“Сагрэем дзіцячыя сэрцы”

- 11:36Спартыўныя падзеі

На Магілёўшчыне падвялі вынікі чацвёртага дабрачыннага марафону. На марафон дабрачыннасці адгукнуліся прадпрыемствы, арганізацыі вобласці, неабыякавыя грамадзяне. Агульнымі намаганнямі за два месяцы ўдалося сабраць амаль 500 млн рублёў.

Як паведаміла дырэктар абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду Ірына Фясюк, большую частку сродкаў сабралі ўжо ў першы дзень падчас дабрачыннага шасцігадзіннага тэлемарафону. Грошы былі затрачаны на канкрэтныя мэты: закупку абсталявання для сенсорнага пакоя ў Вясноўскім доме-інтэрнаце, аддзялення паліятыўнай дапамогі Магілёўскага дома дзіцяці. Рознабаковую спонсарскую дапамогу аказалі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Сродкі былі выдаткаваны таксама на мерапрыемствы, якія адбыліся напярэдадні Новага года. Дзякуючы праекту, у Магілёве прайшлі два вялікія святы, на якіх выхаванцы абласных дзіцячых дамоў і дамоў сямейнага тыпу, спецыяльных школ, інтэрнатаў, цэнтраў карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі атрымалі салодкія падарункі.— Марафон “Сагрэем дзіцячыя сэрцы”, які традыцыйна праходзіў у рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, у чарговы раз паказаў, як шмат сярод нас людзей, здольных на дабрыню і суперажыванне. Усе разам мы зрабілі вялікую справу. Немалаважна і тое, што марафон дасць старт мноству добрых патрэбных спраў на год наперад, — адзначыў у ходзе падвядзення вынікаў намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка.
На ўрачыстым мерапрыемстве самыя актыўныя спонсары і партнёры марафону атрымалі падзячныя дыпломы. Сярод узнагароджаных — упраўленне адукацыі аблвыканкама, Магілёўскі дзяржаўны эканамічны прафесійна-тэхнічны каледж, абласны Цэнтр творчасці, абласны камітэт прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.