Родная зямля — святая

- 11:30Навіны рэгіёнаў

Для фарміравання рознабаковай асобы навучэнцаў настаўнікам неабходна ўмець прывіваць ім маральныя каштоўнасці, паняцці агульнай культуры, пачуцці грамадзянскасці і патрыятызму. Такога меркавання прытрымліваюцца ў Баркалабаўскім вучэбна-педагагічным комплексе Быхаўскага раёна. У сувязі з гэтым педагагічны калектыў установы імкнецца да развіцця ў навучэнцаў паважлівага стаўлення да Радзімы. “Родная зямля — святая зямля” — гэты пастулат мясцовыя педагогі стараюцца данесці да свядомасці навучэнцаў.

Ва ўстанове праводзяцца розныя мерапрыемствы патрыятычнага характару, функцыянуе гісторыка-краязнаўчы музей. Гэта спрыяе павышэнню ў навучэнцаў грамадзянскай адказнасці, выпрацоўцы актыўнай сацыяльнай пазіцыі, любові да роднай зямлі і жадання захоўваць яе здабыткі. Прычым свае імкненні школьнікі нацэлены рэалізоўваць. Менавіта з мэтай захавання і папулярызацыі матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей сваёй малой радзімы пры школе быў створаны спецыяльны пошукавы атрад “След”.

Як расказала кіраўнік атрада настаўнік гісторыі Надзея Бачкарова, аб’яднанне ўзнікла на мінулых летніх канікулах. Аднак, дзякуючы актыўнасці навучэнцаў, яго дзейнасць ужо прынесла першыя вынікі.

— Пакуль членамі атрада з’яўляецца сем навучэнцаў: адзінаццацікласніца Наталля Балазечка, дзесяцікласніца Ангеліна Кулікова, дзевяцікласнікі Мікіта Сямёнаў, Раман Мастыка, Валерый Елін, а таксама пяцікласнікі Дзяніс Шлімакоў і Кірыл Якубоўскі. Разам мы працуем над раскрыццём так званых “белых плям” у гісторыі нашага населенага пункта, — паведаміла Надзея Аляксееўна.

Паводле яе слоў, летась іх пошукавы атрад накіраваў сваю дзейнасць на вывучэнне мясцовай святой крыніцы з народнай назвай “Міколка”. Дзеці правялі вялікую работу. Яны апыталі старажылаў вёскі, такім чынам даведаўшыся шмат інфармацыі аб крыніцы і вызначыўшы тры версіі наконт узнікнення аб’екта.

Акрамя таго, школьнікі тыдзень правялі ў паходзе непасрэдна побач з крыніцай, вынікам чаго стала стварэнне турыстычнага маршруту, накіраванага на папулярызацыю мясцовай славутасці.

Зараз, у разгар навучальнага года, члены атрада старанна сістэматызуюць усе сабраныя раней матэрыялы, асобныя з якіх ляглі ў аснову тэматычнай даследчай работы. А на чарговых летніх канікулах яны маюць намер працягнуць сваю пошукавую дзейнасць. У прыярытэце юных пошукавікаў — вывучэнне асаблівасцей багатай архітэктуры роднай вёскі, а таксама раскрыццё таямніц мясцовага дваранскага роду Саламярэцкіх-Карсаковых.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Баркалабаўскім дзіцячым садам — сярэдняй школай.