Рыхтуемся да ЦТ/ЦЭ па англійскай мове: эфектыўны інтэрактыўны плакат

- 12:09Образование

Сучасны выпускнік школы павінен валодаць сукупнасцю агульных і спецыяльных вучэбных уменняў, неабходных для ажыццяўлення самастойнай дзейнасці па засваенні замежнай мовы.

Менавіта гэта з’яўляецца вучэбна-пазнавальным навыкам — важным складнікам камунікатыўнай кампетэнцыі. Ад узроўню развіцця вучэбна-пазнавальных навыкаў у далейшым залежыць якасць прафесійнай кампетэнтнасці, а менавіта канкурэнтаздольнасць, сацыяльная адаптацыя, здольнасць да бесперапыннай адукацыі.

Для мяне гэтая тэма з’яўляецца актуаль­най па дзвюх прычынах. Адсочваючы прагрэс сваіх вучняў у 10—11 класах, назірала відавочную сувязь вынікаў вучэбнай дзейнасці і ўзроўню вучнёўскай аўтаноміі, уменняў мысліць самастойна, браць адказнасць за сваё навучанне, выбудоўваць свой індывідуальны адукацыйны маршрут. Гэта высветлілася падчас анкетавання, гутарак і назіранняў у працэсе работы з навучэнцамі 10—11 класаў.

Акрамя гэтага, нягледзячы на вялікую колькасць электронных адукацыйных рэсурсаў па англійскай мове, недастаткова распрацавана такіх вучэбных матэрыялаў, якія дазвалялі б фарміраваць і развіваць вучэбна-пазнавальную кампетэнцыю як субкампетэнцыю камунікатыўную, як заяў­лена ў Канцэпцыі вучэбнага прадмета “Замежная мова”.

Неабходнасць у такой арганізацыі адукацыйнага працэсу па англійскай мове, пры якой асаблівая ўвага ўдзяляецца фарміраванню вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі, узнікла пад уплывам вышэйпералічаных фактараў.

У маёй педагагічнай дзейнасці гэтая ідэя была рэалізавана праз сістэмную арганізацыю мэтанакіраванага навучання і самаадукацыі, апрабацыю лічбавых платформ і стварэнне ЭАР для ўрокаў англійскай мовы, які ўключае заданні, накіраваныя на фарміраванне вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі ў навучэнцаў 10—11 класаў і грунтуецца на прымяненні прагрэсіўных лічбавых інструментаў.

Пры стварэнні заданняў на фарміраванне вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі па англійскай мове я кіравалася наступнымі дыдактычнымі прынцыпамі: камунікатыўнай накіраванасці, асобасна-арыентаванага навучання, свядомасці, навуковасці, нагляднасці, актыўнасці, даступнасці і пераемнасці. Для мяне таксама было важна захаваць прынцып сістэмнасці, каб фарміраванне вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі праходзіла не толькі на ўроку, але і за яго межамі, у прыватнасці, пры падрыхтоўцы выпускнікоў да цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання.

Абапіраючыся на шматгадовы вопыт падрыхтоўкі выпускнікоў да здачы ЦТ/ЦЭ па англійскай мове, з мэтай фарміравання вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі і ўдасканалення навыкаў актыўнай
самастойнай работы навучэнцаў я стварыла шматузроўневы інтэрактыўны плакат “Рыхтуемся да ЦТ/ЦЭ па англійскай мове”. Выкарыстоўваю інтэрактыўны плакат для сістэматызацыі вывучанага матэрыялу, што дазваляе скараціць час работы над заданнямі, дынамічна праверыць пройдзены матэрыял, арганізаваць выкананне дадатковых заданняў на адпрацоўку граматыкі ці лексікі, якая адпавядае ўзроўню і патрабаванням, што прад’яўляюцца да выпускнікоў школы.

Асобасны кампанент

З пункту гледжання фарміравання вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі, інтэр­актыўныя плакаты дазваляюць выбуда­ваць адукацыйную траекторыю, стварыць магчымасць выбару метадаў і сродкаў для вырашэння вучэбнай задачы, забяспечыць атрыманне даных, якіх не хапае, праз актыўныя гіперспасылкі, ацаніць вынік дзейнасці і скарэкціраваць вучэбна-пазнавальную дзейнасць.

Для фарміравання кагнітыўнага і дзейнаснага кампанентаў ВПК я выкарыстоўвала інтэрактыўны плакат “Рыхтуемся да ЦЭ/ЦТ па англійскай мове”, па якім навучэнцы 11 класа вывучалі і паўтаралі тэмы, што правяраюцца ў ЦТ/ЦЭ самастойна. Шматузроўневы інтэрактыўны плакат інтуітыўна зразумелы і просты ў выкарыстанні. З дапамогай меню, якое складаецца з 9 раздзелаў, вучань атрымлівае доступ да кожнага з іх. Усе раздзелы прадстаўлены ў выгля­дзе аднаўзроўневых інтэрактыўных плакатаў. На кожнай старонцы прапісаны назвы раз­дзелаў тэсціравання і размешчаны спасылкі (умоўныя значкі) на інтэрактыўныя практыкаванні, тэксты, гульні і тэсты. Яны створаны з дапамогай сэрвісаў Web 2.0 BoxApps, Learningapps, Wordwall, Liveworksheets, Educaplay, Onlinetestpad і дапамагаюць у развіцці навыкаў пошуку і аналізу інфармацыі, планавання, арганізацыі і выканання вучэбных задач.

