыцца ў асноўным на дызайнерскіх спецыяльнасцях.

— ВДТУ застаецца кузняй кадраў для лёгкай прамысловасці?

— Так. Увогуле, мы аптымізавалі структуру ўніверсітэта такім чынам, каб ён быў самадастатковым і вырашаў асноўныя задачы па падрыхтоўцы інжынерных кад­раў і спецыялістаў лёгкай прамысловасці для ўсёй краiны.

Нагадаю, Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт — пераемнік заснаванага ў 1965 го­дзе Віцебскага інстытута лёгкай прамысловасці. Сёння мы адзіны ўніверсітэт у Беларусі, які рыхтуе спецыялістаў для лёгкай i тэкстыльнай прамысловасці.

Нам удалося не страціць уні­кальных спецыялістаў. Напрыклад, па такой спецыяльнасці, як “Тэхналогія трыкатажнай вытворчасці”, ужо практычна ні­дзе на ўсёй постсавецкай прасторы не займаюцца падрыхтоўкай. А я нават у самыя няпростыя гады ра­зумеў, што настане час, калі бу­дуць запатрабаваны і трыкатажнікі, і ткачы, і канструктары-швейнікі, і тэхнолагі-швейнікі. Сёння я ганаруся, што нам удалося заха­ваць савецкую школу пад­рыхтоўкі, у тым ліку і швейныя лабараторыі, дзе нашы студэнты могуць не толькі распраца­ваць тэхналогію-канструкцыю, але і рэалізаваць яе.

Канечне, вялікая заслуга ў гэтым прафесараў і выкладчыкаў. Больш за 50% з іх маюць вучоныя ступені і званні. У нас выдатная адукацыйная траекторыя: магістратура — аспірантура — дактарантура. Акрамя таго, ВДТУ — адзіны сярод рэгіянальных УВА — мае свой доктарскі савет па абароне дысертацый эканамічнага профілю. Штогод адбываецца 2—3 абароны кандыдацкіх даследаванняў. Сёлета ўжо дзве кандыдацкія абаронены — Кацярынай Мялеевай і Мар’яй Дзямідавай. Першая працавала з тканінамі Аршанскага льнокамбіната з кароткавалакністага лёну, які вельмі цяжка перапрацоўваецца. Каця стварыла новы асартымент касцюмных тканін. А Маша — інжынер-эканаміст, яна захапілася распрацоўкай нанавалакністых матэрыялаў для касметалогіі і медыцыны і абаранілася па гэтым напрамку.

— Сёння раяць знаёмства з універсітэтам пачы­наць яшчэ ў школе. Гэтаму бу­дуць спрыяць і інжынерныя класы, якія актыўна пачалі адкрывацца. Наколькі яны эфектыўныя?

— Інжынеры адыгрыва­юць ключавую ролю ў павышэнні эфектыўнасці вытворчасці прадуктаў рознага прызначэння і паляпшэнні якасці жыцця людзей, пашыраюць межы чалавечых магчымасцей, увасабляючы новыя праекты і тэхналогіі. Інжынерныя класы — добры спосаб давесці гэтую інфармацыю да свядомасці школьнікаў, дапамагчы ім атрымаць запатрабаваную прафесію і ў будучыні працаваць у вядучых кампаніях краіны.

У канцы жніўня — пачатку верасня мы прапанавалі многім школам, дзе вядзецца фізіка-матэматычная падрыхтоўка, адкрыць інжынерныя класы. Цяпер у нас заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве па інжынерным профілі з 21 установай агульнай сярэдняй адукацыі Віцебскай вобласці: 7 школамі Віцебска і 14 школамі розных раёнаў нашага рэгіёна.

Кожны месяц факультэт вы­творчых тэхналогій і факультэт інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі праводзяць для вучняў такіх класаў тэматычныя майстар-класы на базе ўніверсітэта. Мы актыўна выкарыстоўваем і фармат анлайн-сустрэч, якія даз­валяюць адначасова ахапіць не­абмежаваную колькасць навучэнцаў з розных раёнаў.

