Сакрэты перамог на міжнародных алімпіядах па хіміі ведае настаўніца гімназіі №10 Маладзечна Аксана Каляда

- 9:00Главная, Образование

На сваім першым уроку настаўніца хіміі гімназіі № 10 Маладзечна Аксана Каляда паабяцала сабе і вучням, што на занятках яны ніколі не будуць сумаваць і палюбяць прадмет больш, чым яна. Ці могуць перамогі на міжнародных алімпіядах па хіміі, з якімі дзеці штогод вяртаюцца ў гімназію, стаць доказам таго, што педагог выканала абяцанне? Даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Калі вучылася ў школе, Аксана Каляда была лепшай у класе. Таму, як лёгка ёй даваліся ўсе без выключэння прадметы, зайздросці­лі многія аднакласнікі, а настаўнікі ў любы зручны момант нагадвалі, што з такімі бездакорнымі ведамі дзяўчынка можа паступіць куды заўгодна і атрымаць любую прафесію. Але яна не хацела выбіраць, бо дакладна ведала, што хоча стаць настаўніцай.

“Нягледзячы на тое, што ўсе дысцыпліны даваліся вельмі лёгка, больш за ўсё я любіла хімію і біялогію, — успамінае Аксана Віктараўна. — Дома я пастаянна гаварыла пра тое, што мару стаць настаўніцай і ву­чыць дзяцей. Але мама лічыла, што гэта вельмі цяжкая прафесія, і ўгаворвала не пасту­паць у педагагічны інстытут. Яна прыводзіла шмат аргументаў, чаму не варта ісці ў гэтую прафесію. Пасля чарговых угавораў я паабяцала ёй, што не буду паступаць у Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага (сёння БДПУ), а пайду вучыцца ў БДУ, але на біялагічны факультэт. Мне вельмі падабаліся хімія, біялогія і ўсё, што з імі звязана. Таму іншага выбару для сябе не бачыла”.

Алімпіядны рух

Падчас вучобы на біяфаку Аксана Каляда пачала цікавіцца шматлікімі кірункамі хіміі і біялогіі і спадзявалася, што гэтыя захапленні перамогуць над жаданнем настаўнічаць. Але прага да выкладання была настолькі моцнай, што нават усе курсавыя работы, якія пісала студэнтка, былі прысвечаны педагагічнай дзейнасці.

“Пасля заканчэння біялагічнага фа­культэта я працавала ў політэхнічным каледжы з дарослымі дзецьмі, якія ўжо нацэлены на атрыманне пэўнай прафесіі, — працягвае расказваць пра сябе настаўніца. — А мне хацелася займацца менавіта са школьнікамі, якія гэтак жа, як і я, захапляюцца прадметам. А калі не захапляюцца, то мне хацелася іх захапіць ім. Хімія і біялогія — гэта вельмі цікавыя навукі. Я была ўпэўнена, што ў мяне атрымаецца паказаць гэта дзецям. Таму пасля каледжа я прыйшла працаваць у гімназію № 10 Маладзечна і засталася ў ёй”.

У тым, што выбраная прафесія не лёгкая, маладая настаўніца зразумела падчас работы ў школе. Але Аксана Каляда гэтага не спужалася. Яна ведала, чаго хоча сама і чаму хоча навучыць школьнікаў, якія прыходзяць да яе на ўрокі.

“Я сама сабе паабяцала, што на маіх занятках навучэнцы ніколі не будуць сумаваць, ленавацца, — працягвае настаўніца хіміі. — На ўроках у мяне звычайна працуе ўвесь клас. Тым не менш урок стараюся буда­ваць так, каб кожны навучэнец у залежнасці ад сваіх здольнасцей узяў з яго нешта карыснае”.

Моцныя хімікі — аднадумцы Аксаны Каляды. Ім педагог заўсёды прапаноўвае задачы павышанага ўзроўню, пакуль іншыя вучні з яе дапамогай разбіраюць тыя моманты ў тэме, якія засталіся незразумелымі. Дарэчы, сёння работа з адоранымі дзецьмі — любімы кірунак прафесійнай дзейнасці настаўніцы.

Алімпіядным рухам Аксана Віктараўна пачала захапляцца, калі яе старэйшы сын Андрэй, які вучыўся ў іншай гімназіі, рыхтаваўся да алімпіяд. Педагог назірала за тым, як калегі будуюць з ім сваю работу ў гэтым кірунку, як ён сам працуе над заданнямі.