Для развіцця адказнасці, самастойнасці і ўмення прымаць рашэнні (асобасны кампанент), самаацэнкі і рэфлексіўных навыкаў (ацэначны кампанент) прапаноўваю дадаткова да плаката ствараць інтэрактыўнае асабістае партфоліа на платформе Genial.ly, у якім навучэнцы адлюстроўва­юць свае дасягненні, мэты і вынікі па меры праходжання курса “Рыхтуемся да ЦТ/ЦЭ па англійскай мове”. Гэта садзейнічае развіццю самааналізу і мэтавызначэння. У ім таксама прашу фіксаваць свае поспехі, цяжкасці і крокі для іх пераадолення. Гэта дапамагае фарміраваць крытычнае мысленне і навыкі рэфлексіі.

Усё гэта садзейнічае фарміраванню вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі навучэнцаў, паколькі прадугледжвае аўтаномнасць пры вырашэнні вучэбна-пазнавальнай задачы з выкарыстаннем інтэрнэт-рэсурсаў, уменне ажыццяў­ляць пошук інфармацыі, адэкватна ацэньваць ход і вынік вырашэння вучэбна-пазнавальнай задачы, вызначэнне прычын цяжкасцей і сваіх магчымасцей.

Ад самакантролю да рэфлексіі

Аб эфектыўнасці выкарыстання ЭАР для фарміравання вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі пры вывучэнні англійскай мовы сведчаць вынікі дыягностык, праведзеных сумесна з педагогам-псіхолагам. Яны паказалі, што ў групах, дзе выкарыстоўваўся інтэрактыўны плакат, прыёмы і тэхнікі для развіцця навыкаў самастойнай работы, праводзілася мэтанакіраваная работа па фарміраванні вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі, павысілася актыўнасць і аўтаномнасць навучэнцаў пры вырашэнні вучэбна-пазнавальных задач, пашырыўся дыяпазон валодання рознымі відамі самакантролю і рэфлексіі вучэбнай дзей­насці, дзеці авалодалі ўменнямі самастойнай работы з інтэрактыўным вучэбным кантэнтам.

Такім чынам, фарміраванне вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі з дапамогай інтэрактыўнага плаката дазваляе навучэнцам выкарыстоўваць англійскую мову для задавальнення сваіх пазнавальных патрэб і інтарэсаў. Акрамя гэтага, інтэрактыўны плакат садзейнічае павышэнню пазнавальнай актыўнасці, дае магчымасць вывучаць матэрыял з улікам асабістых схільнасцей і актуальнага ўзроўню развіцця навучэнцаў, павышае інтэнсіўнасць навучання за кошт павелічэння крыніц атрымання інфармацыі і адкрывае новыя магчымасці для выкарыстання праверкі ведаў.

Гэта дазваляе зрабіць выснову, што мэтанакіраванае фарміраванне вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі садзейнічае інтэнсіфікацыі адукацыйнага працэсу і стварае спрыяльныя ўмовы для фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў у цэлым.

Шматузроўневы інтэрактыўны пла­кат “Рыхтуемся да ЦТ/ЦЭ па англійскай мове” знаходзіцца па спасылцы https://view.genially.com/65a6ce0f63fb870015b244b0.

Для эфектыўнай арганізацыі работы па фарміраванні вучэбна-пазнавальнай кампетэнцыі з дапамогай ЭАР прапаноўваю выкарыстоўваць наступны алгарытм.

Алгарытм самастойнай індыві­дуальнай работы з плакатам
“Рых­туемся да ЦТ/ЦЭ па англійскай мове”

Этап 1. Азнаямленне з плакатам: навучэнец адкрывае інтэрактыўны плакат, пераходзіць да раздзела месяца, які адпавядае вучэбнаму плану, вывучае пералік заданняў і практыкаванняў, прадстаўленых на плакаце.

Этап 2. Пастаноўка мэты: навучэнец фармулюе вучэбна-пазнавальную мэту, выкарыстоўваючы метады SMART для вызначэння канкрэтных мэт.

Этап 3. Выкананне практыкаванняў: навучэнец выконвае прапанаваныя заданні ў інтэрактыўных фарматах — віктарыны, квесты, групавыя сартаванні, выкарыстоўвае інтэрактыўныя спасылкі для работы са знешнімі рэсурсамі.

Этап 4. Самаацэнка і рэфлексія: пасля выканання заданняў навучэнец ацэньвае сваю работу, выкарыстоўваючы прапанаваныя формы самаацэнкі (чэк-лісты, моўнае партфоліа і г.д.), піша рэфлексіўную заметку, напрыклад, у фармаце сінквейна ці “святлафора”, каб адлюстраваць сваё разуменне матэ­рыялу.

Этап 5. Зваротная сувязь ад настаўніка: навучэнец адпраўляе вынікі выканання настаўніку праз Google Forms для праверкі. Настаўнік дае каментарыі і рэкамендацыі для далейшай работы, адзначаючы, якія раздзелы патрабуюць дадатковай увагі.

Заўвага:

  • для эфектыўнай падтрымкі індывідуальнай траекторыі навучання і адсочвання прагрэсу рэкамендую ствараць персаналізаваны план, які ўключае работу з пэўнымі раздзеламі інтэрактыўнага плаката;
  • для матывацыі і самакантролю можна ўкараніць элементы гейміфікацыі, такія як назапашванне балаў ці значкоў за выкананне пэўнай колькасці заданняў.

Наталля НАРКЕВІЧ,
настаўніца англійскай мовы
вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі
сярэдняй школы № 4 Стоўбцаў