ВДТУ рэгулярна арганізоўвае розныя майстар-класы, акцыю “Стань студэнтам на адзін дзень”, экскурсіі як па ўніверсітэце, так і на прадпрыемствы, з якімі супрацоўнічаем і дзе могуць працаваць будучыя інжынеры. Напрыклад, у лютым вучні інжынернага класа гімназіі № 8 Віцебска пабывалі на “Энергакамплекце”. У найбліжэйшы час мы запланавалі шмат экскурсій для школьнікаў на базавыя прадпрыемствы, з якімі супрацоўнічаем.

Думаю, што ў наступным годзе ў нас будуць аб’ектыўныя падставы для павелічэння кантрольных лічбаў прыёму, бо мы ўжо будзем ведаць, колькі навучэнцаў інжынерных класаў збіраецца прыйсці да нас. Таму я перакананы, што ідэя інжынерных класаў вельмі добрая, бо стане сапраўднай падпіткай для абласных універсітэтаў.

— Адна з новых траекторый паступлення ў рэгіянальныя УВА — удзел ва ўніверсітэцкай алімпіядзе. Як яна прайшла ў вас?

— Летась мы праводзілі ўніверсітэцкую алімпіяду па двух прадметах — матэматыцы і працоўным навучанні. Матэматыка неабходна для інжынерных спецыяльнасцей, а праца — для “Тэхналогіі і канструявання швейных вырабаў”. У заключным этапе прынялі ўдзел 135 школьнікаў з розных рэгіёнаў краіны. 26 сталі пераможцамі і ўладальнікамі дыпломаў І, ІІ, ІІІ ступені, 13 з іх паступілі да нас.

У гэтым навучальным годзе пашырылі спіс прадметаў і спе­цыяльнасцей для паступлення: дабавілі англійскую мову, што дало магчымасць паступіць на спецыяльнасці эканамічнага профілю. Да заключнага этапу дайшлі 318 навучэнцаў розных школ не толькі Віцебскай вобласці, але і іншых рэгіёнаў. У выніку пераможцамі сталі 63 чалавекі. Спадзяёмся, што сёлета да нас паступіць больш пераможцаў універсітэцкай алімпіяды на розныя спе­цыяльнасці.

— ВДТУ мае больш за 200 заказчыкаў кадраў. А ці праяў­ляюць яны актыўнасць у плане мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў?

— Нашы выпускнікі запатрабаваны на прадпрыемствах усёй краіны. Аналіз геаграфіі размеркавання паказвае, што найбольшая колькасць нашых выпускнікоў (60—70%) уладкоўваецца ў Віцебскай вобласці, каля 20% — у Мінскай вобласці, 5—10% — у іншых рэгіёнах. У асноўным маладыя спецыялісты ідуць працаваць у буйныя кампаніі лёгкай прамысловасці.

Канечне, мэтавыя дагаворы з’яўляюцца гарантам для кіраў­ніцтва прадпрыемства, што да іх як мінімум на пяць гадоў прыйдзе кваліфікаваны спецыяліст. Аднак трэба разумець, што папаўненне будзе не заўтра і нават не паслязаўтра, а толькі пасля заканчэння ўніверсітэта. Менавіта таму трэба шукаць будучых супрацоўнікаў сярод выпускнікоў школ.

Сёння мы бачым, што мэтавыя месцы гатовы прадаставіць добрыя прадпрыемствы. У мінулым годзе было толькі дзве заяўкі на мэтавае навучанне, але ў гэтым, я ўпэўнены, іх будзе ў разы больш, прычым не толькі на спецыяльнасці лёгкай прамысловасці, але і на спецыяльнасці, неабходныя рэгіянальнай эканоміцы, — “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей” і “Тэхналогія машынабудавання, металарэжучыя станкі і інструменты”. Некаторыя прадпрыемствы заявілі, што будуць даваць дадатковую стыпендыю сваім студэнтам-мэтавікам.

Мы заўсёды імкнёмся да таго, каб і рэгіянальная адукацыя адпавядала ўсім сусветным стандартам.

— Вашы студэнты годна прадстаўляюць універсітэт ва ўсіх сферах: навуковай, спартыўнай, творчай.

