Рэжысёр Дамінік Веселі (Мюнхен, Германія): “Для мяне вельмі важна, каб дзеці не спалохаліся падчас прагляду фільма…”

- 11:38Культура

У рамках конкурсу для дзяцей і юнацтва “Лістападзік” у фармаце ХХІІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” паказалі фільм нямецкага рэжысёра Дамініка Веселі “Прыгоды Нэлі”. Я не ведаю, чаму з усёй праграмы “Лістапада” (а гэта каля паўтары сотні фільмаў) выбраў менавіта гэты. Але цяпер ведаю.

Лёс? Ён усё-такі ёсць…

Гэтым летам мы вандравалі з сям’ёй па Італіі. Заехалі і ў Венецыю. Той, хто там быў, ведае: заблукаць там вельмі лёгка. Пасля кароткай экскурсіі я прапанаваў сваёй жонцы крыху адпачыць. Яна пагадзілася. Мы селі за столікі на плошчы Сан-Марка. Зрабілі па паўглытка віна… і зразумелі, што каля нас няма Мілены, нашай 13-гадовай дачкі.

Мы рынуліся ў кавярню — там яе няма. Мы кінуліся да нашай экскурсійнай групы — і там яе няма. Мы хацелі рынуцца да паліцыі, але паліцыі нідзе не было…

Хутка мы знайшлі паліцэйскі пост. Апісалі знешнія даныя. Чакалі гадзіну, другую, трэцюю… Пра гэта цяжка думаць, пра гэта цяжка гаварыць, цяжка наогул думаць пра тое, што мы думалі ў гэты час…

А 9-й гадзіне вечара мы, ссівелыя, падышлі да аўтобуса. А там стаіць… наша Мілена. “Ты дзе была?” “У Нэлі. Мы пазнаёміліся з ёй тут, на плошчы. Яна сказала, што ведае пра Беларусь. Яна жыве тут, у Венецыі, непадалёку! У яе кот такі прыкольны!”

Я тады, летам, не ведаў, што восенню пагляджу нямецкі фільм з галоўнай гераіняй 13-гадовай Нэлі, светлавалосай і даўгалыгай, як і мая дачка. І што там будуць яе бацькі — я, 43-гадовы, і мая жонка, 39-гадовая. І што там здарыцца амаль што такая ж гісторыя, як і ў нас у Венецыі: 13-гадовая нямецкая дзяўчынка трапляе ў румынскі кіднэпінг, але, дзякуючы добрым людзям, вяртаецца да бацькоў, да радзімы, да свету.

Адразу пасля кіно мы пагутарылі з рэжысёрам стужкі Дамінікам Веселі.

— Спадар Дамінік, чаму выбралі менавіта гэтую тэму — цыганскую, румынскую?

— Я не выбіраў тэму — тэма выбрала мяне.

— Як гэта разумець?

— Я хацеў проста расказаць гісторыю. Я ж раней займаўся дакументалістыкай… Калі прачытаў гэтую гісторыю, зразумеў: гэта мой фільм. У сваім кіно я пачаў расказваць сваю гісторыю: пра тое, як людзі сустракаюцца з тым, што ім не вядома, пра тое, што гэтае невядомае нешта ім абяцае, а яны нават не здагадваюцца што…

— Варта заўважыць, вы трапілі са сваім кіно ў вельмі экзатычную краіну — Румынію. А яна недалёка ад Грэцыі, якая перажывае сёння не вельмі лёгкія часы ў сувязі з бежанцамі. У вашым кіно не было ідэалогіі?

— Не. Над сцэнарыем працавалі людзі 10 гадоў. Яны пачыналі працаваць над ім тады, калі ў Грэцыі не было канфліктаў з бежанцамі. Нас проста хвалявала гэтая тэма — сутыкненне розных культур, пераадоленне двух розных забабонаў — нямецкіх і цыганскіх. І тое, як яны пераадольваюць гэтыя забабоны — па-нямецку і па-цыганску. Ніякай палітычнай адсылкі ў фільме не было. Проста мне важна было менавіта гэта — як чалавек можа з гэтага свету сігануць у іншы свет. А мая гераіня змагла гэта зрабіць і пры гэтым застацца немкай, не ператварыцца ў румынку.

А асабіста вы як немец, як жыхар сэрца Германіі — Мюнхена — адчувалі пэўны душэўны дыскамфорт, пераадольваючы адлегласць з Мюнхена ў Трансільванію?

— Безумоўна, на мяне ціснулі стэрэатыпы. Я ведаў, што Румынія — краіна цыганоў і кіднэпінгу. Але я ведаў, што гэта неверагодна прыгожая краіна. І ў мяне не было нейкіх пачатковых уражанняў пра краіну, якія б скажалі маё асабістае ўражанне. Я ведаў толькі адно: у гэтай краіне я буду здымаць фільм упершыню. У бацькоў Нэлі склаліся нейкія рамантычныя адносіны да Румыніі, прыблізна такія ж, якія былі і ў мяне… Яны былі вымушаны пераасэнсаваць сваё жыццё, свае ўражанні ад таго жыцця, якое яны бачылі раней, да таго моманту, як перасеклі мяжу Румыніі.

— Ці можна ваш фільм успрымаць як гэтакі маленькі гімн мультыкультуралізму, гімн сённяшняй Еўропы?

— Гэтыя вашы словы мяне вельмі радуюць!

— А на здымачнай сцэне вас радавалі мае словы?

— На жаль, не… Прадстаўнікі цыганскай здымачнай групы пастаянна крыўдзіліся.

— На што?

— Яны палічылі, што іх не лічаць за сапраўдных акцёраў. У сваім фільме я пастараўся ім дапамагчы, сказаць ім сваім кіно, што яны такія ж людзі, як і мы. Культура да культуры павінна ісці з разуменнем. Нават самыя розныя культуры павінны разумець адна адну.

— Вы былі да здымак фільма ў Румыніі?

— Толькі за два месяцы, калі шукаў месца для здымак…

— Спадар Дамінік, як вы з культуралагічнага пункту погляду ацэньваеце Дракулу? Гэта папсовы міф ці ўсё-такі набытак нацыянальнай румынскай культуры?

— Трансільванія немагчыма без Дракулы. Калі маленькаму немцу вы скажаце, што едзеце ў Трансільванію, ён нават не падумае, што гэта нейкая там Румынія. Ён сто разоў запытае ў вас з адкрытым ротам: “Ты едзеш да Дракулы? Ты ўбачыш Дракулу?” Гэта ўжо нацыянальны румынскі міф. І нічога з гэтым не зробіш.

— У сваім кіно вы ўсё-такі зрабілі акцэнт менавіта на цыганскую культуру, а не на Дракулу. Хоць і цыганства, і “дракулізм” аднолькава належаць Румыніі…

— Вы правільна заўважылі. Але асноўная тэма маёй карціны — сустрэча з тым, што ты яшчэ не бачыў, чаго ты яшчэ не адчуваў… А гэта і Дракула, і Трансільванія, і Румынія ў цэлым.

— Мне падалося, што Нэлі разумнейшая за сваіх бацькоў!

— Дык вядома ж! І ў нашым жа жыцці так: нашы дзеці разумнейшыя за нас, бацькоў!

— Як вы лічыце: калі кіно для падлеткаў здымае дарослы чалавек, ён зможа дастукацца да іх сэрцаў?

— Я здымаў фільм менавіта з пункту погляду Нэлі, а не з пункту погляду яе бацькоў. Шчыра кажучы, я хацеў сказаць, што яна больш адкрытая, чым яе бацькі, да розных непрадбачаных сітуацый, што яна адключана ад забабонаў, якія ёсць у яе бацькоў.

— Дзе вы знайшлі такую мілую і таленавітую дзяўчынку на галоўную ролю?

— Шукалі па ўсёй Германіі… І знайшлі! Нам было важна, каб дзяўчынка магла арыентавацца не толькі на здымачнай пляцоўцы, але і ў свеце.

— Ёй таксама 13, як і гераіні?

— Ёй споўнілася 13 акурат на першай здымцы.

