Рукою юнага мастака вядзе Бог…

- 12:13Культура, Рознае

Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 80-годдзю Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, пачаліся 19 кастрычніка з адкрыцця выставы лепшых работ V Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”. Маленькія і юныя мастакі з розных куткоў свету пераканаўча засведчылі, што яны ўмеюць і сябраваць, і маляваць адначасова. Яны сябруюць, малюючы. Яны малююць, сябруючы.

За дзесяцігоддзе існавання гэтага конкурсу (ён праходзіць раз у два гады) у ім прынялі ўдзел дзеці з 39 краін свету, прадставіўшы больш за 44 000 творчых работ, выкананых у жывапісе і графіцы. V Міжнародны конкурс дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце” сабраў каля 7000 юных талентаў з 22 краін: Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Азербайджана, Арменіі, Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Грузіі, Ірана, Казахстана, Катара, Кітая, Кыргызстана, Латвіі, Малдовы, Польшчы, Расіі, Сербіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана, Украіны і Эквадора. Утульная выставачная зала Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі (а некаторыя работы можна ўбачыць і ў фае на трэцім паверсе, і ў калідорах цэнтра) змагла змясціць каля 300 графічных і жывапісных твораў, якія высока ацаніла прафесійнае журы.

Урачыстае адкрыццё выставы ператварылася ў вялікае свята дзяцей, іх бацькоў і педагогаў. Прыгожы музычна-літаратурны ўступ “Мая краіна” ў выкананні юных гасцей з Латвіі, Германіі, Малдовы, Расіі і навучэнцаў НЦМТДіМ адразу нагадаў прысутным пра неаспрэчную значнасць такіх рэчаў, як любоў, сяброўства, мір, надзея, дзіцячае і наогул чалавечае шчасце, якое так лёгка разбураецца ў сённяшнім неспакойным свеце.

Сваё вітальнае слова ўдзельнікам конкурсу накіраваў міністр адукацыі нашай краіны Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў. У ім, у прыватнасці, гаворыцца: “Вашы малюнкі, прысланыя на конкурс, перадаюць ні з чым не параўнаную радасць творчасці, непасрэднасць бачання навакольнага свету, выяўляюць любоў да жыцця, выпраменьваюць аптымізм. У малюнках — свет, які ён ёсць, а галоўнае, якім ён павінен быць: чысты, радасны, светлы…”

Ад усёй душы падзякавалі дзецям за іх старанні і павіншавалі з адкрыццём выставы і з юбілеем Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Марыя Аляксандраўна Саротнік і дырэктар НЦМТДіМ Надзея Васільеўна Васільчанка. З цёплымі словамі звярнулася да прысутных саветнік Пасольства Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Маргарыта Алегаўна Навадворская, якая, дарэчы, перадала ў дар цэнтру з нагоды юбілею камплект дыхтоўных кніг, прысвечаных рускаму мастацтву. Сярод прысутных на адкрыцці выставы былі заўважаны і іншыя прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса: Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь Велька Кавачэвіч, саветнік па культуры Пасольства Ісламскай Рэспублікі Іран у Рэспубліцы Беларусь Сеед Абдалмаджыд Шафаі, першы сакратар Пасольства Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь Таццяна Бешліу, першы сакратар Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ірына Ліпатава, саветнік Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Чэнь Вейвей, прадстаўнікі пасольстваў Балгарыі і Туркменістана ў нашай краіне.

А з прамоўленага на адкрыцці выставы, бадай, найбольш уразілі словы сяброў журы конкурсу “Сябруюць дзеці на планеце”. У прыватнасці, старшыня журы, краўнік Беларускага саюза мастакоў, вядомы жывапісец Рыгор Сямёнавіч Сітніца прызнаўся, што заўсёды з радасцю адгукаецца на запрашэнне прыняць удзел у гэтым конкурсе не толькі ў якасці суддзі, але і ўдзячнага гледача. “Мяне не ўсякая выстава прагрэсіўных мастакоў цешыць так, як цешыць гэтая выстава дзіцячага малюнка, бо рукою юнага мастака вядзе Бог, — безапеляцыйна адзначыў майстар. — Калі людзі падрастаюць, так бывае ўжо далёка не заўсёды. А ў дадзеным выпадку Бог сапраўды дапамагае юным талентам ужо хаця б тым, што ён даў ім магчымасць нешта ўмець ад нараджэння. А яшчэ ён даў ім добрых бацькоў і добрых настаўнікаў, якія скіроўваюць іх на той добры шлях, калі прымнажаецца святло, прыгажосць, любоў да Бацькаўшчыны, людства ў самым шырокім сэнсе… Я вельмі і вельмі рады, што вы такія розныя, але вы ўсе так шчыра любіце свае краіны, сваіх бацькоў. Так і павінна быць, бо той чалавек, які не ведае, адкуль ён і для чаго ён на гэтай зямлі, наўрад ці што людскае пакіне пасля сябе…”

У сваю чаргу яшчэ адзін сябар журы конкурсу дацэнт кафедры малюнка і жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Іван Дзямідавіч Кліменка эмацыянальна сказаў: “Гэта проста цудоўна — знаходзіцца сёння ў гэтым вялікім і дружным калектыве Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дяцей і моладзі, дзе дзяленне на дарослых і дзяцей набывае якісьці асаблівы сэнс. Бо на самай справе арганізаваць такую выставу няпроста. І дзеці павінны быць вельмі ўдзячны дарослым за гэта, а дарослыя павінны быць вельмі ўдзячны дзецям за тое, што яны адгукнуліся і ўдзельнічаюць у такім грандыёзным мастацкім праекце. Кажуць, усё, што робіцца ў дзяцінстве, геніяльнае. Гэта праўда. Але што з гэтай дзіцячай геніяльнасцю адбываецца потым? Што такое наогул геній у мастацтве? Мне хочацца ўзгадаць тут адну вельмі глыбокую думку, якую неаднойчы падкрэслівалі французскія вучоныя і мастацтвазнаўцы: геніяльнасць мастака заключаецца ў магчымасці дарослага чалавека ў патрэбны момант выявіць сваё дзяцінства і паказаць яго іншым… Таму даражыце вось гэтым сваім дзіцячым геніяльным уражаннем ад свету”.

Кожны з удзельнікаў выставы па выніках V Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце” па-свойму ўсміхнуўся гэтаму свету і свайму аднагодку з супрацьлеглага края нашай планеты. І чыста тэхнічныя нюансы ў прадстаўнікоў той ці іншай краіны таксама свае, прывязаныя да нейкай мастацкай традыцыі. Напрыклад, што тычыцца графікі, надзвычай уражваюць лінагравюры палякаў, афорты сербаў, графічныя работы, выкананыя пастэллю і алоўкам, латышоў. У малюнку асабліва вылучаюцца творы дзяцей з Балгарыі, размаляваныя каляровай крэйдай, дзіцячыя работы з Кітая ў традыцыйных кітайскіх тэхніках гунбі і сеі. І ніводнай слязы, ніводнага дысгарманічнага знака ў творах дзетак — адна суцэльная радасць і светлыня…

Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі святкуе свой юбілей, усміхаючыся геніяльнымі дзіцячымі малюнкамі.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.