Рэспубліка ў гімназіі

- 11:42Навіны рэгіёнаў

Падрастаючае пакаленне неабходна загадзя рыхтаваць да самастойнага жыцця ў соцыуме. Настаўнікам трэба ўдзяляць увагу навучанню дзяцей уменням узаемадзейнічаць з іншымі людзьмі, адстойваць свой пункт гледжання. Іншымі словамі — фарміраваць грамадзянскую культуру вучняў, бо менавіта яе наяўнасць адыгрывае асноўную ролю ў іх будучай паспяховай сацыялізацыі.

У гэтым перакананы педагагічны калектыў гімназіі № 1 Бабруйска. Грамадзянскую адказнасць у гэтай установе дзецям прывіваюць не ў тэорыі, а на практыцы. У гімназіі на працягу ўжо амаль дваццаці гадоў дзейнічае сапраўдная Школьная Рэспубліка.

— Школьная Рэспубліка — наша аўтарская мадэль вучнёўскага самакіравання. Яна была створана для прадастаўлення навучэнцам магчымасцей самарэалізацыі. Кожны вучань можа рэалізаваць сябе, беручы ўдзел у рабоце органаў класнага і гімназічнага кіравання. Гэта дае дзецям магчымасць сфарміраваць асабістыя якасці, што дапамагаюць ім у далейшым жыць у грамадстве, ведаць і выконваць свае грамадзянскія правы і абавязкі, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Раманько.

У імправізаванай дзяржаве гімназістаў усё як у рэальнасці. Тут жывуць па прынцыпах сваёй канстытуцыі, распрацаванай навучэнцамі і педагогамі. Грамадзяне Школьнай Рэспублікі цвёрда выконваюць неад’емнае права чалавека на індывідуальнасць. Усе вучні могуць вылучыць сваю кандыдатуру і быць выбранымі на любую пасаду, у тым ліку і прэзідэнта. Адметна, што выбары тут праходзяць у поўнай адпаведнасці з тым, як гэты палітычны працэс адбываецца ў жыцці.

— Задоўга да выбараў мы пачынаем перадвыбарную кампанію. Загадам дырэктара прызначаецца цэнтральная выбарчая камісія, у склад якой уваходзяць старшакласнікі і педагог-арганізатар. Цэнтрвыбаркам праводзіць сацыялагічнае апытанне сярод вучняў, пасля якога выбіраюцца кандыдаты ў прэзідэнты, праводзіцца іх рэгістрацыя згодна з зацверджанымі тэрмінамі. Кандыдаты рыхтуюць перадвыбарныя праграмы, якія вывешваюць на інфармацыйны стэнд, праводзяць сходы і сустрэчы са сваімі выбаршчыкамі. У дзень выбараў цэнтрвыбаркам з апячатанай урнай праходзіць па класах і праводзіць галасаванне. Уступленне выбранага прэзідэнта на пасаду праходзіць падчас дня Школьнай Рэспублікі, — патлумачыла Вольга Іванаўна.

Гэты дзень становіцца маштабным гімназічным святам. Акрамя розных забаўляльных мерапрыемстваў, арганізуецца ўрачыстая цырымонія прыняцця прысягі прэзідэнтам. Акрамя гэтага, указам кіраўніка рэспублікі ствараецца савет камандзіраў, які прадстаўляе заканадаўчы орган, а таксама зацвярджаецца склад кабінета міністраў, які адказвае ў школьнай краіне за выканаўчую ўладу.

