Самая важная ўзнагарода

У чацвер у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшла традыцыйная сустрэча кіраўніцтва Міністэрства адукацыі і профільнага прафсаюза з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны і працы. Адных толькі ўсмешак тым, хто набліжаў Перамогу, была падорана не адна сотня. А слоў падзякі, пажаданняў моцнага здароўя, даўгалецця і таго больш — некалькі тысяч.

На жаль, час няўмольны. Кожная такая сустрэча ўсё больш аддаляе ад нас пераможны май 1945-га, і таму шчырыя ўсмешкі, добрыя словы, дапамога ветэранам у бытавых пытаннях з кожным годам набываюць асаблівую каштоўнасць. Увага — вось самая галоўная, самая важная ўзнагарода, якую ў мірны час могуць атрымаць удзельнікі Вялікай Айчыннай. Акрамя ўсмешак і слоў падзякі ад нашчадкаў Перамогі, у гэты дзень гучалі і ўспаміны салдат Перамогі: пра аднапалчан, з якімі даводзілася дзяліць ваенныя нягоды; пра калег, з якімі быў пройдзены складаны і адказны педагагічны шлях; пра навучэнцаў, якім ветэраны далі пуцёўку ў дарослае жыццё. Гаварылася пра недапушчэнне войнаў, важнасць міру, а таксама сямейнага выхавання як асновы шчаслівага грамадства.

— Заўсёды прыемна бачыць вашы радасныя твары. Яшчэ прыемна, калі сустракаешся з сучаснай моладдзю і на пытанне, якое галоўнае свята нашага народа, яны адказваюць: 9 Мая — Дзень Перамогі. Гэта сведчыць пра тое, што ў нас паспяхова вядзецца выхаваўчая работа. Нядаўна ў Бруселі праходзіла нарада міністраў адукацыі краін Еўропы, і было прыемна чуць пахвальныя словы ў адрас Беларусі за тое, што ў нас адукацыя — гэта не толькі веды, але і выхаванне. Дарэчы, у камюніке па выніках нарады было адзначана: галоўнай мэтай адукацыі ў еўрапейскіх краінах павінна быць не толькі атрыманне прафесійных ведаў і навыкаў, але і выхаванне. Гэта тое, пра што мы заўсёды гаворым. Гэта шлях, з якога мы не звярнулі. Яшчэ раз жадаю вам моцнага здароўя, каб ваша жыццё працякала лёгка, спакойна і добра, каб наша моладзь заўсёды вас шанавала, памятала пра ваш подзвіг, каб на нашай зямлі ніколі не было вайны, — звярнуўся да ветэранаў міністр адукацыі Міхаіл Анатольевіч Жураўкоў.

Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Аляксандравіч Бойка ў сваім слове да ветэранаў адзначыў: “Вы шмат пішаце: вершы, мемуары, успаміны. Пра вас пішуць яшчэ часцей. Таму, лічым, добрым падарункам для вас стане спецыяльны зборнік вершаў і песень пра вайну”. Вершы пра вайну, песні пра шчаслівае мірнае дзяцінства гучалі ў гэты дзень і ў выкананні творчых калектываў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і сталі выдатным падарункам да Дня Перамогі.

Увага — самая галоўная, самая важная ўзнагарода для герояў. Час няўмольны, але няхай ён не ўладарыць над вамі. Жывіце доўга, дарагія ветэраны!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *