Са святам, шаноўныя педагогі!

- 11:49Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Урачысты сход, прымеркаваны да Дня настаўніка, прайшоў учора ў Рэспубліканскім палацы прафсаюзаў. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення — начальнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Красачка, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.

У фае і прыгожай зале Палаца прафсаюзаў было шматлюдна. То тут, то там чуліся радасныя воклічы. Настаўнікі, выхавальнікі, педагогі дадатковай адукацыі, начальнікі абласных упраўленняў адукацыі, дэпутаты ўсміхаліся адно аднаму і віншавалі са святам.

Першай на сцэну паднялася Наталля Іванаўна Качанава, якая зачытала віншавальны адрас прэзідэнта нашай краіны Аляксандра Лукашэнкі. Затым намеснік прэм’ер-міністра за плённую творчую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення ўручыла падзякі Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь.

Іх атрымалі настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 1 Гарадка Віцебскай вобласці Наталля Грыбалёва, настаўніца біялогіі гімназіі № 1 Іўя Гродзенскай вобласці Іна Гушча, педагог дадатковай адукацыі Брэсцкага дзяржаўнага абласнога цэнтра маладзёжнай творчасці Ганна Ляўчук, настаўнік матэматыкі Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Вадзім Лабанок.

У сваім святочным звароце Наталля Іванаўна падзякавала педагогам за іх працу, такую няпростую, але вельмі важную і патрэбную для нашай краіны. “Менавіта ад таго, наколькі будзе адукавана і выхавана моладзь, залежыць будучыня нашай краіны”, — адзначыла намеснік прэм’ер-міністра.

Наталля Уладзіміраўна Красачка далучылася да агульных віншаванняў і ўручыла ўзнагароды ад Адміністрацыі прэзідэнта.

Ганаровыя граматы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь атрымалі настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 144 Мінска Людміла Казачонак, настаўнік інфарматыкі полацкай дзяржаўнай гімназіі № 2 Аляксандр Цагельнік, выхавальніца ясляў-сада № 5 Рагачова Ірына Цімашэнка.

Падзякі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі ўручаны настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Слуцка Ганне Бараненка, выхавальніцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва Наталлі Біруковай, загадчыку аддзела спартыўна-тэхнічнага мадэлявання Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Аляксандру Ліпаю, настаўніцы хіміі гімназіі Іванава Але Таболінай.

Пра дзяржаўную значнасць прафесіі педагога гаварыў Вадзім Анатольевіч Богуш. У сваіх віншавальных словах ён адзначыў, што настаўнік — гэта найперш той чалавек, які фарміруе светапогляд дзіцяці. Усім педагогам краіны першы намеснік міністра адукацыі пажадаў плёну і творчасці ў іх няпростай працы, а затым самым выдатным педагогам уручыў значкі “Выдатнік адукацыі”, ганаровыя граматы і граматы Міністэрства адукацыі.

Свае ўзнагароды і шчырыя словы віншавання падрыхтаваў і Цэнтральны камітэт Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, які прадстаўляў яго старшыня Аляксандр Бойка.

Калектыў “Настаўніцкай газеты” таксама далучаецца да віншаванняў з Днём настаўніка і шчыра жадае ўсім педагогам краіны творчасці і аптымізму.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.