Рынг для ўпартых

- 11:40Спартыўныя падзеі

Акцыя “Запішы дзіця ў спартыўную школу” дапамагла бацькам і дзецям выбраць спартыўны гурток, паказала дасягненні дзіцяча-юнацкага спорту ў Астравецкім раёне, прадэманстравала перавагі здаровага ладу жыцця.

У спартыўным клубе бокса “Муравейка” ў Астраўцы сабраліся дзеці і іх бацькі. Іх вітаў галоўны трэнер А.З.Маргужа, які расказаў пра бокс і ўручыў дзецям прызы.

— Наш клуб — гэта сапраўдная сям’я са сваімі традыцыямі і законамі, з агульным шматгадовым захапленнем і цэлымі баксёрскімі дынастыямі, — звярнуўся да прысутных Аляксей Зянонавіч. — Бокс — гэта не кулакамі махаць, гэта сапраўднае мастацтва, бо тут задзейнічана ўсё: спрыт, хуткасць, сіла, розум.

Гасцям мерапрыемства расказалі пра вядомых астравецкіх баксёраў, майстроў спорту міжнароднага класа Віталя Бандарэнку, Сяргея Лобана, удзельнікаў еўрапейскіх і сусветных форумаў, пераможцаў рэспубліканскіх спаборніцтваў Вадзіма Мароза, Аляксандра Філіповіча, Максіма Каспяровіча, Яўгена Красоўскага, Арцёма Каспяровіча.

Новы сезон “Муравейка” сустракаў яркімі эмоцыямі і шчырымі ўсмешкамі. Мамы і таты падтрымлівалі баявы настрой сыноў і дачок (сёлета секцыя папоўнілася дзяўчынкамі). На рынг у гэты дзень падняліся новыя члены вялікай дружнай сям’і. Пасля заканчэння свята прысутных чакалі пачастункі.

А наперадзе — час заняткаў, зацятых трэніровак, бегу, скачкоў і спарынгу.

Вольга ЛЯНЦАВА,
метадыст па выхаваўчай рабоце Астравецкага вучэбна-метадычнага кабінета.
Фота Рыгора РЭВАКІ.