Пераможцаў Х Рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” вызначылі ў Глыбокім Віцебскай вобласці. Праект “вярнуўся дадому”. Менавіта ў Глыбокім прыдумалі і правялі першы конкурс сярод маладых сельскіх сем’яў. Ён меў вялікі грамадскі рэзананс і праз год выйшаў на рэспубліканскі ўзровень. За дзесяць гадоў конкурс аб’яднаў тысячы маладых сем’яў, што жывуць і працуюць на вёсцы.
У розныя гады фіналістаў конкурсу віталі Віцебшчына, Гомельшчына, Гродзеншчына, Магілёўшчына, неаднаразова Міншчына і Мінск. У юбілейны год арганізатары — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, ААТ “Белаграпрамбанк”, Беларускага саюза жанчын, Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі і Віцебскага аблвыканкама — зрабілі фінальны прыпынак спаборніцтва на яго гістарычнай радзіме. Праект накіраваны на садзейнічанне замацаванню маладых сем’яў на сяле, падняццю прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій, умацаванню інстытута сям’і, адраджэнню працоўных дынастый, папулярызацыі традыцый беларускай вёскі, фарміраванню здаровага ладу жыцця ў маладзёжным асяроддзі. Толькі сёлета ў раённым, абласным і рэспубліканскім этапах конкурсу прынялі ўдзел амаль 500 сямейных каманд.
Цэнтральная плошча Глыбокага ў дзень конкурсу ператварылася ў вялікі майстар-клас. Уладары сяла пастараліся прадэманстраваць журы і гасцям свята ўсе свае навыкі ў вядзенні гаспадаркі. Фіналісты ярка і дасціпна прадстаўлялі свае сем’і ў візітоўках “Вітаем па-беларуску”, творча прэзентавалі выставы дасягненняў сямейных гаспадарак, спрытна пілавалі, секлі і складалі дровы, запрагалі і распрагалі каня, лавілі рыбу, завіхаліся ў імправізаваным птушніку. А пасля спартыўных і творчых надышла пара самага смачнага спаборніцтва. Усе жадаючыя маглі пакаштаваць згатаваныя гаспадарамі прысмакі, з якіх найбольшай папулярнасцю карысталіся, безумоўна, выпечаныя па арыгінальных сямейных рэцэптах на драўлянай калодзе дранікі. Журы ацэньвала падворкі, дасягненні сямейнай гаспадаркі, майстэрства і спрыт удзельнікаў. Сярод ганаровых гасцей юбілейнага конкурсу былі сем’і Герасімёнак і Адамовіч — пераможцы першага, тады яшчэ раённага, і мінулагодняга конкурсаў. Дарэчы, апошнія два гады пераможны п’едэстал займаюць сем’і з Віцебшчыны. А зараз Юлія і Сяргей Адамовічы з Бешанковіцкага раёна сталі ўдзельнікамі беларускай дэлегацыі ў Сочы, дзе яны прадставяць нашу краіну на XIX Сусветным фестывалі моладзі і студэнтаў.
Пераможцамі Х Рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла” і ўладальнікамі галоўнага прыза, мотаблока, стала сям’я Літвінаў з Мінскай вобласці. На другім месцы — сям’я Давыдавых з Гомельскай, на трэцім — мнагадзетная сям’я Молакавых з Віцебскай вобласці. Усе ўдзельнікі фіналу атрымалі ў падарунак грашовыя прызы ў памеры 80 базавых велічынь, а таксама электрычныя трымеры для догляду сельскага газона.
Уладзімір, Вікторыя і Вераніка Літвіны жывуць у вёсцы Лешні Капыльскага раёна. Гаспадар працуе будаўніком, яго жонка кіруе справамі Семежаўскага сельвыканкама. Дзесяцігадовая Вераніка радуе бацькоў творчымі дасягненнямі: актыўна ўдзельнічае ў раённых і абласных конкурсах, наведвае заняткі “Школы ткачоў” у мясцовым цэнтры ткацтва. На падворку Літвінаў — конь з жарабём, карова з цялушкай і трыма бычкамі, свінні, птушка. Немалую гаспадарку даглядаюць разам усёй сям’ёй — сапраўдныя ўладары сяла. Нядзіўна, што менавіта гэтая каманда найлепш справілася з усімі конкурснымі выпрабаваннямі. А галоўны сакрэт сямейнага ладу і дабрабыту, па прызнанні Літвінаў, — узаемныя павага, пашана, давер. І каханне — без яго не бывае шчаслівай сям’і.
— Сям’я — гэта самае важнае ў жыцці чалавека, без сям’і немагчыма быць шчаслівымі, — у адзін голас сцвярджаюць уладары сяла 2017 года. І з імі нельга не пагадзіцца.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена аддзелам адукацыі, спорту і турызму Глыбоцкага райвыканкама.