Самае галоўнае свята

Заспявалі разам легендарную “Кацюшу” выхаванцы і бацькі, супрацоўнікі ясляў-сада № 1 Гродна на ўрачыстым ранішніку, прысвечаным Дню Перамогі.

— Рыхтаваліся да гэтага ранішніка вельмі адказна, таму што запрасілі на яго ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Сямёна Майсеевіча Сафонава, — расказвае намеснік загадчыка ясляў-сада Людміла Высоцкая. — Мы вельмі хацелі, каб нашы дзеці сустрэліся з ветэранам, пачулі яго расказ аб вайне. Няўмольны час аддаляе ад тых гераічных і трагічных падзей, таму вельмі важна захоўваць памяць і павагу да людзей, якія прынеслі нам перамогу, вучыць дзяцей з ранняга дзяцінства ганарыцца сваёй гісторыяй, ведаць яе.

Дзеці вывучылі вершы і песні ваенных часоў, у тэатралізаванай пастаноўцы паказалі гераічных салдат вайны, а вядучыя ранішніка расказалі пра гарады-героі.

— Меладычныя песні 40-х гадоў дзеці вывучылі лёгка і з вялікім задавальненнем іх спявалі, — расказвае музычны кіраўнік Наталля Рудзік. — У арганізацыі канцэртных нумароў актыўна ўдзельнічалі бацькі: шылі касцюмы, дапамагалі ў стварэнні ваенных вобразаў. Адгукнуліся яны і на запрашэнне прыняць удзел у ранішніку.

Сямён Майсеевіч Сафонаў падзякаваў за запрашэнне і расказаў дзецям аб сваім баявым шляху, які ён завяршыў ва Усходняй Прусіі, а ў канцы ранішніка пачаставаў усіх дзетак цукеркамі. Дашкольнікі падарылі госцю кветкі, а супрацоўнікі ясляў-сада — падарунак ад свайго калектыву.

— Мы вельмі ўдзячны Сямёну Майсеевічу, — гаворыць Людміла Высоцкая. — Спадзяёмся, што наша сяброўства працягнецца і ён будзе заўсёды жаданым госцем у нашай установе.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.