Рыхтуемся да канцэртнага жыцця

- 13:03Метадычная скарбонка

Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на ўроках англійскай мовы прыносіць педагогу задавальненне ад выкладання, радасць ад вынікаў сваёй працы і, што немалаважна, робіць працэс навучання займальным для вучняў. Як паказвае асабісты вопыт, на кожным этапе заняткаў ёсць месца інфармацыйна-камунікацыйным тэхналогіям.

Выступленне на сцэне, удзел у канцэртах — важны складнік навучання. Гэта адмысловая форма музычнай дзейнасці, вынік напружанай працы, а таксама галоўны стымул для далейшага творчага росту навучэнца. Настаўнік павінен дапамагчы вучню адчуць упэўненасць у сабе і добра падрыхтавацца да выступленняў.
Уключаючыся ў мастацка-творчы працэс, дзеці акунаюцца ў найцікавейшую сферу творчай дзейнасці — сферу выканальніцкага мастацтва, становячыся паўнапраўнымі ўдзельнікамі і стваральнікамі канцэртных мерапрыемстваў. Гэта нараджае атмасферу духоўнай напоўненасці, у якой фарміруюцца найбольш спрыяльныя перадумовы для развіцця дзіцячай творчасці. Ствараецца культурна-адукацыйнае асяроддзе, у якім пануе атмасфера ўзаемаразумення, дзе дзеці атрымліваюць унікальную магчымасць далучыцца да свету прыгожага, да сапраўднай духоўнасці, культуры, творчасці і гармоніі.

Канцэрт для дзяцей — гэта яркае музычнае свята, якое яны чакаюць. Безумоўна, публічнае выступленне вельмі ганаровае і вельмі адказнае як для вучня, так і яго настаўніка. Яно дапамагае выявіць музычныя здольнасці і прасачыць дынаміку развіцця навучэнца. Дзеці маюць магчымасць праявіць свае творчыя здольнасці, удасканаліць выканальніцкае майстэрс­тва. У той жа час праяўляюцца лепшыя якасці маленькага артыста: уяўленне, музычнасць, уменне слухаць сябе, тэхнічныя навыкі, памяць, засяроджанасць, агульная культура паводзін на сцэне. Важным выхаваўчым момантам у творчым станаўленні асобы дзіцяці з’яўляецца магчымасць “атрымаць ацэнку” ўжо не настаўніка, а слухачоў. Дзякуючы такому патрэбнаму і важнаму этапу, якім з’яўляецца публічнае выступленне, дзеці назапашваюць бясцэнны сцэнічны вопыт.

Працэс падрыхтоўкі вучняў да канцэртнага выступлення павінен быць сістэмным і прадуманым. Навічкам уласціва хваляванне, якое ў многіх выпадках адмоўна адбіваецца на якасці тэхнічнага боку выканання. Гэта прыводзіць да запінак, спыненняў і пропускаў цэлых эпізодаў. Нервовая сістэма юнага артыста, знаходзячыся ў такім стане, пачынае хутка знясільвацца, арганізм уваходзіць у стан поўнай абыякавасці. Лічу, што неабходна весці пастаянную ўпартую барацьбу з адмоўнымі праявамі сцэнічнага хвалявання, улічваючы індывідуальныя асаблівасці кожнага навучэнца, а таксама старанна аналізаваць прычыны кожнай няўдачы, якая напаткала яго. Паводзіны, самаадчуванне музыканта падчас выступ­лення, рэакцыя на слухачоў у кожнага выяўляюцца па-свойму. Лічыцца, што той, хто часта выступае на сцэне, псіхалагічна больш устойлівы і лягчэй спраўляецца са сцэнічным хваляваннем. Вынікі публічнага выступлення аказваюць вялікі ўплыў на псіхіку вучня, на яго фарміраванне як піяніста.

Выканальніцтва — надзвычай тонкі і складаны працэс, які непасрэдна залежыць ад фізічнага і маральнага стану таго, хто знаходзіцца на сцэне, як у момант самога выступлення, так і задоўга да яго. Таму рыхтаваць навучэнца да выступлення трэба з пачатковага перыяду навучання, з самага першага моманту работы над творам.

