Пра гэта заявіў міністр адукацыі І.В.Карпенка на сустрэчы з міністрам прамысловасці В.М.Воўкам у час пасяджэння рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта WorldSkills International у Беларусі. Кіраўнікі абодвух галіновых міністэрстваў з’яўляюцца сустаршынямі гэтага камітэта. Пасяджэнне прайшло ў філіяле РІПА “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе”, што можна назваць сімвалічным.
Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі з’яўляецца адным з пачынальнікаў руху WorldSkills у нашай краіне, забяспечвае метадычнае суправаджэнне падрыхтоўкі канкурсантаў, арганізоўвае нацыянальныя чэмпіянаты, прымае актыўны ўдзел у падрыхтоўцы ўдзельнікаў нацыянальнай зборнай для міжнародных спаборніцтваў. Тэмай сустрэчы кіраўнікоў двух галіновых міністэрстваў стала абмеркаванне вынікаў выступлення беларускай каманды ў Міжнародным чэмпіянаце ў Абу-Дабі — 2017, стварэнне спрыяльных умоў для падрыхтоўкі канкурсантаў да новых спаборніцтваў, падключэнне да развіцця руху WorldSkills заказчыкаў кадраў. У час пасяджэння разглядаліся праекты дакументаў, якія рэгламентуюць развіццё руху WorldSkills у нашай краіне, і была праведзена карэкціроўка некаторых з іх.
Такая зацікаўленасць у развіцці руху WorldSkills з боку Міністэрства прамысловасці ў асобе яго кіраўніка пацвярджае той факт, што заказчыкі кадраў зацікаўлены ў павышэнні якасці падрыхтоўкі кадраў як па масавых прафесіях, так і па прафесіях для інавацыйнай вытворчасці. Менавіта чэмпіянаты WorldSkills спрыяюць прафесійнаму росту маладых рабочых, павышэнню іміджу прафесійнай адукацыі ў нашым грамадстве і непасрэдна ў моладзі нашай краіны, адзначыў міністр прамысловасці В.М.Воўк. Таму, безумоўна, прамысловыя прадпрыемствы выказваюць заклапочанасць у тым, каб іх кадравы склад фарміраваўся са спецыялістаў самай высокай кваліфікацыі. Пазіцыя Міністэрства адукацыі на чале з І.В.Карпенкам адназначна скіравана на далейшае развіццё руху WorldSkills у нашай краіне, які з’яўляецца адной з найважнейшых умоў павышэння якасці прафесійнай адукацыі. Як вядома, першы намеснік міністра адукацыі В.А.Богуш і міністр прамысловасці В.М.Воўк пабывалі на чэмпіянаце WorldSkills у Абу-Дабі, сустрэліся з удзельнікамі беларускай каманды, прынялі ўдзел у міжнароднай канферэнцыі кіраўнікоў адукацыі.
У час пасяджэння рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта І.В.Карпенка назваў WorldSkills перспектыўнай пляцоўкай для абмену вопытам у сістэме прафесійнай адукацыі, для ўдасканалення прафесійнай падрыхтоўкі, пашырэння экспертнага супольніцтва. Здабытыя на такіх чэмпіянатах веды і навыкі павінны маштабна распаўсюджвацца сярод педагогаў і навучэнцаў айчыннай сістэмы прафесійнай адукацыі. Згодна з падведзенымі вынікамі чэмпіянату WorldSkills у Абу-Дабі, дакладным аналізам выступлення беларускай каманды на міжнароднай арэне, было вырашана ўнесці змяненні ў існуючыя і распрацаваць новыя падыходы для больш дасканалай работы па падрыхтоўцы нацыянальнай зборнай. У тым ліку плануецца адкарэкціраваць некаторыя пункты Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2016—2020 гады” з улікам запатрабаванняў сістэмы прафесійнай адукацыі ў рамках руху WorldSkills. Новыя рысы развіцця гэтага руху будуць апрабаваны ўжо ў час правядзення ІІІ Нацыянальнага чэмпіянату WorldSkills Belarus, які адбудзецца ў маі наступнага года. На ім плануецца пашырыць пералік прафесійных кампетэнцый, па якіх будуць выступаць навучэнцы ўстаноў ПТА і ССА, студэнты УВА, маладыя рабочыя. Іх колькасць складзе каля 40 кампетэнцый, некаторыя з якіх абсалютна новыя. Сярод іх візуальны мерчандайзінг, касметалогія, хлебапячэнне і інш. Адборачныя рэгіянальныя спаборніцтвы, якія скіраваны на адбор удзельнікаў чэмпіянату, ужо пачаліся і будуць працягвацца да сакавіка. Паралельна з імі праходзяць семінары, канферэнцыі з удзелам экспертаў чэмпіянату, педагогаў навучальных устаноў, прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. Так, напрыклад, на базе філіяла РІПА “Індустрыяльна-педагагічны каледж” пройдзе семінар “Сучасныя тэхналогіі малярных і дэкаратыўных работ” з удзелам вядучых будаўнічых фірм у рамках падрыхтоўкі канкурсантаў па прафесійнай кампетэнцыі будаўнічага профілю. Па выніках пасяджэння рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта WorldSkills International у Беларусі зацверджаны праект праграмы кадравага забеспячэння інавацыйнай эканомікі і развіцця руху WorldSkills, JuniorSkills на 2018—2021 гады.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.