Рэспубліканская ўніверсітэцкая субота: студэнты і абітурыенты — разам

- 11:47Апошнія запісы, Рознае

Універсітэцкая субота — фармат не новы. Напрыклад, у Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны даўно дзейнічае праект з аналагічнай назвай. Суботнія сустрэчы з абітурыентамі праводзяць і іншыя ўстановы вышэйшай адукацыі нашай краіны. Але 14 мая ўсе разрозненыя мерапрыемствы злучыліся ў адно, што вылілася ў вялікае студэнцкае і абітурыенцкае свята.

Рэспубліканская ўніверсітэцкая субота сабрала ў сталічным Палацы спорту і на плошчы вакол яго ўсе беларускія ўніверсітэты, акадэміі, інстытуты. Кожная ўстанова пастаралася прадэманстраваць сваю адметнасць — у навуцы, інавацыях, творчасці і спорце. Напрыклад, Белдзяржуніверсітэт прыцягваў увагу эфектнымі навуковымі доследамі. БДУІР арганізаваў цэлую выставу розных інжынерных мадэлей: усё там рухалася, круцілася, зіхацела, робат з лега збіраў кубік Рубіка. Арганізатары расказалі, што большасць мадэлей — гэта курсавыя работы студэнтаў. Вельмі прыгожымі былі стэнды творчых устаноў адукацыі. А Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт нават устанавіў на сваёй пляцоўцы рэанімабіль.

На плошчы вакол Палаца спорту праводзіліся забаўляльныя і спартыўныя мерапрыемствы, працавалі творчыя майстар-класы. Абітурыенты змаглі пабачыць універсітэцкае жыццё ва ўсёй красе — вясёлае, яркае, разнастайнае.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў адзначыў: “Рэспубліканская ўніверсітэцкая субота сабрала ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі на адной пляцоўцы. Гэта значыць, што абітурыентам не трэба ездзіць па ўсёй краіне, каб вызначыцца з выбарам універсітэта, а можна ўбачыць іх усе на свае вочы і прыняць канчатковае рашэнне, куды паступаць і якую спецыяльнасць выбраць. Напрыклад, я пабываў каля ўсіх універсітэцкіх стэндаў, і мне захацелася зноў вучыцца. Таму ў абітурыентаў зараз няпростая задача, але я ўпэўнены, што яны зробяць правільны выбар”.

На суботнюю сустрэчу з абітурыентамі прыехалі студэнты, выкладчыкі, дэканы, прарэктары ўстаноў вышэйшай адукацыі. Будучых настаўнікаў вітаў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта А.І.Жук.

“Сёння ўпершыню ўсе ўніверсітэты сабраліся ў адным месцы, каб паказаць абітурыентам, што такое студэнцкае жыццё, — адзначыў Аляксандр Іванавіч. — Студэнцкія гады — гэта лепшыя гады ў жыцці чалавека. З аднаго боку, яны складаныя, бо вучоба — гэта праца, і яна патрабуе пэўных намаганняў. Але з другога боку, студэнцкія гады вельмі насычаны цікавымі і запамінальнымі падзеямі, бо гэта яшчэ і спорт, і мастацкая творчасць, і навука. Галоўнае, маладым людзям трэба памятаць: толькі якасная адукацыя і высокі прафесіяналізм вызначаюць поспех чалавека і ў кар’еры, і ў асабістым жыцці”.

На прэзентацыйных пляцоўках устаноў адукацыі абітурыенты маглі атрымаць усю інфармацыю, якая іх цікавіла, аб рабоце факультэтаў і кафедраў, аб спецыяльнасцях і перспектывах працаўладкавання, аб магчымасцях атрымаць месца ў інтэрнаце і адметнасцях студэнцкага жыцця. Акрамя таго, падчас мерапрыемства была арганізавана работа кансультацыйнага пункта, дзе спецыялісты Міністэрства адукацыі і Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў адказвалі на пытанні абітурыентаў і іх бацькоў.
Завяршылася ўніверсітэцкая субота гала-канцэртам Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці дзяцей і моладзі “АРТ-вакацыі”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.