Па сваіх характарыстыках публічнае выступленне адносіцца да стрэсавых сітуацый. Існуе шмат прычын, якія могуць выклікаць страх канцэртных выступленняў: няўпэўненасць у сабе, незнаёмыя абставіны, няправільна падабраны рэпертуар, псіхалагічны стан навучэнца і многія іншыя. Тут трэба адзначыць, што прычыны дзіцячай трывожнасці і панічнага страху вучня на сцэне розныя і залежаць ад некаторых фактараў. Гэта асобасныя асаблівасці настаўніка, спосаб зносін бацькоў з дзіцем, патрабаванні, што прад’яўляюцца да яго. Часам недастатковая ступень кантролю з боку бацькоў, іх абыякавае стаўленне да дзіцяці ствараюць асабістую трывожнасць. Абудзіць у навучэнца цікавасць да музыкі, павысіць эфектыўнасць заняткаў можна толькі тады, калі ў яго сям’і пануе атмасфера любові і павагі да музыкі, падтрымліваецца цікавасць дзіцяці да гэтай крыніцы радасці і натхнення.

Чым больш навучэнец задаволены сваімі навучаннем і поспехамі, тым вышэйшая магчымасць рэалізаваць сябе ў музычна-выканальніцкай дзейнасці, а значыць, і ніжэйшая яго трывожнасць. І, наадварот, крытыка, заніжаная самаацэнка дзіцяці, страх быць пакараным, магчыма, агрэсіў­насць настаўніка павышаюць узровень асабістай трывожнасці дзіцяці. Таму паляпшэнне якасці выканання твораў на канцэртах ці конкурсах, зніжэнне ўзроўню трывожнасці магчымы толькі ў цесным супрацоўніцтве настаўніка, вучня і яго бацькоў.

Неабходна валодаць пэўнымі ведамі ў сферы псіхалогіі, каб вызначыць псіхалагічныя асаблівасці дзіцяці і падказаць яму, якім чынам можна вырашыць праблему сцэнічнага хвалявання. Задача настаўніка — імкнуцца зрабіць так, каб хваляванне навучэнца набыло іншы характар — каб знік страх, і на яго месца прыйшоў эмацыянальны, творчы стан, які вя­дзе да добрага выступлення. Трэба сказаць, што абсалютна ўсе людзі хвалююцца, выходзячы на сцэну. Але адны вало­даюць дастатковымі валявымі рэсурсамі, а іншыя губляюцца. Вялікае значэнне мае выхаванне ў навучэнца волі, якая вя­дзе да перамогі. Валявыя якасці могуць выяўляцца па-рознаму: адзін навучэнец можа праявіць настойлівасць, мэтанакіраванасць, спрабуючы справіцца з тэхнічнымі цяжкасцямі твора, а другі — рашучасць і адвагу падчас выхаду на сцэну. Трэба адзначыць, што фарміраванне падобных якасцей прыходзіць толькі з практыкай.
Псіхолагі і вопытныя настаўнікі лічаць, што вялікае значэнне для ліквідацыі празмернага хвалявання маюць частыя выступленні і што канцэртнае жыццё павінна пачынацца як мага раней. Нават самыя нясмелыя навучэнцы, калі дастаткова часта выходзяць на сцэну, пачынаюць адчуваць сябе значна больш упэўнена.

Існуе вялікая колькасць рэкамендацый па падрыхтоўцы да канцэртнага выступлення ад многіх выдатных настаўнікаў і выканаўцаў, але ўніверсальных рэцэптаў для пераадолення негатыўных форм сцэнічнага хвалявання не існуе. Настаўнік павінен дапамагчы дзіцяці справіцца з гэтай праблемай, і кожны павінен выбраць для сябе свой уласны правераны часам спосаб падрыхтоўкі да канцэртнага выступлення. Як правіла, удалым выступленням спадарожнічае ўзнёслы настрой, баявы запал, жаданне іграць добра, нармальны фізічны стан, добрыя адносіны з навакольнымі. Поўная аддача, увасабленне музычнага вобраза, працэс адкрыцця прыгожага ў выкананым, прага выявіць усё гэта ў рэальным гучанні — вось шлях пераадолення сцэнічнага страху, псіхалагічнай адаптацыі да публічнага выступлення.

Галоўнае, што павінен зразумець малады выканаўца: канцэртнае выступленне — гэта не толькі выпрабаванне нервовай сістэмы на трываласць, але і радасць ад зносін з пуб­лікай, творчае натхненне і прафесійны рост.

Алена ФЕДАРЭНЧЫК,
настаўніца музыкі па класе фартэпіяна сярэдняй школы № 33 Віцебска імя І.Д.Чарняхоўскага.