Рэсурсны цэнтр “Будаўнічыя тэхналогіі” адкрыўся ў Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы

- 10:37Актуально, Апошнія запісы

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі, кіраўнікі вядучых галіновых прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна, навучэнцы і выкладчыкі каледжа. Рэсурсны цэнтр створаны для практычнай падрыхтоўкі спецыялістаў будаўнічай галіны.

— Поспехі любой дзяржавы ў сацыяльна-эканамічнай сферы шмат у чым залежаць ад якасці падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў па самых масавых і запатрабаваных прафесіях, у тым ліку і для будаўнічай галіны, — адзначыў Ігар Карпенка. — З дапамогай будаўнічага комплексу вырашаюцца жыццёва важныя задачы развіцця вытворчай і невытворчай сфер, забеспячэння грамадзян жыллём, узвядзення сацыяльна значных аб’ектаў. Менавіта таму мы павінны навучаць так, каб нашы выпускнікі на будоўлях маглі адразу пачаць працаваць з сучаснымі матэрыяламі, з новым абсталяваннем, выкарыстоўваючы найноўшыя будаўнічыя тэхналогіі. Для вырашэння гэтай задачы пры рэалізацыі кадравай палітыкі ў нашай краіне асаблівая ўвага ўдзяляецца адукацыйнаму працэсу, актуальнасці яго зместу, матэрыяльна-тэхнічнаму забеспячэнню.

Кіраўнік ведамства паведаміў, што падтрымка сістэмы прафесійнай адукацыі Віцебскай вобласці з боку Міністэрства адукацыі значная. Толькі ў ВДТК на набыццё найноўшага абсталявання і сродкаў навучання са сродкаў рэспубліканскага бюджэту ў 2019 годзе было накіравана больш за 240 тысяч рублёў. Гэта другі рэсурсны цэнтр, адкрыты ў вобласці ў бягучым годзе. А ўсяго па краіне іх ужо 48 па 9 профілях эканамічнай дзейнасці. Штогод тут праходзяць падрыхтоўку каля 25 тысяч чалавек, амаль 20 тысяч з іх — навучэнцы і студэнты ўстаноў прафесійнай адукацыі. Па словах міні­стра, адкрыццё рэсурснага цэнтра забяспечыць арганізацыю адукацыйнага працэсу на сучасным абсталяванні ў адпаведнасці з па­трабаваннямі заказчыкаў кадраў, ство­рыць умовы для сеткавай падрыхтоўкі навучэнцаў ліцэяў і каледжаў будаўнічага профілю, практыка-арыентаванай падрыхтоўкі студэнтаў, дадатковай адукацыі. Цэнтр прызначаны фарміраваць кампетэнцыі будучыні як у моладзі, так і ў дарослых. У тым ліку павінна быць наладжана падрыхтоўка выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання новым формам і метадам арганізацыі адукацыйнага працэсу, прафесійная падрыхтоўка і перападрыхтоўка рабочых, накіраваных службамі па працы і занятасці. Акрамя таго, абсталяванне майстэрань цэнтра дазволіць рыхтаваць каманды для ўдзелу ў міжнародных конкурсах прафесійнага майстэр­ства WorldSkills і ўдасканальваць узровень прафесійнай кампетэнтнасці нацыянальных экспертаў у гэтым напрамку. Ігар Карпенка ўручыў дырэктару каледжа Аляксандру Ласякіну сертыфікат на 60 планшэтных камп’ютараў для выкарыстання ў рэсурсным цэнтры і адукацыйным працэсе.

Уладзімір Цярэнцьеў нагадаў, што, па статыстыцы, за апошнія 10 гадоў будаўнічую галіну па розных прычынах пакінула амаль палова рабочых і спецыялістаў, у Паўночным рэгіёне гэта каля 15 тысяч чалавек. У той жа час з кожным годам павялічваецца коль­касць квадратных метраў, якія здаюцца ў эксплуатацыю, становяцца больш сур’ёзнымі будаўнічыя аб’екты і тэхналогіі.

— Нам вельмі патрэбны спецыялісты з адпаведнай кваліфікацыяй, — падкрэсліў  Ула­дзімір Цярэнцьеў. — Адкрыццё рэсурснага цэнтра важна і для сістэмы адукацыі, і для будаўнічых прадпрыемстваў, развіцця эканомікі рэгіёна ў цэлым.

