Рыцарскі турнір

- 9:11Спартыўныя падзеі

Маларыцкі райкам БРСМ, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзел адукацыі, спорту і турызму Маларыцкага райвыканкама, Кобрынска-Маларыцкая міжраённая арганізацыйная структура ДТСААФ і аддзел пагранічнай службы “Маларыта” з’яўляюцца арганізатарамі штогадовага раённага “Рыцарскага турніру” сярод школьных юнацкіх каманд. Чарговы турнір прайшоў на базе Маларыцкай раённай гімназіі.

Перад пачаткам конкурснай спартыўнай праграмы адбыліся паказальныя выступленні служачых АПС “Маларыта”. У фае гімназіі можна было азнаёміцца з узбраеннем і спецыяльнымі сродкамі Узброеных Сіл Беларусі.
У турніры ўдзельнічалі 10 каманд. Юнакі спаборнічалі ў інтэлектуальным конкурсе капітанаў (тэарэтычная падрыхтоўка на ваенную тэматыку), падцягванні на перакладзіне, падыманні гіры (16 кг), стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, дартсе і перацягванні каната.Барацьба за перамогу была ўпартай і напружанай. Ацэньваліся асабістыя дасягненні і камандныя выступленні. Вядомы дэвіз “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго” добра спрацоўваў у сапраўды дружных і згуртаваных камандах. Па выніках конкурсных выпрабаванняў 1 месца і пераходны кубак атрымалі юнакі з гімназіі. На 2 і 3 месцах апынуліся каманды сярэдніх школ №№ 2 і 1 адпаведна.
— На працягу многіх гадоў “Рыцарскі турнір” застаецца цікавым спартыўным святам, якое збірае шмат удзельнікаў і балельшчыкаў, — адзначыла інструктар Кобрынска-Маларыцкай міжраённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валянціна Козак. — Спаборніцтва, накіраванае на прапаганду здаровага ладу жыцця, далучэнне моладзі да актыўных заняткаў фізічнай культурай і спортам, развіццё маральных і фізічных якасцей, падрыхтоўку юнакоў для праходжання службы ва Узброеных Сілах і выхаванне патрыятызму, у чарговы раз паказала, што хлопцы сябруюць са спортам. Школьнікі паказалі моц, спрыт, хуткасць, сілу духу і імкненне да перамогі.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.