Розныя, асаблівыя і таленавітыя

- 12:13Спецыяльная адукацыя

“Усе мы асаблівыя, толькі па-рознаму. Хтосьці з нас з ашаламляльнай доўгай касой, як у казачнай Рапунцэль. Хтосьці — з вялікай колькасцю радзімак на целе незвычайнай і прыгожай формы, нібы зоркі на начным небе. Хтосьці — з ямачкамі на шчаках, а хтосьці — з талентам да вынаходніцтва. У кожнага з нас ёсць свая іскрынка, якая робіць нас асаблівымі”, — гаворыць Юлія Змачынская, настаўнік-дэфектолаг сярэдняй школы № 4 Дзяржынска, якая з’яўляецца апорнай у раёне па навучанні і выхаванні дзяцей з АПФР.

У школе вучацца дзеці з цяжкасцямі ў навучанні, расстройствам аўтыстычнага спектра, парушэннем слыху, кампенсаваным КІ, парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату і г.д. Работа з дзецьмі з АПФР па іх адаптацыі да ўмоў установы адукацыі і са звычайнымі вучнямі па фарміраванні талерантнасці вядзецца ўсім калектывам школы — ад тэхперсаналу да адміністрацыі — у цесным супрацоўніцтве з бацькамі.

Для вучняў на працягу навучальнага года праводзяцца мерапрыемствы пад агульным дэвізам “Усе мы розныя, усе мы асаблівыя”, прымеркаваныя да значных дат: Міжнароднага дня чалавека з сіндромам Даўна, Сусветнага дня распаўсю­джвання інфармацыі аб аўтызме, Дня інвалідаў, Міжнароднага дня талерантнасці і інш. У кожным класе ладзяцца размовы, класныя і інфармацыйныя гадзіны, прагляд і абмеркаванне фільмаў і відэаролікаў пра жыццё людзей з абмежаванымі магчымасцямі, інфармацыйныя кампаніі. Дзеці ствараюць сувеніры і збіраюць канцылярскія прылады ў падарунак дзецям з АПФР. На інклюзіўных мерапрыемствах вучні робяць яркія насценгазеты, афармляюць стэнды, буклеты, удзельнічаюць у акцыях, напрыклад, “Сонечнае сэлфі”. У такія дні класныя кіраўнікі, настаўнікі-дэфектолагі прапануюць вучням падзяліцца ўяўленнямі пра сябе, прадэманстраваць свае таленты і здольнасці, якія робяць кожнага з нас непадобным да іншых. Некаторыя дзеці дакладна прыкмячаюць, што ў час хваробы, няхай гэта грып або ангіна, мы становімся асаблівымі. Менавіта ў такія моманты да нас ніхто не прыходзіць, бо баіцца інфекцыі.

“Якія ж унікальныя здольнасці і асаблівасці ў вучняў нашай установы? — гаворыць Юлія Змачынская. — Вось гэты хлопчык умее віртуозна іграць на віяланчэлі, а гэтая дзяўчынка — з вогненна-рудымі валасамі і незлічонай колькасцю вяснушак. А гэтая вучаніца ўмее варушыць вушамі і садзіцца на шпагат. Яшчэ адзін хлопчык можа ў галаве памнажаць мнагазначныя лікі. У кожным класе таксама знайшоўся лепшы футбаліст, шахматыст, брэйк-дансер і баскетбаліст. А яшчэ ў нас ёсць самыя сціплыя, шумныя, высокія і, вядома ж, самыя разумныя дзеці. Ёсць і вучні з асаблівасцямі, і ў іх ёсць свае таленты. Усё часцей такія дзеці ходзяць у звычайныя дзіцячыя сады і школы. У дашкольнай установе нашага горада, напрыклад, выхоўваецца дзіця з сіндромам Даўна. Аднойчы нашы вучні падарылі яму невялікі сувенір. Расказваючы аб гэтай распаўсюджанай генетычнай анамаліі, мы падкрэсліваем, што ў такіх дзяцей ёсць свая маленькая асаблівасць — дадатковая (трэцяя) храмасома ў 21-й пары. Нараджэнне дзіцяці з сіндромам Даўна не залежыць ад ладу жыцця бацькоў, стану іх здароўя, шкодных звычак, харчавання, дастатку, адукацыі, нацыянальнасці. У той жа час гэтыя дзеці добрыя і таленавітыя, добра праяўляюць сябе ў творчасці. Ім уласцівы тыя ж эмоцыі, што і астатнім. Яны, як і ўсе, радуюцца і сумуюць, крыўдзяцца і хвалююцца. Не трэба ставіцца да іх з бояззю або насцярожанасцю. Такімі мерапрыемствамі мы імкнёмся паказаць, што з людзьмі з асаблівасцямі можна сябраваць, што ў нашых сілах зрабіць іх жыццё лепшым”.

Надзея ЦЕРАХАВА.