Для гасцей каледжа была арганізавана азнаямленчая экскурсія па вучэбных карпусах, спартыўным комплексе, вытворчых майстэрнях рэсурснага цэнтра. Ігар Карпенка акцэнтаваў увагу на тым, што мэта прафесійнай адукацыі — падрыхтоўка спецыяліста, а не механічная трэніроўка пэўных навыкаў. Павінна быць разумнае спалучэнне гуманітарных дысцыплін, на ўзроўні ПТА на аснове базавай — магчымасць набыцця агульнай сярэдняй адукацыі. Студэнты ў рэсурсных цэнтрах разам з акадэмічнай падрыхтоўкай атрымліваюць неабходныя практычныя ўменні і навыкі па профільных рабочых спецыяльнасцях, што на парадак павышае іх прафесійныя кампетэнцыі. Відавочная перавага рэсурсных цэнтраў і ў тым, што яны дазваляюць акумуляваць абсталяванне ў канкрэтных кропках, далучаючы да падрыхтоўкі сеткавым спосабам розныя ўстановы адукацыі. Знікае неабходнасць устанаўліваць гэтае абсталяванне ў кожным каледжы ці ліцэі. Такім чынам ажыццяўляецца апераджальная падрыхтоўка кадраў, якія заўтра прыйдуць у рэальны сектар эканомікі.

У рамках адкрыцця рэсурснага цэнтра ў каледжы адбылася сустрэча ўдзельнікаў і пераможцаў рэспубліканскага і міжнароднага чэмпіянатаў WorldSkills і JuniorSkills са старшакласнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі абласнога цэнтра і іх настаўнікамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў, навучэнцамі каледжа. Маладыя, таленавітыя і паспяховыя майстры расказалі, як яны ідуць у прафесію і якой бачаць сваю будучыню, што ім дапамагае дасягнуць высокіх вынікаў, у тым ліку ў спаборніцтвах WorldSkills. Сваім асабістым вопытам прафесійнага выбару з навучэнцамі падзяліліся Ігар Карпенка, Уладзімір Пенін, Дзмітрый Хома, Валерый Галубоўскі і Аляксандр Ласякін.

— Вопыт WorldSkills дарагога варты, — звярнуўся да моладзі Ігар Карпенка. — Прыклад вашых равеснікаў пераканаўча пацвярджае, што выбар на карысць прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі не выключае далейшае паступленне ва ўніверсітэт, а, наадварот, робіць гэты шлях у прафесію адаптаваным і кожны наступны крок па ім — больш усвядомленым. Рабочыя прафесіі — гэта не проста прэстыжна, але і запатрабавана. Дарэчы, за мяжой, у тым ліку ў некаторых еўрапейскіх краінах, ёсць дакладна акрэслены фармат прафесійнага руху: даецца толькі адна магчымасць выкарыстаць бюджэтнае фінансаванне прафесійнай адукацыі — або на прафесійна-тэхнічным, або на вышэйшым узроўні. Астатнія варыянты выключна на платнай аснове. У нас значна больш вектараў для рэалізацыі вашых прафесійных намераў. Больш за тое, у найбліжэйшы час мы плануем унесці шэраг змяненняў у правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі, прадаставіўшы выпускнікам каледжаў, якія не менш за 2 гады адпрацавалі па сваёй спецыяльнасці, магчымасць паступлення на завочнае аддзяленне па-за конкурсам. Невыпадкова мы гаворым, што сёння практыка-арыентаваная падрыхтоўка мае на ўвазе асваенне практычных навыкаў на ўсіх узроўнях прафесійнай адукацыі. Напрыклад, у рэсурсным цэнтры, які мы адкрылі, будуць займацца і навучэнцы, і студэнты профільных спецыяльнасцей. Я ні ў якім разе не агітую адмовіцца ад паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі, аднак хацелася б, каб кожны з вас рэальна суадносіў свае мэты і магчымасці і адпаведна выбіраў спецыяльнасць, месца вучобы. Сапраўды важны не ўзровень атрыманай адукацыі, а яе якасць. Неабходна, каб у эканоміку прыходзілі прафесіяналы сваёй справы, якія будуць развіваць эканамічны патэнцыял нашай краіны. Ад гэтага напрамую залежыць і сацыяльная сфера, дабрабыт кожнага чалавека, яго сям’і, рэгіёна, дзяржавы.

На заканчэнне сустрэчы творчыя калектывы ВДТК падарылі гасцям яркую канцэртную праграму.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.