Робіць складанае простым

Чаму рыпіць пры хадзе снег? Што такое гало? Як працуе тэлевізар? Адказы на ўсе гэтыя і многія іншыя цікавыя пытанні штодня шукаюць навучэнцы на ўроках у настаўніка фізікі Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксандра Плятнёва.

“Фізіка” — прадмет дастаткова складаны. Мова формул, законаў і аксіём зразумелая далёка не ўсім вучням. Менавіта таму Аляксандр Эдуардавіч на сваіх занятках стараецца максімальна наблізіць гэтую навуку да рэальнага жыцця.
— Адна справа — паўтарыць наглядны дослед па падручніку, а зусім іншая — правесці эксперымент, звязаны са штодзённасцю, распавесці аб складанай фізічнай з’яве, прывёўшы даступны жыццёвы прыклад. Калі звычайны ўрок ператвараецца ў практыка-арыентаваны, тады і фізіка становіцца простай для ўспрымання і вывучэння. Складаны на першы погляд прадмет захоплівае навучэнцаў, яны пачынаюць імкнуцца да самастойнага пошуку ведаў, — кажа Аляксандр Плятнёў.
Для яго самога фізіка заўсёды была любімым прадметам. Паўплывала на гэтую захопленасць школьная настаўніца Раіса Максімаўна Бальнікава. Сваю ролю ў зацікаўленасці дакладнымі навукамі адыгралі і бацькі-педагогі: тата выкладаў фізіку, маці — матэматыку. Не дзіўна, што, атрымаўшы атэстат, Аляксандр Эдуардавіч без роздумаў вырашыў працягнуць адукацыю на фізіка-матэматычным факультэце МДУ імя А.А.Куляшова. Але вось парадокс: паступаючы ў галоўную кузню педагагічных кадраў вобласці, Аляксандр Плятнёў тады і не думаў працягваць сямейную дынастыю настаўнікаў.— Марыў звязаць жыццё з навукай. І ў нейкай ступені ў мяне гэта атрымалася, бо некаторы час быў супрацоўнікам Нацыянальнай акадэміі навук, — расказвае Аляксандр Эдуардавіч.
Вось толькі ў прафесіі вучонага яму было крыху сумна. Узгадваліся студэнцкія гады, работа з дзецьмі ў якасці педагога-арганізатара ў летніку “Артэк”. І ўсё часцей сталі прыходзіць думкі пра тое, каб паспрабаваць сябе ў педагогіцы, таму, калі прапанавалі працу настаўніка ў некалі роднай сярэдняй школе № 31 горада, ён згадзіўся.
— І ні разу аб гэтым не пашкадаваў, бо гэтае рашэнне ў некаторай ступені стала для мяне лёсавызначальным. У трыццаць першай школе я не толькі знайшоў сябе ў прафесійным плане, але і сустрэўся са сваёй жонкай. Яна таксама педагог. Такім чынам, сямейная дынастыя ўсё ж працягнулася, — кажа Аляксандр Плятнёў.
Зараз, ужо больш як чатырнаццаць гадоў працуючы ў Ліцэі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, ён не бачыць для сябе іншага шляху, акрамя як настаўніцкага. Педагогіка, ад якой ён так імкліва збег у студэнцтве, аказалася яго прызваннем. На сённяшні дзень Аляксандр Эдуардавіч мае кваліфікацыю “настаўнік-метадыст”, валодае ўласным педагагічным почыркам, распрацаваў аўтарскую методыку выкладання, галоўнае ў якой — зацікавіць фізікай кожнага вучня. На сваіх занятках ён стараецца максімальна развіваць пазнавальную актыўнасць навучэнцаў.
— Адзін з тых, хто працуе ў ліцэі з першых дзён яго заснавання. Сапраўды неардынарны, творчы педагог. Шырока выкарыстоўвае на ўроках інавацыйныя сродкі адукацыі, тым самым робячы вучэбны працэс максімальна эфектыўным, — так характарызуе Аляксандра Плятнёва дырэктар установы Георгій Голікаў.
Сам жа Аляксандр Эдуардавіч лічыць, што, калі прымушаць дзяцей вучыць фізіку, нічога значнага не дасягнеш.
— А вось калі ўмела зацікавіць іх прадметам, матываваць на канкрэтныя дзеянні, то вынік будзе адпаведным. Спосабы матывацыі могуць быць рознымі, — адзначае суразмоўца.