— Кабінет міністраў — калектыў, які робіць вучнёўскае жыццё разнастайным і цікавым. У кожнага міністра свой участак работы. У нашай рэспубліцы ёсць міністэрства адукацыі, дзе займаюцца дыягностыкай вучэбнага працэсу, арганізацыяй разнастайных вучэбных мерапрыемстваў. У міністэрстве культуры арганізуюць святочныя дні. Міністэрства сацыяльнай падтрымкі аказвае шэфскую дапамогу сіротам, дзецям з асаблівасцямі, ветэранам і адзінокім пенсіянерам. Міністэрства друку і інфармацыі ажыццяўляе выпуск тэматычных лісткоў, газет, афармленне школьных стэндаў. Супрацоўнікі міністэрства экалогіі праводзяць экалагічныя вечары, конкурсы, лекторыі, каардынуюць азеляненне прышкольнай тэрыторыі і вучэбных кабінетаў. У міністэрстве здароўя прапагандуюць здаровы лад жыцця. Не бяздзейнічаюць і ў міністэрстве спорту і турызму. У гэтым ведамстве далучаюць гімназістаў да актыўных заняткаў спортам і фізічнай культурай, — адзначыла Вольга Раманько.

За гады існавання Школьнай Рэспублікі тут укараніліся свае традыцыі. Але юныя кіраўнікі пастаянна знаходзяць новыя лініі развіцця. Так, тры гады назад дзеці адкрылі дадатковыя пункты ўзаемадзеяння з гімназіяй № 1 Новамаскоўска, з якой у бабруйскай першай гімназіі падпісаны дагавор аб супрацоўніцтве. Пад курацыяй сваіх педагогаў гімназісты ў анлайн-рэжыме абменьваюцца вопытам па фарміраванні сацыяльнай паспяховасці. У рамках рэалізацыі спецыяльна распрацаванай праграмы яны стварылі агульную групу ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. Штомесяц навучэнцы дзвюх устаноў праводзяць розныя па форме і змесце мерапрыемствы з дапамогай Skype: канферэнцыі, вэбінары, круглыя сталы, завочныя экскурсіі, дыскусіі, майстар-класы, дабрачынныя акцыі.

— Асаблівую цікавасць у вучняў абедзвюх гімназій выклікала сумесная акцыя “Белы жураўлік”, прысвечаная памяці людзей, якія загінулі падчас войнаў і ўзброеных канфліктаў. Навучэнцы ўшанавалі памяць загінуўшых у Хатыні і Хірасіме, Грозным і Каспійску, Нью-Ёрку і Маскве, Багдадзе, Беслане і ва Украіне хвілінай маўчання. Гімназісты таксама аказалі падтрымку хворым дзецям, скарыстаўшыся сістэмай SMS-ахвяраванняў і адправіўшы грошы на дабрачынны рахунак. Затым бабруйскія і новамаскоўскія падлеткі адпусцілі ў неба папяровых жураўлікаў, якіх зрабілі сваімі рукамі. Яны сталі своеасаблівым сімвалам неабходнасці аказання бязвыплатнай дапамогі, — расказала Вольга Іванаўна.

Орган вучнёўскага самакіравання фарміруе дух усяго калектыву гімназіі. Маральна-этычныя каштоўнасці і атмасфера падтрымліваюцца спецыяльнымі правіламі: добраахвотнасць, творчасць, пошук. Навучэнцы, што кіруюць Школьнай Рэспублікай, становяцца больш дысцыплінаванымі, у іх павышаецца пачуццё адказнасці за сябе і за справу, якой яны займаюцца. Жыццё гэтых дзяцей набывае мэтанакіраваны характар. Яны атрымліваюць магчымасць праверыць свае здольнасці і рэалізаваць сябе.

— Работа ў органах самакіравання правярае гатоўнасць дзяцей да самастойнасці. Станоўчы прыклад старшакласнікаў-кіраўнікоў матывуе да самаразвіцця астатніх навучэнцаў, — падкрэсліла Вольга Іванаўна.

Вучнёўская краіна паспяхова існуе ўнутры гімназіі 19 гадоў. За гэты час змянілася не адно пакаленне прэзідэнтаў і міністраў, але цікавасць да такой формы актыўнай дзейнасці ў дзяцей не знікае. Адміністрацыя ўстановы прыкладае ўсе намаганні для таго, каб так было і ў далейшым. Наяўнасць Школьнай Рэспублікі ў значнай ступені дапамагае педагагічнаму калектыву эфектыўна развіваць асобы навучэнцаў, а таксама рыхтаваць іх да жыцця ў прававой, дэмакратычнай дзяржаве.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.