Рух у прыраўноўванні беларускіх спартсменаў да расіян неабходна працягваць

- 11:32Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выступае за зняцце абмежаванняў у Расіі на ўдзел беларускіх спартсменаў у гульнявых відах спорту. Гэтая тэма абмяркоўвалася на сустрэчы кіраўніка дзяржавы з міністрам спорту Расіі Паўлам Калабковым.

“Я ўдзячны вам, што ў нас ёсць рух у прыраўноўванні беларусаў да расіян, каб тут не было адрозненняў. Па хакеі нібыта вырашылі праблему, але, я думаю, трэба рухацца і па іншых відах спорту. Я некалі прэзідэнту (Уладзіміру Пуціну. — Заўв.БелТА.) гаварыў, што нам не трэба баяцца, што будуць думаць іншыя дзяржавы. Калі яны хочуць мець роўныя правы, трэба ўступаць у Саюз Беларусі і Расіі”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў поспехі расійскіх спартсменаў на апошніх міжнародных стартах і прызнаўся, што калі на спаборніцтвах не выступаюць беларусы, то заўсёды хварэю за каманду Расіі. “Вы проста малайцы, па-руску зубы сціснулі і бартанулі нарвежцаў нават у лыжных відах спорту. Дай бог, каб у лыжнікаў так далей было, як на гэтых першых этапах”, — пажадаў кіраўнік дзяржавы.

На сустрэчы таксама абмяркоўвалася супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў частцы выкарыстання спартыўных аб’ектаў абедзвюх краін для падрыхтоўкі спартсменаў, у тым ліку да летніх Алімпійскіх гульняў у Японіі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што расійскія атлеты пры неабходнасці заўсёды могуць трэніравацца ў Беларусі.

Міністэрства спорту і турызму Беларусі вядзе работу з расійскімі калегамі па зняцці ўстаноўленых абмежаванняў для беларускіх грамадзян. Па загадзе Мінспорту Расіі, ліміт легіянераў у водным пола, валейболе, гандболе, хакеі на траве, рэгбі, хакеі з мячом і баскетболе павялічаны з 7 да 8 спартсменаў. Акрамя таго, у верасні расійскае ведамства зняло абмежаванні на ўдзел беларускіх хакеістаў ва ўсерасійскіх спартыўных спаборніцтвах.

Адначасова ў лістападзе з’явіліся праекты загадаў Мінспорту Расіі па ўнясенні аналагічных змяненняў па зняцці абмежаванняў на ўдзел спартсменаў, якія не маюць права выступаць за зборныя Расійскай Федэрацыі, ва ўсерасійскіх спартыўных спаборніцтвах па баскетболе, водным пола, валейболе, гандболе, рэгбі, хакеі на траве, хакеі з мячом і футболе. Пасля грамадскага абмеркавання і незалежнай антыкарупцыйнай экспертызы дакументы будуць накіраваны на дзяржаўную рэгістрацыю ў Міністэрства юстыцыі Расіі.