На адных з заняткаў, вывучаючы тэму ўзнікнення крышталёў, дзеці традыцыйна сталі засыпаць яго пытаннямі. А настаўнік наўмысна сказаў, што не ведае адказаў, але з радасцю пачуе іх ад вучняў. Праз некалькі тыдняў уся лабараторыя кабінета фізікі была застаўлена крышталямі, створанымі рукамі навучэнцаў. Дзеці наперабой расказвалі педагогу, як праходзілі іх даследаванні, асабліва ж ганарыліся тым, што да ўсяго дайшлі самі. Дарэчы, адна з тых даследчых работ потым была адзначана пераможным дыпломам на міжнародным конкурсе.Аляксандр Плятнёў захапляе фізікай, робячы вучэбны матэрыял максімальна даступным для разумення, а замацоўвае веды вучняў пры дапамозе розных інтэлектуальных гульняў. Часта заняткі праходзяць у форме навуковай канферэнцыі. На думку Аляксандра Эдуардавіча, такія ўрокі не толькі дапамагаюць дасягнуць значных поспехаў у навучанні, але і з’яўляюцца для дзяцей мадэллю будучага дарослага жыцця, фарміруюць у іх актыўную грамадскую пазіцыю.
Важнае месца ў яго педагагічнай дзейнасці займае пазаўрочная работа і работа з адоранымі навучэнцамі.
— Напэўна, у сукупнасці пасля ўрокаў я праводжу з дзецьмі больш часу, чым у ходзе саміх заняткаў, — кажа Аляксандр Плятнёў.
Прычына гэтага — функцыянаванне ў ліцэі клуба юных фізікаў, кіраўніцтвам і арганізацыяй пасяджэнняў якога Аляксандр Эдуардавіч займаецца сумесна з калегамі — Аляксандрам Сугакевічам і Сяргеем Гусевым. Адметна, што ў гэтае аб’яднанне па інтарэсах могуць уступіць не толькі адораныя навучэнцы, але і ўсе жадаючыя.
— На цяперашні момант у клубе — звыш пяцідзесяці вучняў. Гэта і дзеці, якія дасягнулі пэўных поспехаў у фізіцы, і тыя, хто мае адносна нізкія адзнакі па прадмеце. Усіх аб’ядноўвае агульнае імкненне — павысіць якасць сваіх ведаў. Вывучэнне прадмета разам, камандай, а таксама магчымасць кансультавацца адразу ў трох выкладчыкаў значна павышаюць узровень паспяховасці ўсіх навучэнцаў. Эфектыўнасць такой методыкі пацвярджаецца пераможнымі дыпломамі, якімі праект быў адзначаны па выніках гарадскога і абласнога конкурсаў “Як вучыць паспяхова”, — адзначае Аляксандр Эдуардавіч.
Наогул, ён прытрымліваецца думкі, што пэўныя таленты ёсць ва ўсіх вучняў, толькі яны розныя. Адны дзеці паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах, другія — прыроджаныя даследчыкі, трэція — творчыя натуры.
— Задача педагога — своечасова разгледзець здольнасці кожнага і дапамагчы ім раскрыцца, — падкрэслівае Аляксандр Плятнёў.
Трэба сказаць, у яго вельмі добра атрымліваецца раскрываць юныя таленты. Вучні штогод становяцца прызёрамі розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў даследчых работ, многія выбіраюць фізіку ў якасці асновы для будучай прафесіі.
Педагогіка для гэтага настаўніка — і праца, і хобі. Урокі, пасяджэнні клуба юных фізікаў, індывідуальныя заняткі з адоранымі вучнямі — усё гэта ў абавязковым парадку. Калі ж выдаецца вольны час — яго займае творчасць. Аляксандр Плятнёў з’яўляецца аўтарам звыш дваццаці вучэбных кніг і дапаможнікаў, агульны тыраж якіх складае каля трохсот тысяч асобнікаў. Захопленасць навучэнцаў інтэрнэтам ён таксама вырашыў выкарыстоўваць у адукацыйных мэтах: стварыў свой сайт, удзельнічаў у распрацоўцы сайта клуба юных фізікаў. Карысныя матэрыялы на гэтых інтэрнэт-парталах знойдуць і дзеці, і настаўнікі. А яшчэ Аляксандр Эдуардавіч — адзін з ініцыятараў і арганізатараў Магілёўскага фестывалю навукі, які сёлета адбудзецца ўжо другі раз.
Вядома, плённая праца Аляксандра Плятнёва неаднаразова была адзначана. Ён з’яўляецца пераможцам розных конкурсаў прафесійнага майстэрства, узнагароджваўся ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, мясцовых выканкамаў. Усё гэта важна і ў той жа час другасна. Для яго больш каштоўныя за любую матэрыяльную ўзнагароду добразычлівыя ўзаемаадносіны ў калектыве, бляск зацікаўленых дзіцячых вачэй на ўроках, а таксама добрыя словы ўдзячных выпускнікоў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *