Гімназія № 2 Брэста была адкрыта ў 1993 годзе на базе сярэдняй школы № 14, якая мела статус эксперыментальнай пляцоўкі па паступовым пераходзе сярэдняй школы ў гімназію. Сёння гімназія № 2 Брэста — гэта ўстанова адукацыі, кіраўніцтва і педагагічны калектыў якой заўсёды ў пошуках новага і эфектыўнага, таго, што дазваляе крочыць у нагу з часам.
Вучэбны працэс
У гімназіі на чале з Раманам Іванавічам Гранічным сёння вучацца 560 дзяцей 5—11 класаў і створана цэласная сістэма работы з высокаматываванымі навучэнцамі. Галоўная ўмова яе паспяховага функцыянавання — сумесныя намаганні педагогаў, навучэнцаў, бацькоў і выкладчыкаў устаноў вышэйшай адукацыі.
На трэцяй ступені навучання гімназістам прапаноўваюцца наступныя профілі: фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, эканамічны (матэматыка і англійская мова) і філалагічны (руская і англійская мова).
Статус гімназіі падразумявае шырокія магчымасці для развіцця і рэалізацыі творчых здольнасцей адораных навучэнцаў праз дыферэнцыяцыю і індывідуалізацыю адукацыйнага працэсу, гібкасць і варыятыўнасць у выбары форм і метадаў навучання. Прынцыпова важным у навучанні адораных дзяцей з’яўляецца выкарыстанне эфектыўных тэхналогій і методык, якія развіваюць творчую і пошукавую актыўнасць: праблемнага і інтэграванага навучання, праектнай методыкі, тэхналогіі французскіх педагагічных майстэрань, тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, методыкі “Кейс-стадзі”, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і інш.
Пазаўрочная дзейнасць гімназіі ажыццяўляецца па наступных напрамках: вучэбна-пазнавальны, інтэлектуальна-творчы, навукова-даследчы, мастацка-эстэтычны, спартыўны, праектны, у рамках якіх кожны навучэнец можа выбраць для сябе сферу праяўлення і развіцця свайго “Я”. Кожны напрамак мае канкрэтнае напаўненне ў выглядзе факультатыўных і стымулюючых заняткаў, спартыўных секцый, аб’яднанняў па інтарэсах, уключае даследчую працу, алімпіядны рух, гімназічныя праекты, турніры, конкурсы і іншыя пазакласныя мерапрыемствы.
У 5—9 класах гэта дае магчымасць гімназістам паспрабаваць свае сілы ў розных сферах, выбраць тыя, якія стануць прыярытэтнымі. У 10—11 класах навучэнцы свядома выбіраюць шляхі свайго развіцця ў рамках профільнага навучання, і ў сувязі з гэтым ім прапануюцца факультатывы адпаведнай накіраванасці, а таксама стымулюючыя заняткі па падрыхтоўцы да навукова-даследчых канферэнцый і алімпіяд на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі.
— Мы актыўна супрацоўнічаем з Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам імя А.С.Пушкіна, Брэсцкім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам, Палескім аграрна-экалагічным інстытутам НАН Беларусі. Напрыклад, эканамічны факультэт БДТУ праводзіць заняткі эканамічнага гуртка для навучэнцаў 9—11 класаў, якія жадаюць вывучаць асновы эканамічнай тэорыі. На базе гімназіі адкрыты філіял кафедры інфарматыкі і камп’ютарных сістэм, а таксама філіял кафедры геаграфіі і прыродакарыстання Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна з мэтай падрыхтоўкі гімназістаў да ўдзелу ў алімпіядах і матываванага прафесійнага самавызначэння, — паведаміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марына Віктараўна Васько.
Алімпіядны рух і крэатыў
Найважнейшым структурным элементам працы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі з’яўляецца алімпіядны рух, якім ахоплены ўсе навучэнцы з 5 па 11 клас. Па выніках удзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах гімназія № 2 з’яўляецца адным з лідараў у Маскоўскім раёне Брэста. За апошнія 5 гадоў 243 навучэнцы гімназіі сталі пераможцамі другога этапу, 55 навучэнцаў — трэцяга этапу і 7 навучэнцаў — заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Акрамя таго, гімназісты — актыўныя ўдзельнікі і прызёры алімпіяд, якія праводзяцца на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі (з 2011 па 2017 год удастоены 34 дыпломаў), а таксама з’яўляюцца прызёрамі міжнародных алімпіяд па матэматыцы, інфарматыцы і праграмаванні.
З 1996 года ў гімназіі функцыянуе навуковае таварыства вучняў “Юныя даследчыкі”
(“ЮнИс”, кіраўнік Ю.В.Багдасарава). Яго члены — пастаянныя ўдзельнікі і прызёры абласных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый і конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый устаноў вышэйшай адукацыі Брэста. А штогадовыя гімназічныя навукова-практычныя канферэнцыі носяць адкрыты характар, да ўдзелу ў іх запрашаюцца навучэнцы ліцэяў і гімназій Брэста, студэнты брэсцкіх УВА.
Сёлета сваё 10-годдзе адзначыў гімназічны англійскі тэатр Confetti (кіраўнік С.І.Кныш), які развівае творчыя здольнасці і культуру іншамоўных міжасобасных зносін навучэнцаў. За час яго працы было пастаўлена больш за 20 спектакляў паводле твораў вядомых англійскіх пісьменнікаў, ён неаднаразова станавіўся пераможцам раённых і абласных фестываляў тэатральных калектываў на замежнай мове.
Калектыў гімназіі ганарыцца і сваім інтэлектуальна-творчым аб’яднаннем “Адысея розуму” (кіраўнік Т.В.Акульская). Гімназічныя каманды не адзін раз станавіліся прызёрамі адпаведнага конкурсу крэатыўнасці ў Беларусі, Польшчы, Германіі, Венгрыі, Славакіі, ЗША, а ў 2008 годзе аб’яднанне было ўзнагароджана прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Навучэнцы гімназіі ўключаны ў сумесныя міжнародныя інтэрнэт-праекты са школьнікамі Японіі, Аргенціны, Тайваня, Расіі, Славеніі, Тайланда, ЗША, Германіі, Польшчы, Кітая, Фінляндыі і іншых краін свету. З мэтай пашырэння адукацыйнай прасторы гімназіі наладжана міжнароднае супрацоўніцтва з ліцэем № 373 Санкт-Пецярбурга, сярэдняй школай № 33 Смаленска, акадэмічным агульнаадукацыйным ліцэем Цярэспаля (Рэспубліка Польшча).
Шосты дзень у гімназіі
Абсалютна ўсе мерапрыемствы шостага гімназічнага дня разнастайныя па форме і змесце. Субота — выдатная магчымасць, напрыклад, для рэалізацыі навучэнцаў у праектнай дзейнасці. Так, традыцыйным гімназічным конкурсам з’яўляецца фестываль піянерскіх праектаў “Наш атрад вывучае культурную спадчыну беларускага народа”. Піянерам-шасцікласнікам загадзя даецца тэма пошукавай працы, яны збіраюць матэрыял, вывучаюць пэўныя традыцыі і абрады, рыхтуюць абарону сваіх праектаў з выкарыстаннем мультымедыйнай прэзентацыі. Такім чынам, сістэматызуючы матэрыял па зададзенай тэме, юныя гімназісты вывучаюць культуру сваіх продкаў, іх традыцыі і абрады, прадстаўляюць свае работы ў цікавай форме, дзеляцца назапашанымі ведамі з аднагодкамі па прынцыпе “роўны навучае роўнага”.
Стаў традыцыйным і адным з самых любімых гімназічных мерапрыемстваў конкурс “Міс беларусачка”. Кожная ўдзельніца спаборніцтва рыхтуе самапрэзентацыю, пераважна на беларускай мове, вывучае сімвалы роднага краю, шые сучасны касцюм у нацыянальным стылі. Дзяўчаты прыкладаюць усе намаганні, каб зачараваць гасцей мерапрыемства творчымі здольнасцямі. Конкурс па праве лічыцца святам дзіцячай творчасці, нацыянальнай культуры і роднай мовы.
Турнір па лёгкай атлетыцы на прызы алімпійскай чэмпіёнкі Юліі Несцярэнка — гэта не толькі традыцыйнае спартыўнае свята гімназіі, але і крыніца натхнення для ўсіх навучэнцаў. Сустрэчы з Юляй — вядомай спартсменкай, былой навучэнкай гімназіі, нараджаюць у кожнага хлопчыка і дзяўчынкі мару пра тое, што калі-небудзь і яны змогуць дасягнуць небывалых вышынь у сваёй справе і праславіць Беларусь.
Падчас агляду-конкурсу “Хвіліна славы” гімназістам прадастаўляецца магчымасць праявіць свае таленты ў розных творчых кірунках: вакальным, харэаграфічным, інструментальным, сцэнічным майстэрстве, цыркавым мастацтве. Жадаючых паказаць свае здольнасці традыцыйна вельмі шмат (каля 40—50 нумароў).
Гаворачы пра выхаваўчую работу гімназіі, нельга не згадаць нясенне ганаровай Вахты памяці ў Брэсцкай крэпасці. Гэта сапраўдная школа мужнасці для сапраўдных патрыётаў. Членамі мемарыяльнага атрада гімназіі становяцца толькі высокаматываваныя навучэнцы з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Аб высокім узроўні падрыхтоўкі атрада сведчаць традыцыйна высокія балы, атрыманыя за нясенне Вахты памяці ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”.
— Трэба адзначыць, што ў нашай установе адукацыі створаны спрыяльныя ўмовы для развіцця адораных і высокаматываваных навучэнцаў, рэалізацыі іх патэнцыяльных магчымасцей ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці, — дадае намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Марына Віктараўна Васько. — Безумоўна, гэтыя ўмовы будуць удасканальвацца і ў далейшым, карэкціравацца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу, бо гімназія працуе ў рэжыме развіцця.
Марына ПЫРКОВА.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.