Са школьнай секцыі — у чэмпіёны свету

- 12:14Спартыўныя падзеі

Адно за адным пакаленні вучоных спрабуюць вырашыць праблему барацьбы са шкоднымі звычкамі, гіпадынаміяй, хваробамі. Сучасны лад жыцця нашай моладзі ў значнай ступені становіцца маларухомым. Іншая справа — людзі, якія актыўна займаюцца спортам. Яны маюць масу пераваг у жыцці: адчуваюць сябе мацнейшымі і больш упэўненымі, забываюць аб праблемах са здароўем і проста падабаюцца навакольным. Такую выснову пра ролю спорту ў жыцці дзяцей і моладзі аднойчы зрабіў захоплены і ўлюбёны ў сваю прафесію чалавек — настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 2 Мсціслава Валерый Мікалаевіч Філіпенка.

У канцы мінулага года яго вучню Мікалаю Свядомскаму была прысуджана стыпендыя Прэзідэнцкага спартыўнага клуба за перамогу на чэмпіянаце свету па тайскім боксе ў маі 2014 года ў Малайзіі.
Гісторыя развіцця такіх відаў спорту, як кікбоксінг і тайскі бокс, у Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці, размешчаным далёка ад радзімы ўсходніх адзінаборстваў, пачалася каля 10 гадоў назад. Першыя трэніроўкі праходзілі ў прыстасаваным памяшканні раённага Дома культуры, потым — у спартыўнай зале адной з вясковых школ, дзе працаваў настаўнікам фізічнай культуры Валерый Мікалаевіч, і толькі пасля яго прыходу ў сярэднюю школу № 2 Мсціслава ўсходнія адзінаборствы атрымалі пастаянную прапіску ў раёне.
З 2007 года секцыя кікбоксінга і тайскага бокса пастаянна функцыянуе на базе нашай установы адукацыі. Цікавасць да заняткаў гэтымі відамі спорту ў школьнікаў, як правіла, вельмі высокая, асабліва ў пачатку навучання. Пазней, калі пачынаецца цяжкі трэніровачны працэс, накіраваны на дасягненне вынікаў, многія з выхаванцаў не вытрымліваюць нагрузачнага рэжыму.
Асаблівасцю захаплення кікбоксінгам і тайскім боксам з’яўляецца тое, што экіпіроўку для заняткаў кожнаму спартсмену даводзіцца набываць за кошт уласных сродкаў, а каштуе гэта нятанна. Паездкі на абласныя, рэспубліканскія, міжнародныя спаборніцтвы ў большасці сваёй патрабуюць пастаяннага пошуку спонсараў, а таксама ўласных укладанняў. Аднак, нягледзячы на існуючыя цяжкасці, Валерый Мікалаевіч падрыхтаваў цэлую плеяду пераможцаў і прызёраў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў. У іх ліку Дзмітрый Лабанаў і Дзмітрый Калугін — навучэнцы 8 класа, Раман Казакоў — навучэнец 7 класа, Аляксандр Цітоў і Уладзіслаў Свіцянкоў — навучэнцы 6 класа.
Асаблівае месца ў шэрагу дасягненняў трэнера належыць навучэнцу 11 класа Мікалаю Свядомскаму. Юнак пачаў трэніравацца ў 2004 годзе, калі быў першакласнікам, так што яго шматлікія перамогі — вынік упартых шматгадовых трэніровак. Цяпер ён майстар спорту па кікбоксінгу і тайскім боксе. Мікалай неаднаразова станавіўся пераможцам абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў, такіх як “Кубак консульства Каралеўства Тайланд” у Санкт-Пецярбургу (2012 г.), штогадовы “Кубак залатога льва”, які праходзіць у Магілёве.
У сакавіку 2013 года Мікалай Свядомскі ў складзе нацыянальнай зборнай краіны ўдзельнічаў у чэмпіянаце свету па тайскім боксе ў Турцыі, дзе ва ўпартай барацьбе заваяваў бронзавы медаль. А ўжо ў верасні 2013 года на чэмпіянаце Еўропы ў Польшчы юны спартсмен узняўся на самую высокую прыступку і выйграў “золата”. Наступным стаў чэмпіянат свету па тайскім боксе ў Малайзіі, дзе Мікалай упэўнена паўтарыў свой поспех і зноў заваяваў залаты медаль.
У верасні 2014 года адбыўся чэмпіянат свету па кікбоксінгу ў Італіі (Рыміні), і зноў перамога ў вагавой катэгорыі да 54 кілаграмаў. Скрозь і ўсюды, ва ўсіх паездках і спаборніцтвах з Мікалаем яго нязменны трэнер і настаўнік.
Гаворачы пра любыя дасягненні, варта памятаць, што за кожным з іх стаіць празмерная праца, цярплівасць, сіла волі, характар. У гэтым навучальным годзе ў секцыі кікбоксінга займаюцца 15 навучэнцаў ад 8 да 16 гадоў. Трэніроўкі праходзяць 5 разоў на тыдзень, гэта значыць, амаль штодзень. Такія фізічныя нагрузкі выносяць далёка не ўсе. Аднак тыя навучэнцы, у якіх сфарміраваны сапраўдны спартыўны характар, маюць усе шансы стаць чэмпіёнамі не толькі рэспубліканскага, але і міжнароднага ўзроўню.
У Валерыя Мікалаевіча на гэты конт свае далёка ідучыя планы. Ён знаходзіцца ў пастаянным пошуку сродкаў для абсталявання прафесіянальнага баксёрскага рынга ў Мсціславе, марыць пра той час, калі ў нашым раёне будуць праходзіць спартыўныя спаборніцтвы па кікбоксінгу і тайскім боксе з прыцягненнем каманд з усёй Беларусі.
Не дасягае мэты толькі той, хто яе не ставіць. У нашым выпадку ў наяўнасці ўсе складнікі поспеху: жаданне, імкненне, вытрымка, напор, неабыякавасць, прафесіяналізм. Менавіта гэтыя якасці забяспечваюць упэўненасць у тым, што наш горад стане яшчэ адным “маяком” усходніх адзінаборстваў у Рэспубліцы Беларусь.

Падчас падрыхтоўкі матэрыялу да друку вучань Мікалай Свядомскі стаў Чалавекам года Мсціслаўскага раёна!

Ала ФАМІНОВА,
намеснік дырэктара
па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 2 Мсціслава.