— Так, бо ў ВДТУ створаны ўсе ўмовы для студэнцкай самарэалізацыі. Зараз у нас 18 груп спартыўнага ўдасканалення. Ёсць свой спарткомплекс з 25-метровым басейнам і 5 дарожкамі, вялікая спартзала, зала аэробікі, трэнажорная зала, шматфункцыянальны стадыён — усё ў крокавай даступнасці. Штогод да нас паступае каля 30—40 спартсменаў, якія паказваюць высокія спартыўныя вынікі. Дзякуючы ім, універсітэт нядрэнна выглядае на рэспубліканскім узроўні па розных відах спорту. Так, па лёгкай атлетыцы мы сёлета першыя ў рэспубліцы, а па валейболе тры гады першыя ў краіне.

Творчыя ж здольнасці нашы навучэнцы развіваюць у цудоўным, вельмі ініцыятыўным студэнцкім клубе. У яго ўваходзяць 5 творчых калектываў: народны студэнцкі харэаграфічны ансамбль “Віцябчанка”, студыя эстраднага танца V.I.P., арт-група DVORы, вакальная студыя “Вялікі перапынак”, а таксама студэнцкі Дом моды, дзе шляхам доўгай і плённай працы ствараюць сапраўдных каралеў прыгажосці. Нядзіўна, што нашы студэнты рэгулярна займаюць прызавыя месцы на рэспубліканскіх конкурсах “Студэнт года” і “Каралева Студэнцтва”.

На першы курс да нас паступае амаль 400 чалавек. Мы стараемся сустрэцца з кожным, даведацца пра яго інтарэсы, здольнасці і памкненні, а затым падказаць, накіраваць і зацікавіць. Бо ў нас усе навідавоку. У гэтым наша няхай і невялікая, але перавага, дзякуючы якой нашы студэнты адчуваюць сябе часткай вялікай згуртаванай сям’і. Шматлікія мерапрыемствы аб’ядноўваюць нашых навучэнцаў. Усё гэта спрыяе таму, што многія з іх застаюцца ва ўніверсітэце, працягваюць свае навуковыя даследаванні, супрацоўнічаюць з прадпрыемствамі рэгіёна і вядуць актыўнае грамадскае жыццё.

— Галоўная задача сучаснага кіраўніка — ісці ў нагу з часам і аператыўна пры­маць рашэнні. Вам гэта ўдаецца?

— Спадзяюся, што так. У ВДТУ рэгулярна абнаўляюцца вучэбна-навуковыя лабараторыі, адукацыйныя цэнтры і вучэбна-вытворчыя майстэрні. Універсітэт забяспечвае падрыхтоўку спецыя­лістаў новай фармацыі, здольных вырашаць сучасныя вытворчыя задачы і хутка адаптавацца ў рэальным сектары эканомікі.

Да таго ж у нашым УВА моцны карпаратыўны дух і беражлівыя адносіны да традыцый, сфарміраваныя не адным пакаленнем студэнтаў і выкладчыкаў. За амаль 60 гадоў сваёй гісторыі ВДТУ стаў брэндам, які асацыіруецца з якасцю ў сферы тэкстыльнай прамысловасці.

Дарэчы, 30 гадоў майго жыцця звязаны менавіта з гэтым універсітэтам. Я тут прайшоў шлях ад старшага лабаранта да пасады рэктара, на якой працую ўжо 8 гадоў. Але па-ранейшаму я чытаю лекцыі па фізіцы і кожны раз пытаюся ў студэнтаў: ці ёсць пытанні па тэме лекцыі, а ці ёсць пытанні да рэктара? Калі праблемы агучваюцца, ніколі не пакідаю іх без увагі, бо заўсёды пазіцыяную ВДТУ як універсітэт з сямейнай атмасферай.

— Аб чым вы марыце як рэктар?

— Каб у першы дзень адкрыцця дзвярэй прыёмнай камісіі ў нас стаяла чарга, каб мы набіралі выключна матываваных і годных абітурыентаў, якія хочуць і мо­гуць вучыцца.

— Андрэй Аляксандравіч, дзякуй за цікавую размову!

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара