Родным краем ганарацца

- 14:44Навіны рэгіёнаў

32 каманды — 192 вучні з 31 установы адукацыі Гродзенскай вобласці сталі ўдзельнікамі анлайн-гульні “Беларусам я завуся, родным краем ганаруся”, якую арганізавалі ў Казлоўшчынскай сярэдняй школе.

Дванаццаць каманд прадстаўлялі Лідскі раён, дзве — Гродзенскі, чатыры — Іўеўскі, пяць — Слонімскі, дзевяць — Дзятлаўскі раён і 1 каманда была з установы адукацыі Брэсцкай вобласці. На працягу 5 тыдняў знаёмства ўдзельнікаў гульні было віртуальным. Каманды выконвалі заданні на 5 прапанаваных этапах: “За смугой стагоддзяў”, “Беларусь у імёнах і падзеях”, “Гордасць сучаснай Беларусі”, “Падарожжа па Беларусі”, “Традыцыі, абрады і кухня Беларусі”.

13 студзеня, у шосты школьны дзень, Казлоўшчынская сярэдняя школа сабрала пераможцаў анлайн-гульні “Беларусам я завуся, родным краем ганаруся” на калядную сустрэчу. Гасцямі свята сталі каманды Вензавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, Жукоўшчынскага дзіцячага сада — базавай школы, Круцілавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна, сярэдняй школы № 11 Ліды, Крупаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна, Ліпнішкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, Эйгердаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна.

Вучні і педагогі нашай школы віталі гасцей па народных звычаях добрымі словамі, песняй “Запрашаем у госці да нас!” і хлебам-соллю. Зберагаючы традыцыі спадчыны, гасцям прапанавалі адну з самых вядомых і любімых страў беларускай кухні — дранікі.

Падчас бліцапытання “Давайце пазнаёмімся!” кожная каманда расказала пра мясцовасць і школу, з якой прыехала, звярнуўшы асаблівую ўвагу на гістарычную спадчыну сваёй малой радзімы.

Выказваючы ўражанні ад анлайн-гульні, удзельнікі каманд адзначылі, што самымі цікавымі былі заданні “Неафіцыйныя сімвалы гарадоў” і “Карта знакамітых аб’ектаў”; найбольш запомніўся этап “Традыцыі, абрады і кухня Беларусі”; на выкананне аднаго этапу гульні каманда затрачвала адзін тыдзень. Самым складаным для ўсіх каманд было заданне “Словы з вершаў”.

Па дапамогу пры праходжанні этапаў гульні вучні звярталіся да сваіх настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, гісторыі, геаграфіі, музыкі, мастацтва, фізічнай культуры і здароўя.

Кіраўнікоў каманд гэтая гульня натхніла на стварэнне сваіх анлайн-гульняў і праектаў.

Урачыстым момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне каманд. Дырэктар школы Ігар Уладзіміравіч Данільчык уручыў дыпломы і падарункі пераможцам гульні.

Дыпломы III ступені атрымалі каманда “Суквецце” сярэдняй школы № 11 Ліды, каманда “Аматары гісторыі” Ліпнішкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы і каманда “Даследчыкі” Эйгердаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Іўеўскага раёна, каманда “Гармонія” Круцілавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы і каманда “Нашчадкі” Жукоўшчынскага дзіцячага сада — базавай школы Дзятлаўскага раёна.

Дыпломамі II ступені былі ўзнагароджаны каманды “Патрыёты краіны” сярэдняй школы № 11 Ліды і “Зорачкі” Крупаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна.

Лідарам на ўсіх этапах анлайн-гульні была каманда “Вандроўнікі” Вензавецкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна. Менавіта яна набрала максімальную колькасць балаў і атрымала дыплом I ступені.

Беларускія песні, гульні, танцы, падрыхтаваныя вучнямі, педагогамі школы і работнікамі мясцовага Дома культуры, стварылі непаўторную святочную атмасферу ў гэты дзень.

Напрыканцы свята, перадаючы па крузе Калядную зорку, удзельнікі мерапрыемства пажадалі адно аднаму шчасця, здароўя, дабрабыту, міру, спакою і цудаў.

На абласным конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” праект быў адзначаны дыпломам III ступені ў намінацыі “Праектна-даследчая дзейнасць з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій”.

Жанна ЦЯЦЕРЫНА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце;
Галіна ХІЛІМОНЧЫК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Казлоўшчынскай сярэдняй школы Дзятлаўскага раёна.