Развагі пра тое, чаму сапраўдная любоў і сапраўднае каханне ніякага дачынення не маюць да маркетынгавых акцый з амурчыкамі, шакаладам-карамелькамі ды валянцінкамі.
На пачатку лютага нашы самыя высокія, рамантычныя парыванні душы нехта хоча манетызаваць. Хутка Дзень святога Валянціна. І чакаеш за вітрынай плакаціка “Ты купіў?..” ці пупсіка са здзіўленнем у вочках: ай-ай?! Яшчэ не купіў валянцінку? То купі хоць мяне… І ружова-чырвоныя нюні купляюць! Людзям хочацца святла-цяпла. Хочацца гульні-радасці, лёгкага трымцення ў сэрцы і не толькі, а тым больш калі ўсё падаецца пад саладжавым соусам ды з іскрыначкамі.
А пры чым тут любоў ці нават каханне?
Ну, недзе там нешта ў гісторыі любоўнае нібыта было. З нейкім Валянцінам…
Па ўсёй бачнасці, сумніўнае паданне ў спрэчцы пра тое, ці прадаецца каханне (як найбольш экспрэсіўная, эратычна-рамантычная форма любові), камерсанты скарысталі, быццам паляўнічыя вабік. На голас псеўдалюбові ляцяць самцы розных масцей: прама пад выстрал касавага апарата. З мноства тэкстаў у нэце вывуджваю, што дзелавыя людзі ў сярэдзіне XIX стагоддзя змаглі спалучыць штучныя заменнікі веры, надзеі, любові ў бізнес-праекце “Дзень святога Валянціна”, ці “Дзень закаханых”. Знайшлі такі рамантычны ход у кішэню пакупнікоў. Перафразуючы Пушкіна: не прадаецца каханне — але ж можна прадаваць, і масава, цацкі-плюшкі, духі, кветкі-цукеркі-шакаладкі ды шмат чаго іншага: пры раскрутцы “любоўнай” тэмы. Зрэшты, і без раскрутак гармоны, інстынкты ў чаканні вясны спраўляюцца. Пік жаданняў — пік продажаў!
А чаму б не пагуляць! Але ж праступае прыхаваны ў заходняй традыцыі ўжо не толькі бізнес. На яго траянскім кані ў ідэалагічна правальныя 90-я да нас чаго толькі не панаехала! І цяпер, праз інфасеткі ў тым ліку, тыя і сучасныя “засылы” распакоўваюцца, нібы файлы-вірусы, найперш у маладзёжных асяроддзях, паднаўляюць свае коды — і ўступаюць у нябачную простым вокам бойку. За нашы ідэалы, святыні, традыцыі, за нашу гісторыю. За нашу будучыню ў рэшце рэшт.
Вам для эксперымента: запытайце ў той хвалёнай віртуальнай “Алісы”, якая ўсё ведае, пра вынікі Вялікай Айчыннай вайны, пераможцаў у ёй ды паслухайце, што скажа…
Я і сам у тое, што цяпер выкладаю, не паверыў бы раней. Якое глупства, сказаў бы. Ну хочацца людзям гульні — няхай гуляюць! Урэшце, падказала мне днямі дасведчаная выкладчыца з Магілёва, што ў сярэднія вякі ў філасофскіх асяроддзях па-лацінску казалі Homo sapiens est homo ludens, што азначае: чалавек разумны — гэта чалавек, які гуляе ў гульні. Толькі б нам ведаць меру! Гуляць, ды не загуляцца. Цяпер жа, што хаваць, і камп’ютарныя гульні становяцца фобіямі, робяць з людзей проста зомбі. Не бяруся казаць, лепш гэта ці горш, чым прыхаваная агрэсія, сацыяльны цынізм, нігілізм, апатыя, пафігізм, а то і навязлівыя суіцыдальныя “заліпы”, гаворачы маладзёжным слэнгам. Свядома перабіраю толькі некаторыя віды “пустазелля” таго небяспечнага, якое буйна, хутка і бескантрольна разрастаецца ў душах маладых людзей у атмасферы бездухоўнасці, усёдазволенасці, амаральнасці. А яшчэ той рост стымулюецца прыхаванымі трыгерамі, якія спрацоўваюць, нібы міны з расцяжкамі, калі трапляеш у іх сілавое поле. Адно слова, інфавайна…
Вось уявіце сабе: пачалася вайна ў 1941-м, юнак просіцца на фронт — а яго не бяруць. Далей прывяду радкі з мемуараў пісьменніка Юрыя Нагібіна — ён пра сябе піша: “Человек в юные годы на редкость законопослушный, я собирался эвакуироваться с институтом в Алма-Ату, но мама, кусая губы, сказала: “Не слишком ли далеко от тех мест, где решается судьба человечества?” И лишь тогда ударом в сердце открылось мне, где мое место…” І ён-такі змог трапіць на фронт! Падобных прыкладаў сапраўднай мацярынскай любові, патрыятызму, юнацкай самаахвярнасці ў нашай гісторыі мноства. Нам ёсць у каго вучыцца любіць і кахаць па-сапраўднаму, без нюняў. Аднак мы, гуляючы валянцінкамі, тым самым услаўляем чужога героя. І ці герой там быў?
Чаму ж я цяпер не веру, што гэта мы нібыта самі адракаемся сваёй мовы, гісторыі, традыцый, высокіх ідэалаў сапраўднага, не “ружовага” ці “блакітнага”, кахання? Пачытайце кнігу “Третья мировая информационно-психологическая война”, якая ёсць у інтэрнэце — магчыма, і вам прыадкрыецца тое, што прыхавана ў тым ліку і за ружовымі нюнямі.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з сайта pixabay.com