“Калі абмяркоўвала гэта з дырэктарам нашай гімназіі Таццянай Камковай, яна прапанавала далучыцца да алімпіяднай дзейнасці, бо ў нас таксама ёсць вучні, якія цікавяцца хіміяй і біялогіяй і не супраць паспрабаваць сябе ў спаборніцтвах па гэтых прадметах, — успамінае А.Каляда. — Безумоўна, дапамагаць сыну рыхтавацца да алімпіяд па біялогіі і хіміі — гэта адно. Зусім іншая справа, калі ты бярэшся за пад­рыхтоўку сваіх вучняў і пачынаеш ацэньваць кожны свой крок у дачыненні да іх і вынікаў работы”.

Першым алімпіяднікам Аксаны Віктараўны, якога і сёння з гордасцю ўспамінае гімназія, стаў Іван Мамчыц. Настаўніца расказвае, што, калі аднакласнікі пачалі вывучаць хімію, хлопчык хварэў. А калі прыйшоў на ўрок, педагог право­дзіла практычныя заняткі.

“Я пацікавілася ў Вані, ці трэба патлумачыць яму матэрыял, але ён адмовіўся, — расказвае пра свайго першага пераможцу настаўніца хіміі. — На наступны дзень ён прыйшоў да мяне і папрасіў растлумачыць тэму, пазаймацца з ім. Тады я ўжо рыхтавала дзяцей да алімпіяд і далучыла Ваню да старэйшых вучняў. Спачатку ён проста слухаў, а пасля спытаў, што трэба пачытаць, каб ва ўсім разабрацца. Я параіла для пачатку выправіць дрэнныя адзнакі”.

Сказана — зроблена. Літаральна некалькі ўрокаў — і Ваня ўжо быў адным з лепшых хімікаў у класе. А праз год апярэджваў аднакласнікаў у ведах па прад­меце.

“Падчас урокаў я давала гэтаму навучэнцу многа творчых заданняў, каб ён не сумаваў, — зазначае А.Каляда. — У 9 класе Ваня ўжо ездзіў на хімічны факультэт БДУ да выкладчыка Аляксандра Падцяроба, працаваў над шматлікімі эксперы­ментамі”.

На 51-й Міжнароднай хімічнай алімпіядзе школьнікаў IСhO-2019, якая праходзіла ў Парыжы, каманду краіны прадстаўлялі чацвёра адзінаццацікласнікаў, сярод якіх быў ужо выпускнік гімназіі № 10 Маладзечна Іван Мамчыц. Дадому з прэстыжнага спаборніцтва хлопец вярнуўся з бронзавым медалём.

Усюды — адна хімія

За час работы ў школе настаўніца выпрацавала свой падыход і бачанне сістэмы выкладання. Аксана Каляда прызнаецца, што спачатку ёй было цяжка з вучнямі рознага ўзроўню, але з вопытам прыйшло разуменне таго, як будаваць работу ў профільнай групе і як тлумачыць матэрыял тым дзецям, для якіх хімія — проста ўрок, а не мэта і захапленне.

“Я працую ў звычайных класах, дзе хімія не вывучаецца на паглыбленым узроўні, а таксама ў профільных класах і з алімпіяднікамі, праводжу індывідуальныя заняткі, а гэта значыць, што ў кожным выпадку прымяняю розныя метады выкладання”, — канстатуе педагог.

Поспех навучэнца ў многім залежыць ад настаўніка. Разумеючы гэта, Аксана Каляда дакладна вызначае, да чаго імкнецца сама і да якога выніку хоча прывесці кожнага вучня. У рабоце з алімпіяднікамі педагог ставіць сабе мэту, каб яны паступілі, — для іх гэта адна з першачарговых задач.

“Мне важна, каб навучэнцы не расчараваліся ў маёй прафесіі, — прызнаецца настаўніца хіміі. — І я ганаруся імі, бо, выбіраючы хімію, яны ідуць па маім шляху. А раптам яны будуць педагогамі? Калі працую ў профільным класе, то таксама раблю ўсё, што ад мяне залежыць, каб дзеці паспяхова здалі ЦТ і сталі студэнтамі тых УВА, якія выбралі. Калі гаварыць пра выкладанне ў звычайным класе, то я павінна растлумачыць дзецям, чаму і навошта вывучаюць хімію ў межах школьнай праграмы. Я павінна ім паказаць, што хімія патрэбна і што яна паўсюль”.

