У сярэдняй школе № 4 Шклова ведаюць, як цікава і насычана арганізаваць для навучэнцаў суботні дзень. Распрацаваны педагагічным калектывам установы праект “САМ у шосты” быў прызнаны адным з лепшых на заключным этапе рэспубліканскага конкурсу па арганізацыі шостага школьнага дня.
Як расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Кужалькова, назва праекта даволі сімвалічная. Абрэвіятура САМ расшыфроўваецца як “Саюз актыўнай моладзі”.
— У гэтым і заключаецца ўся сутнасць суботы ў нашай школе. Ідэяй праекта было стварэнне ў шосты школьны дзень атмасферы супрацоўніцтва, садружнасці і сутворчасці, умоў для самарэалізацыі маладых людзей, якія будуць спрыяць іх асобаснаму станаўленню. Праект пачаў рэалізоўвацца з 2015 года, абвешчанага тады Годам моладзі. Мы прыйшлі да пэўнай канцэпцыі, якая прадугледжвае прыцягненне нашага “Саюза актыўнай моладзі” да планавання вольнага часу і арганізацыі сацыяльна значных праектаў, якія б павышалі прэстыж вучнёўскага самакіравання. Па словах прэзідэнта, нам патрэбна дзейная, мэтанакіраваная моладзь. А дзе, як не ў школе, гадаваць добрых кіраўнікоў, якія ўмею ць размяркоўваць абавязкі і даручэнні, арганізоўваць грамадскія і працоўныя калектыўныя справы? Наш педагагічны калектыў перакананы, што магчымасці шостага школьнага дня ў гэтым плане бязмежныя. Субота ў нашай школе — гэта час, калі ўсе ініцыятывы і ідэі навучэнцаў падтрымліваюцца і ўвасабляюцца, — адзначыла Алена Аляксандраўна.
Паводле яе слоў, зараз у школе функцыянуюць 9 тэматычных блокаў: лідарскі, грамадзянска-патрыятычны, здароўезберагальны, інтэлектуальны, экалагічны, валанцёрскі, прафарыентацыйны, творчы, сацыяльна-інфармацыйны. Мэта ва ўсіх адна — выхаванне ўпэўненых у сабе асоб, стварэнне мадэлі кансалідацыі навучэнцаў школы паміж сабой і з раённымі грамадскімі арганізацыямі. Спектр правядзення пазаўрочнага часу шырокі, таму кожны вучань можа выбраць той кірунак, у якім можа і хоча праявіць сябе.
— Аснова рэалізацыі работы “Саюза актыўнай моладзі” школы — сістэма дзелавых і выхаваўчых гульняў. Важнае месца сярод форм работы займаюць калектыўныя творчыя справы, трэнінгі, майстар-класы спецыялістаў, ток-шоу, дыскусіі і дэбаты, філасофскія гутаркі, правядзенне сацыяльных акцый. Такая актыўная дзейнасць дапамагае нам выконваць дзяржаўную задачу — выхоўваць годных грамадзян, — падкрэсліла Алена Кужалькова.
Адметна, што перамогай у рэспубліканскім конкурсе рэалізацыя праекта “САМ у шосты” не заканчваецца. У планах педагагічнага калектыву — напоўніць шосты школьны дзень новымі мерапрыемствамі. Суботы ў чацвёртай шклоўскай школе, як і раней, будуць насычаны падзеямі, застаючыся для навучэнцаў часам, які можна правесці цікава, весела і з карысцю.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.