— Ці была ў вас нейкая спецыяльная ўстаноўка знайсці такую тыповую юную немку — з блакітнымі вачыма, са светлымі валасамі?

— Так! І не толькі яна тыпова нямецкая ў фільме — яе сям’я таксама тыпова нямецкая. Бацька, які захоўвае спакой у самых неверагодных сітуацыях і не адмаўляецца ад лішняй порцыі шнапсу. Маці, якая можа і накрычаць, але тут жа адыдзе.

— Спадар Дамінік, дзіцячае кіно ў вашым разуменні — гэта…

— Гэта, па-першае, калі рэжысёр вельмі сур’ёзна ўспрымае сваю дзіцячую публіку, калі ён разумее: дзецям не трэба расказваць пра тое, у што ты сам не верыш. Па-другое, для мяне вельмі важна, каб дзеці не спалохаліся падчас прагляду фільма, не напружыліся. У адваротным выпадку яны проста не атрымаюць месэджа, які я хачу ім даць. Яны павінны адухаўляцца пры дапамозе кіно, а не станавіцца яшчэ больш расхлябанымі. Па-трэцяе, лічу, што кіно павінна рабіць людзей больш моцнымі, больш мужнымі… Інакш гэта не кіно.

— У вашай кінастужцы “Прыгоды Нэлі” ёсць і пікантныя моманты. Напрыклад, калі яе сяброўка, цыганка Тэксі, здзекліва пытаецца: “У цябе ўжо быў секс?” Дарэчы, тая файна адказала: “Не твая справа”. Але я не пра гэта. Дзе як для рэжысёра для вас пралягае мяжа “дзіцячае — дарослае”?

— Я думаю, дзецям можна расказваць пра ўсё, да чаго яны датыкаюцца ў нашым жыцці. Іншая справа — гэта не пра ШТО гаварыць, а ЯК гаварыць. Гэта вельмі розныя рэчы. Сказаўшы ў пэўным узросце ЯК, мы зможам папярэдзіць ШТО.

— Сённяшнія дзеці ніяк не абдзелены крыніцамі інфармацыі: інтэрнэт, кіно, індустрыя вулічных шоу… Як вы лічыце, ці можа сёння кіно быць пэўным гідам па жыцці для нашых дзяцей?

— Я ўвогуле не думаю, што могуць быць нейкія гіды ў краіне дзяцінства… І наша з вамі дзяцінства, па-мойму, было не горшым за дзяцінства сённяшніх дзяцей, у тым ліку ў сэнсе крыніц інфармацыі. Хто хацеў нешта пачуць, той чуў. Што ж да майго фільма, то я хацеў данесці такую думку: калі Нэлі вярнулася пасля летніх канікул дамоў, яна змагла расказаць аднакласнікам не толькі пра тое, як яна гуляла ў PlayStation, а пра свае жывыя прыгоды, пра тое, што яна асабіста перажыла. Тое, што стала значным у яе жыцці і што ніколі не замяніла б ёй ніякая PlayStation. Яна ўпершыню рабіла тыя рэчы, якія б ніколі не зрабіла ў прывычным мюнхенскім жыцці. Нават вось такая дэталь: піць ваду з прыроднай крыніцы, а не з крана на кухні…

— Спадар Дамінік, я так адчуваю, што вы цалкам акунуліся ў тэматыку дзіцячага кіно, хоць раней вашай стыхіяй была дакументалістыка. Ваш наступны фільм будзе для дзяцей ці дакументальны?

— Для дзяцей! Тым больш што ў мяне ёсць вялікі стымул — уласныя дзеці, дзеля якіх хочацца здымаць.

— А колькі ў вас іх?

— Два хлопчыкі. 8 гадоў і 11 гадоў.

— Яны паглядзелі “Прыгоды Нэлі”?

— Так, безумоўна!

— І што сказалі?

— Што яны вельмі ганарацца татам!

Мікола ЧЭМЕР.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва ХХІІІ ММКФ “Лістапад”.

P.S. Як стала вядома ўчора, кінастужка нямецкага рэжысёра Дамініка Веселі ўдастоена прыза “Лепшая дзіцячая роля”.