Самая адказная і напружаная пара для настаўніцы і вучняў — гэта падрыхтоўка да алімпіяд. Каб прарашаць задачы мінулых гадоў і паўтарыць усе доследы, навучэнцы займаюцца хіміяй увесь дзень у школе і бяруць заданні дадому.

“Матываваныя дзеці заўсёды спачатку спрабуюць рабіць усё самастойна, адмаўляюцца ад дапамогі, — дзеліцца назіраннямі педагог. — Нават калі бачу, што яны самі не могуць рашыць пэўнае заданне, даю магчымасць спрабаваць столькі, колькі яны хочуць. Калі вучні ўжо разумеюць, што ім патрэбна дапамога, то просяць паказаць, дзе і што пайшло не так”.

Як у класе заўважыць будучых Мен­дзялеевых? Яны самі паказваюць сябе Аксане Віктараўне.

“Заўсёды бачу, калі навучэнец выканаў заданні і сядзіць, сумуе, тады прапаноўваю яму дадатковыя задачы, — зазначае настаўніца. — Безумоўна, ён згаджаецца і з цікавасцю іх выконвае. Каб праверыць, ці ўсё зроблена правільна, прашу прыйсці на індывідуальныя дадатковыя заняткі. З гэтага для многіх усё і пачынаецца. А здараецца нават так, што дзеці самі прыхо­дзяць і гавораць, што хочуць займацца хіміяй і быць падобнымі да Вані Мамчыца ці Мацвея Навасёлава, які некалькі гадоў назад перамог у Міжнароднай Мендзя­лееўскай алімпіядзе”.

Калі першапачаткова настаўніца не бачыць у вучнях задаткаў да заняткаў хіміяй, але яны вельмі хочуць паглыбіцца ў навуку, Аксана Віктараўна спрабуе разабрацца, чаму ў іх па прадмеце адны шасцёркі ці сямёркі. Усё банальна проста: дзеці лянуюцца вучыць. Калі да Аксаны Каляды 4 гады назад прыйшоў навучэнец 8 класа Аляксандр Шарайчук і сказаў, што хоча вучыць хімію, педагог параіла яму выправіць шасцёркі, а пасля паглыб­лена займацца прадметам.

Сёлета Саша Шарайчук стаў сярэбраным прызёрам 57-й Міжнароднай Мен­дзялееўскай алімпіяды школьнікаў па хіміі і сярэбраным прызёрам 55-й Міжнароднай хімічнай алімпіяды (IChO-2023), якая праходзіла ў Швейцарыі, і паступіў на факультэт фундаментальнай хіміі БДУ. Дарэчы, гімназію хлопец скончыў з сярэднім балам 9,8. Калі б не Аксана Віктараўна, то ўсё калісьці магла сапсаваць хімія.

“Я ніколі не ставіла сваім дзецям мэту перамагаць, — прызнаецца настаўніца, — тым больш для навучэнцаў 11 класа, якія і самі разумеюць, што для іх гэта важна. Саша Шарайчук дакладна ведаў, чаго хоча. Калі быў у 8 класе, ён выбіраў паміж хіміяй і матэматыкай, вырашаў, якому з гэтых прадметаў аддаць перавагу”.

Два сярэбраныя медалі сёлета прывёз у гімназію № 10 яшчэ адзін навучэнец Аксаны Каляды адзінаццацікласнік Павел Батура. На 57-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіядзе школьнікаў па хіміі, а таксама на Міжнароднай алімпіядзе па хіміі імя Абу аль-Біруні Павел даказаў усяму свету, што лепшых юных Мендзялеевых рыхтуюць менавіта ў Маладзечне.

“Сёлета мае вучні нас вельмі здзівілі, прывёзшы ў гімназію 4 сярэбраныя ўзнагароды, — з гордасцю адзначае Аксана Каляда. — Да гэтага ў нас было па адной міжнароднай узнагародзе ў год. А сёлета — сярэбраны бум. Я вельмі ганаруся сваімі таленавітымі дзецьмі і рада іх перамогам”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА